“Калі я пішу песні, звычайна думаю на матчынай мове”

Гурт “Нейра Дзюбель” стаў уладальнікам “Рок-кароны-2007”Даўганогі і крыху няскладны, коратка стрыжаны, з самотным позіркам зялёных вачэй. Просценька апрануты — танны пінжак на шэры джэмпер і недарагія туфлі... Сціплы і інтэлігентны за кулісамі, ён на сцэне становіцца непазнавальным. Размахвае стойкай ад мікрафона і раптам падае на падлогу, прытанцоўвае неяк незвычайна — то скача, то круціць-трасе галавой, нібы прыслухоўваецца, што там кажуць у зале. Такі вось цікавы ў нас рок-кароль.

У мінулую пятніцу гурт “Нейра Дзюбель” у другі раз стаў пераможцам “Рок-каранацыі”. Упершыню галоўная рокерская карона Беларусі красавалася на брытай галаве Аляксандра Кулінковіча дзевяць год таму. Каранаваў яго тады Уладзімір Мулявін.
“Каранацыя” гэтага года стартавала без раскачкі. Раней за вядучых — музыканта Аляксандра Памідорава і журналісткі Машы Яр — на сцэне з’явіўся гурт “НРМ”  і выканаў дзве песні са свайго апошняга альбома “06”. Прычым другую кампазіцыю — “Мама, тата, гэта я” —  энэрэмаўцы праспявалі разам са сваімі дзецьмі.
Яшчэ напярэдадні фестывалю стала вядома, што “НРМ” у гэтым годзе не атрымае галоўнай кароны, хаця яны і выпусцілі даволі моцны альбом. Тым не менш лідэр гурта Лявон Вольскі, які таксама з’яўляецца стваральнікам праекта “Крамбамбуля”, быў абраны праз інтэрнэт-галасаванне “Выканаўцам года”.
Акрамя “НРМ” на сцэну выходзілі і другія генералы беларускага року — “Крама”, “Палац”. Праўда, ніякіх узнагарод яны не атрымалі. З “Ляпісам Трубяцкім” усё выйшла наадварот. Прыехаць на цырымонію музыканты не змаглі, затое сталі пераможцам адразу ў дзвюх намінацыях — “Песня года” (“Капітал”) і “Кліп года” (на тую ж песню). “Праектам года” былі прызнаны “Калыханкі” Дзмітрыя Вайцюшкевіча.
Моладзь на “Рок-каранацыі” была прадстаўлена не менш багата, чым ветэраны.
“Адкрыццём года” стаў гурт “Дзецідзяцей”, саліст-кай якога з’яўляецца актрыса тэатра ім. Янкі Купалы Ганна Хітрык. У намінацыі “Традыцыі і сучаснасць” перамаглі маладыя музыканты з “Осіміра”. “Фляўс і Кляйн” быў прызнаны “Прарывам года”, а салістка гурта “Тарпач” Вольга Самусік — “Рок-князёўнай”.
Наперадзе заставалася  галоўная намінацыя і галоўная інтрыга: “Ляпіс Трубяцкі” ці “Нейра Дзюбель”? Зала патрабавала аддаць галоўную карону “дзюбелям”. Што ж, журы таксама прытрымлівалася гэтай думкі.
— Проста быць сціплым, калі ведаеш, што ты лепшы, — з хітрай усмешкай пракаменціраваў поспех свайго гурта Аляксандр Кулінковіч. — Канешне, перамога мяне ўзрадавала. Але мне было б непрыемна атрымаць карону года, калі б зала падтрымала нейкі іншы калектыў. На гэты раз меркаванні гледачоў і журы супалі, і гэта вельмі прыемна. Мы — ніхто без людзей, якія нас слухаюць і любяць.
— У альбоме “Штазі” шмат беларускамоўных песень...
— Недзе працэнтаў семдзесят. Але, на мой погляд, іх павінна быць больш. Калі я пішу песні, звычайна думаю на матчынай мове. Мне гэта падабаецца. Паўтару фразу, якую мне сказаў мой сябра, грамадзянін Ізраіля: “Свой дом трэба будаваць толькі са сваіх цаглін. Можна пабудаваць з чужых, але рана ці позна іх забяруць”. Адной з цаглін нашага дома з’яўляецца беларуская мова.
— Сярод прыхільнікаў “НД” пераважае моладзь?
— апошнім часам падлеткаў сярод нашых слухачоў становіцца ўсё менш, і мне, шчыра кажучы, шкада. “Нейра Дзюбель” нясе станоўчыя эмоцыі, не вучыць дурному. Усе нашы песні пра каханне. Пра каханне да жанчыны, да радзімы...
— Як вам удалося так узрушыць залу, што людзі паўскоквалі са сваіх месцаў?
— У мяне ёсць пэўны вопыт выступленняў, і я для сябе зразумеў — на сцэне трэба працаваць энергетычна. Каб слухачы, прыходзячы на нашыя канцэрты, атрымоўвалі пэўны зарад энергіі — так і ім добра, і нам. Мы ж працуем толькі для таго, каб несці людзям радасць. І калі мы камусьці зрабілі прыемнае, то і нам прыемна.

 Дарэчы

Наступная “Рок-каранацыя” пройдзе ў Тэатры оперы і балета.
— Гэтая самая лепшая “карона”, — выказаў сваю думку пасля заканчэння цырымоніі стваральнік “Рок-каранацыі” Юрый Цыбін. — Усё сышлося — і арганізавалі добра, і канцэрт прайшоў на ўзроўні, і прызы атрымалі тыя выканаўцы, якія павінны былі іх атрымаць. У наступным годзе, калі Бог дапаможа, мы наладзім “Рок-каранацыю” ў нашым оперным тэатры. Рокеры выйдуць на сцэну ў смокінгах і ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра. Я мару пра гэта ўжо дзесяць год.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter