Каб не счарсцвелі душы…

Мінскаму Дому міласэрнасці, які стаў унікальным сацыяльным праектам, споўнілася дзесяць гадоўШасцігадовую Ганну Стэльмах бацькі аддалі ў першы клас пачатковай школы з праваслаўнай формай выхавання, што працуе пры Доме міласэрнасці. Тут акрамя агульных дысцыплін дзяўчынка будзе вывучаць Закон Божы, знаёміцца з азамі праваслаўя. Маці і бацька, Вольга і Аляксандр Стэльмахі, спадзяюцца, што вучоба ў такой школе дапаможа дзіцяці не згубіць прыроднай духоўнай чысціні і шчырасці, не стаць жорсткай і абыякавай да чужога гора.Па сутнасці, сам мінскі Дом міласэрнасці можна назваць астраўком дабрыні.
Протаіерэй Фёдар Поўны каля Дома міласэрнасціМінскаму Дому міласэрнасці, які стаў унікальным сацыяльным праектам, споўнілася дзесяць гадоў
Шасцігадовую Ганну Стэльмах бацькі аддалі ў першы клас пачатковай школы з праваслаўнай формай выхавання, што працуе пры Доме міласэрнасці. Тут акрамя агульных дысцыплін дзяўчынка будзе вывучаць Закон Божы, знаёміцца з азамі праваслаўя. Маці і бацька, Вольга і Аляксандр Стэльмахі, спадзяюцца, што вучоба ў такой школе дапаможа дзіцяці не згубіць прыроднай духоўнай чысціні і шчырасці, не стаць жорсткай і абыякавай да чужога гора.
Па сутнасці, сам мінскі Дом міласэрнасці можна назваць астраўком дабрыні. У тым я ўпэўнілася, калі была з калегамі-журналістамі на экскурсіі. Здавалася, знаходзішся ў сценах цудатворнага храма, дзе знікаюць хваробы, злосць, зайздрасць… У гасцінным будынку сапраўды штодзень дапамагаюць дзясяткам інвалідаў, сірот, а таксама сем’ям, якія выхоўваюць дзетак з абмежаванымі магчымасцямі. Тут праходзяць заняткі для моладзі, працуе нядзельная школа, створана багатая прыходская бібліятэка імя Серафіма Сароўскага.
Нібы ў музеі адчуваеш сябе ў іканапіснай майстэрні Дома міласэрнасці. У ёй майстры-мастакі стварылі ўжо больш за дзвесце ікон і некалькі плашчаніц, вялікіх памераў палотнаў з вышыванымі або маляванымі выявымі Ісуса Хрыста. Многія з гэтых рэчаў знаходзяцца ў краінах Еўропы і ў Амерыцы. Далёка за межамі Беларусі вядома і швейная майстэрня “Залатая рызніца”. У ёй шыюць адзенне для свяшчэннікаў — з ільну, шоўка, парчы. Прычым аздабленні і вышыўку майстры робяць амаль цалкам уручную.
Восем гадоў таму на тэрыторыі Дому міласэрнасці побач з дзіцячымі пляцоўкамі і ўтульнымі месцамі для адпачынку з’явілася і крыніца. Непадалёк месціцца храм святога Іова Шматпакутнага. Тысячы людзей наведваюць яго, шмат пілігрымаў прыязджае з-за мяжы. А колькі хворых прайшло праз рэабілітацыйны цэнтр “Элеас”! У ім бясплатна лечаць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-афганцаў, інвалідаў…
Увесь гэты комплекс узводзіўся па ініцыятыве і з вялікай энергіяй айца Фёдара Поўнага. Аднак настаяцель Усіхсвяцкага прыходу, які завяршае яшчэ адзін унікальны праект — узвядзенне Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай, — падкрэслівае: дасягнутае стала магчымым толькі дзякуючы падтрымцы вернікаў і, вядома ж, дзяржавы.
Так, шмат зроблена за дзесяць гадоў! Аднак, па словах айца Фёдара, усякая ідэя добрая ў развіцці. Таму ў далейшых планах — стварэнне дзённага стацыянара і паліклінікі, набыццё сучаснага медабсталявання. “Дом міласэрнасці сам па сабе ўнікальны, — гаворыць айцец Фёдар. — І таму ў нас шмат хто пераймае вопыт. Па сутнасці, гэты праект — наватарская пляцоўка, на якой адпрацоўваюцца розныя формы супрацоўніцтва рэлігійных і дзяржаўных структур”.
А яшчэ айцец Фёдар называе Дом міласэрнасці дарогай з сустрэчным рухам, дзе ўсе ідуць насустрач адзін аднаму — каб дапамагаць і аб’ядноўвацца.

Кацярына Мядзведская
На здымку: Протаіерэй Фёдар Поўны каля Дома міласэрнасці
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter