Калі Селена спіць...

Як выкарыстоўвалі час адсутнасці месяца на небасхіле нашы продкі?

Як выкарыстоўвалі час адсутнасці месяца на небасхіле нашы продкі?

Калі разглядаць гаспадарчую ці магічна-абрадавую дзейнасць чалавека ў дачыненні да фаз месяца, то неабходна падкрэсліць, што тут  дамініраваў фундаментальны прынцып народнай культуры “падобнае выклікае падобнае”: адсутнасць свяціла ў начным небе, г.зн. “касмічная пустэча” магла справакаваць “пустэчу” як у жыцці, так і ў любой дзейнасці чалавека. Адна з назваў гэтай фазы месяца, якая прыжылася на Палессі, “пустыя дні”. Адсюль узнікла шмат прадказанняў і папераджальных правіл народнай культуры наконт выканання нейкай працы, або, наадварот, парада перачакаць гэты няпросты час.

  • У народным асяроддзі лічылася, што чалавек ці жывёла, зачатыя ў “межы”, не будуць жыць доўга. У такі час ніколі не вадзілі карову на злучку, не саджалі квактуху на яйкі і г.д.
  • Паўсюдна лічылі, што кураняты, вылупленыя “на межах”, будуць няўдалымі.
  • “На межах” ніколі не спраўлялі вяселле: засцерагаліся, каб не застацца бяздзетнымі. Яшчэ раз нагадваем: самым удалым часам для вяселля лічылі маладзіковую фазу, максімальна набліжаную да поўні.
  • “На межах” ніколі не пачыналі ніякіх спраў, скіраваных на прадаўжэнне роду, паляпшэнне дабрабыту (закладзіны новай хаты, лазні, хлява і г.д.). Ніколі нічога не саджалі і не сеялі, лічылі, што тады і каласы будуць “пустымі”.
  • Выключэннем з’яўлялася пасадка бульбы: адсутнасць месяца на небе лічылася самым спрыяльным часам для яе пасадкі. Нашы продкі параўноўвалі пасадку бульбы з пахаваннем, а для гэтага невыпадкова, а мэтанакіравана  выбіралі “межы”.
  • “Межы”, або “касмічную пустату” ўдала выкарыстоўвалі тады, калі жадалі што-небудзь знішчыць, ліквідаваць, парушыць. Так, “на межах” пасынкавалі памідоры, падразалі дрэвы і кусты, знішчалі пустазелле.
  • Гэты ж час выкарыстоўвалі для выканання магічных дзеянняў, скіраваных на знішчэнне скураных захворванняў: бародавак, мазалёў, лішаёў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter