Каго на падушку садзілі

Падушка. Невядома, ці ведалі нашыя продкі пра егіпецкія піраміды, але практычна ў кожнай хаце была свая “егіпецкая піраміда”, а часам і не адна -- піраміда з падушак. Кожную раніцу гаспадыня запраўляла ложак і складала падушкі па памеры: ад самай вялікай да самай малой. Колькасць падушак на адным ложку магла быць рознай: ад трох да дванаццаці. Прычым самая маленькая падушка іншы раз дасягала якраз памеру вуха (падвушка).

У адносінах да падушкі -- звычайнай хатняй рэчы -- было немала рэгламентыцый. Па-першае, на падушцы катэгарычна забаранялася сядзець, інакш “адседзіш” свой розум. Па-другое, забаранялася класці падушку на стол – каб не наклікаць смерць на свой род. Як толькі падушка трапляла ў поле дзеяння сямейных абрадаў, да яе ставіліся, прытрымліваючыся наступных патрабаванняў.
· З-пад галавы паміраючага чалавека выцягвалі звычайную падушку і падкладалі спецыяльна падрыхтаваную. Яе напіхалі саломай (часцей гарохавай), таму што курынае пер’е “не дае лёгка памерці”, укладалі ў яе лісце ці пруткі з веніка.
· Спецыяльную падушку клалі ў труну. Часцей за ўсё яе напаўнялі драўлянай стружкай, а таксама клалі валасы і пазногці, якія збіраліся на працягу ўсяго жыцця памерлага.
· Каб у калядныя ночы ўбачыць у сне свайго суджанага, дзяўчаты клалі пад падушку розныя рэчы, напрыклад грэбень, і казалі: «Суджаны, ражаны, прыходзь мне валасы часаць, косу расплятаць».
· Пасля таго як падзялілі каравай, нявесту маглі пасадзіць на пуховую падушку. Потым на гэтую ж падушку сядалі тыя дзяўчаты, якія па розных прычынах доўгі час не маглі выйсці замуж.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter