Калі справа па розуме

Двайны партрэт
Расійскі вучоны выглядае прыкладна так: мужчына з вышэйшай адукацыяй, 47 гадоў, кандыдат навук. Займаецца прыродазнаўчанавуковымі або тэхнічнымі даследаваннямі ў дзяржсектары.



Непасрэдна навуковых супрацоўнікаў у краіне налічваецца каля 546 тысяч. Амаль 56 працэнтаў з іх — гэта мужчыны. Заўважым, што не ўсе навуковыя супрацоўнікі маюць вышэйшую адукацыю. Такіх крыху больш за 70 працэнтаў. У астатніх — сярэдняя прафесійная або сярэдняя агульная адукацыя. Малодшы навуковы персанал займае пасады лабарантаў і да т.п. Гэта, як правіла, студэнты або ўчарашнія школьнікі, якія не паступілі адразу ў ВНУ. Зразумела, не яны робяць навуку. Галоўныя дзеючыя асобы тут — дактары і асабліва кандыдаты навук. Першыя — мозг навукі, другія — “рабочыя конікі”. У цэлым па краіне дактары сярод усіх даследчыкаў складаюць крыху больш за 9 працэнтаў, кандыдаты — больш за чвэрць усіх навукоўцаў. Сярэдні ўзрост усіх даследчыкаў — 47 гадоў, кандыдатаў — 51 год, дактароў — 63 гады.



Больш як палова даследчыкаў працуюць у тэхнічных галінах навукі, а таксама ў прыродазнаўчанавуковых (29 працэнтаў). Найменш папулярныя сёння гуманітарныя і сельскагаспадарчыя галіны ведаў — на іх прыпадае па 4 з нечым працэнты навукоўцаў.

Асаблівая катэгорыя — малады навуковец. У РАН пад гэтым тэрмінам маецца на ўвазе спецыяліст ва ўзросце да 39 гадоў. Гэта істотная частка расійскага навуковага патэнцыялу — амаль 36 працэнтаў усіх даследчыкаў. Дактароў сярод іх яшчэ мала — 2,6 працэнта ад усіх дактароў навук, а вось кандыдатаў — ужо салідная частка — амаль 30 працэнтаў. І калі ў 90-я гады колькасць маладых навукоўцаў няўхільна падала — нехта проста не хацеў ісці ў навуку, нехта паехаў за мяжу, то ў апошнія гады пайшоў адваротны працэс. Дзяржава робіць актыўныя дзеянні для павышэння прэстыжу навуковай работы, вяртання “мазгоў”. Гэта, у прыватнасці, льготнае іпатэчнае крэ­дытаванне, бясплатнае выдзяленне зямлі пад жыллёвае будаўніцтва. У новасібірскім Акадэмгарадку, напрыклад, будуецца цэлы пасёлак для маладых навукоўцаў. Сур’ёзныя перамены за апошнія 10 гадоў адбыліся і ў матэрыяльным становішчы навукоўцаў. Сёння іх сярэдняя зарплата складае 43 907 рублёў, што на трэць больш, чым сярэдняя зарплата ў цэлым па эканоміцы краіны. У 19 рэгіёнах зарплата перавышае сярэднерасійскую.



Навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі ў Беларусі заняты больш за 27 тысяч чалавек, пры­чым непасрэдна даследчую работу выконваюць 17 тысяч (40 працэнтаў з іх — жанчыны), астатнія — гэта тэхнікі і дапаможны персанал.

Кожны пяты даследчык мае навуковую ступень, а кожны чацвёрты адносіцца да кагорты маладых навукоўцаў. Паводле падлікаў Белстата, у 2015 годзе намінальная налічаная зарплата даследчыкаў і распрацоўшчыкаў была роўная 8 мільёнам 818 тысячам рублёў (па цяперашнім курсе гэта крыху больш за 31 тысячу расійскіх рублёў), што ў цэлым вышэй, чым сярэдняя зарплата па краіне — 6 мільёнаў 719 тысяч. Аднак у навуковай сферы існуе вялікая разбежка ў даходах у залежнасці ад досведу, таленту і сферы занятасці.



Самая грашовая галіна — IT, дзе можна зарабіць і некалькі дзясяткаў мільёнаў беларускіх рублёў, а вось акадэмічныя арганізацыі прапаноўваюць куды больш сціплыя сумы. У агульнарэспубліканскім банку вакансій сустракаюцца прапановы для малодшых навуковых супрацоўнікаў на 2,5-3,5 мільёна беларускіх рублёў, а галоўных навуковых супрацоўнікаў са ступенню доктара і вядучых з кандыдацкай ступенню шукаюць на зарплату ад 3,3 да 5 мільёнаў рублёў. Пры гэтым дзейнічаюць павышаючыя каэфіцыенты, прадугледжаныя даплаты за стаж работы, яе складанасць, навуковую ступень, ёсць прэміі. Частка сродкаў, пазабюджэтных, зарабляецца па кантрактах, у тым ліку і з замежнымі арганізацыямі. Для таленавітых маладых навукоўцаў і аспірантаў у Беларусі заснаваны прэзідэнцкія стыпендыі, якія на конкурснай аснове прызначаюцца на год і могуць быць супастаўныя з зарплатай. Напрыклад, сёлета іх атрымліваюць 82 аспіранты.



Два гады назад па ініцыятыве акадэміка РАН Жарэса Алфёрава ў НАН Беларусі заснавана прэмія для маладых беларускіх навукоўцаў, эквівалентная 2,5 тысячам долараў. У мінулым годзе яе атрымаў загадчык лабараторыі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі, кандыдат хімічных навук Андрэй Іванец — за ўнікальныя матэрыялы для ачысткі вады.

Вырашаецца, хоць і не хутка, кватэрнае пытанне. Напрыклад, год назад 186 сем’яў, у асноўным маладых, атрымалі кватэры ў квартале арэндных дамоў “Магістр”.

Таццяна Смальякова,

Юлія Васілішына

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter