Кахаць – вялікая праца

Чаго каштавала добрасумленнаму сем’яніну і шматдзетнаму бацьку Паўлу Харланчуку-Южакову сыграць спакушальнага Дон Жуана, а інтэлектуалцы Ганне Хітрык — наіўную прасцячку

Чаго каштавала добрасумленнаму сем’яніну і шматдзетнаму бацьку Паўлу Харланчуку-Южакову сыграць спакушальнага Дон Жуана, а інтэлектуалцы Ганне Хітрык — наіўную прасцячку

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася чарговая прэм’ера. На гэты раз тут “замахнуліся” на майстра класічнай камедыі Жана-Баціста Мальера. Увасобіць на беларускай сцэне яго знакамітага “Дон Жуана” ўзяліся пецярбургскі рэжысёр-пастаноўшчык Анатоль Праўдзін, знакаміты расійскі тэатральны мастак Аляксей Парай-Кошыц і беларуская мастачка Валянціна Праўдзіна.

А ў выніку — пекла

Калі раптам хто лічыць, што твор, напісаны 350 гадоў таму, аджыў сваё і для сучаснага тэатра не падыходзіць, то моцна памыляецца. Нездарма артыстаў апранулі ў сучасную вопратку — да прыкладу, світа  Дон Жуана паўстае перад гледачамі ў модных скураных куртках і берцах. Аўтары спектакля нібы намякаюць: Дон Жуаны былі, ёсць і будуць.

У аснову п’есы Мальер паклаў іспанскую легенду аб прафесійным спакушальніку жанчын, які грэбуе божымі і чалавечымі законамі. Дон Жуан выракаецца ўсіх асноваў, на якіх грунтуецца добрапрыстойнае грамадства. Ён пазбаўлены сыноўскіх пачуццяў, здзекуецца з мяшчанскай дабрадзейнасці, спакушае і падманвае жанчын, тыраніць слугу, не плаціць пазык, блюзнерыць, хлусіць і крывадушнічае. Пры ўсім пры гэтым Дон Жуан досыць прывабны, дасціпны і адважны, аднак яго заганы бяруць верх і ў выніку вядуць палымянага героя ў пекла.

Ролю галоўнага героя ў купалаўскім спектаклі выконвае Павел Харланчук-Южакоў, дарэчы, адданы муж і шматдзетны бацька. Пытаюся, як ён адчувае сябе ў скуры такога свавольніка, як Дон Жуан.

— З маёй грамадзянскай пазіцыі гэта зусім не мой персанаж. Але не баюся яго іграць, — гаворыць акцёр. — Тут не трэба змешваць жыццё і спектакль. Галоўнае — што мы маем у фінале. Дон Жуан у выніку караецца за зло, якое ён апраўдвае ўсімі магчымымі спосабамі, і трапляе ў пекла. Калі б вынік быў іншы і спектакль прапагандаваў такі лад жыцця, мяне б тут не было.

Час неабдуманых учынкаў

Ці шмат Дон Жуанаў у нашым жыцці? Харланчук-Южакоў прапануе лепш спытаць у жанчын, але тут жа дадае:

— Асабіста я лічу, што хапае такіх. Ідэалогіяй Дон Жуана карыстаецца вельмі шмат людзей. Беларусь займае адно з першых месцаў у свеце па колькасці разводаў. Лёгкае стаўленне да такіх сур’ёзных рэчаў, як шлюб, безадказнасць за свае ўчынкі — гэта таксама донжуанства. Ён кахае пятнаццаць хвілін, тыдзень, месяц, а потым кажа: “Усё, кахання няма. Прабач, але ў нас розныя характары”. Чалавек не разумее, што кахаць — гэта вялікая праца.

Адну з падманутых жанчын, сялянку Шарлоту, у спектаклі іграе Ганна Хітрык. З тым жа пытаннем звяртаюся да яе.

— Тут размова ідзе не толькі пра сэрцаедства і ўзаемаадносіны паміж мужчынамі і жанчынамі, — гаворыць актрыса. — Спектакль тым і цікавы, што рэжысёр канцэнтруе ўвагу на іншай тэме — тэме веры, вельмі актуальнай для сучасных людзей. Сёння такі час, калі мы робім шмат неабдуманых учынкаў і лічым, што нам за гэта нічога не будзе. 

Вядома, што ў свой час пасля пятнаццаці прадстаўленняў “Дон Жуана” Мальер зняў п’есу з рэпертуру, баючыся скандалу — надта адкрыта ён выкрываў норавы сучаснага яму грамадства. А вось у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, упэўнены народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, які выконвае ролю слугі Дон Жуана Сганарэля, пастаноўка прыжывецца надоўга.

— Гэта спектакль менавіта Купалаўскага тэатра. Ён добра кладзецца на наш рэпертуар, — лічыць Віктар Сяргеевіч. — Актуальная тэма, таленавітыя артысты, прафесійны рэжысёр, з якім мы знайшлі паразуменне. Гледачу мусіць спадабацца.

Новы вопыт

Дарэчы, з рэжысёрам Анатолем Праўдзіным купалаўцы працуюць упершыню.

— Я не адразу прыняла гэтага рэжысёра, — прызнаецца Хітрык. — Не разумела, чаго ад мяне хочуць, не разумела эцюды, рэпетыцыі. З часам прызвычаілася. Анатоль Праўдзін дзіўны, але, бясспрэчна, вельмі таленавіты рэжысёр.

— Напачатку сапраўды было вельмі складана працаваць, — пагаджаецца з калегай Павел Харланчук-Южакоў. — І справа тут не ў тым, што рэжысёр расійскі, а не беларускі. І айчынныя рэжысёры вельмі моцна адрозніваюцца. Справа ў асобе. Мы не ведалі, як гэты рэжысёр працуе, трэба было прывыкнуць і нам да яго, і яму да нас. Думаю, калі б ставілі з ім яшчэ адзін спектакль, было б ужо лягчэй.

Што атрымалася з сумеснай працы купалаўцаў і расійскага рэжысёра, можна ўбачыць на ўласныя вочы. Бліжэйшыя паказы спектакля — 8 і 9 красавіка.

 Заўтра ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень тэатра

Не выключэнне і наша краіна. Тым больш што з тэатрам нас звязваюць шматгадовыя стасункі — ад народных батлеек і самабытнага тэатра Уршулі Радзівіл да сучасных прафесійных труп. Сёння ў нашай краіне дзейнічаюць 27 розных па жанравым кірунку дзяржаўных тэатраў сістэмы Міністэрства культуры, у тым ліку два музычныя, 18 драматычных, сем лялечных. Высокі статус “нацыянальны” маюць чатыры тэатры, званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь” — дзевяць тэатраў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter