Кафэ пры дарозе

На Міншчыну прыпадае 30 % прыдарожных аб’ектаў харчавання

На долю Міншчыны прыпадае 30 % аб’ектаў грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу

Інвестары зацікаўлены ў іх будаўніцтве ў сталічным рэгіёне. Найбольш ахвотна яны асвойваюць буйныя аўтамагістралі, бо менавіта там ёсць магчымасць хутчэй забяспечыць сабе рэнтабельную работу.

Днямі новае прыдарожнае кафэ адкрылася ў Вілейскім раёне на 90-м кіламетры аўтадарогі Мінск—Маладзечна—Нарач. Пабудавана яно намаганнямі кампаніі «Северное сияние и К», зала адначасова можа ўмясціць 40 наведвальнікаў. Дарэчы, гэта адзін з найбольш буйных такіх аб’ектаў, якія з’явіліся на Міншчыне сёлета.

У Мінаблвыканкаме адзначаюць, што ў гэтым годзе ўве-дзены ў эксплуатацыю яшчэ тры падобныя аб’екты. Кафэ пачало працаваць у Мінскім раёне пры аўтазаправачнай станцыі на дзявятым кіламетры аўтадарогі Р-1 Мінск—Дзяржынск. Пасля рэканструкцыі АЗС, што належыць РУП «Беларуснафта-Мінск-аблнафтапрадукт», на аўтадарозе М-1/Е30 Брэст—Мінск—мяжа Расіі ў Стаўбцоўскім раёне здадзены ў эксплуатацыю кафетэрый. Дарэчы, ён працуе без нацэначнай катэгорыі, арганізавана хуткае харчаванне, і там заўсёды шмат наведвальнікаў. У Смалявіцкім раёне на 405-м км аўтадарогі М-1/Е30 на АЗС таксама прымае падарожнікаў новы кафетэрый.

Усяго ж на тэрыторыі Міншчыны працуюць больш за 150 аб’ектаў грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу, а гэта звыш 30 % ад усіх аналагічных аб’ектаў краіны. Размяшчаюцца яны не толькі пры дарогах рэспубліканскага і міжнароднага значэння, яле і пры мясцовых. Аднак іх пакуль не так многа і базіруюцца ў асноўным у Мінскім, Смалявіцкім і Дзяржынскім раёнах.

За два наступныя гады плануецца, што колькасць аб’ектаў грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу ў вобласці павялічыцца яшчэ на 17. Яны будуюцца, рэканструююцца за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў і інвестараў. Для тых, хто цікавіцца развіццём гэтага накірунку бізнесу, прапаноўваюцца зямельныя ўчасткі, якія фарміруюцца і рыхтуюцца ў кожным раёне. На сайтах аблвыканкама, землеўпарадкавальнай службы вобласці, а таксама райвыканкамаў размешчана вычарпальная інфармацыя для патэнцыяльных інвестараў, і знаходзіцца яна ў актуальным стане.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter