“Кінг нервова курыць убаку”

Ці ёсць у нас свае Толкіены, ці праўда, што ногі “цёмнага” фэнтэзі растуць з беларускага фальклору, а жорсткія рамансы нашыя бабулі спявалі дзеля атрымання адрэналіну

Ці ёсць у нас свае Толкіены, ці праўда, што ногі “цёмнага” фэнтэзі растуць з беларускага фальклору, а жорсткія рамансы нашыя бабулі спявалі дзеля атрымання адрэналіну

Уяўленне пра беларускі фальклор, які стэрэатыпна лічыцца добрым і бяскрыўдным, асабіста ў мяне змянілася, калі прачытала народную казку “Сястра-бязручка”. Эпізоды, дзе брат адсякае сястрыцы рукі, а пасля ёй, бязрукай, прывязваюць да цела немаўля і выганяюць з хаты, шчыра кажучы, шакіравалі. А пачуўшы нядаўна словазлучэнне “беларускае фэнтэзі”, здзівілася яшчэ больш. Аказваецца, і такое ёсць. Больш за тое, многія сюжэты для сучаснага фэнтэзі ўзятыя з беларускага фальклору. Прычым зусім не анёльскага.  Пра тое, якія міфалагічныя істоты часцей за ўсё сустракаюцца ў беларускіх фантастычных казках, пра што спявалі нашыя продкі ў жорсткіх рамансах і што такое “цёмнае” фэнтэзі, карэспандэнт “НГ” паразмаўляла з маладой даследчыцай беларускай літаратуры і беларускага фальклору, аспіранткай БДУ  Маргарытай Латышкевіч.

Віцязь, які смажыць яешню?

Фэнтэзі Маргарыта зацікавілася яшчэ ў гадоў восем, калі знайшла ў школе часопіс з “Уладаром пярсцёнкаў” Толкіена. Лагічна было, паступіўшы на філалагічны факультэт БДУ, заняцца вывучэннем тых твораў, якія яе цікавілі. Стала шукаць міфалагічныя, фальклорныя матывы ў фантастычных творах, міфалагічныя паралелі ў казках, казкавыя рэмінісцэнцыі ў фэнтэзі. Кандыдацкую дысертацыю таксама піша на гэтую тэму.

— Традыцыйна фэнтэзі дзеляць на некалькі відаў, — расказвае Маргарыта. — Напрыклад, ёсць так званае класічнае, або “высокае” кшталту Толкіена, дзе прысутнічае высокі стыль і героі паводзяць сябе высакародна. Не можам мы ўявіць віцязяў у побытавых сітуацыях. Віцязь, які смажыць на кухні яешню, — не комільфо. Пазней з’явілася так званае цёмнае, або “нізкае” фэнтэзі.

Свет і героі ў ім паказаны ў наўмысна цёмных фарбах. Герой мае ўсе недахопы, якімі толькі можна валодаць, а свет уяўляецца жудаснай бруднай ямай, дзе жывуць вылюдкі, што абыходзяцца з героем па-свінску.

— Беларускае фэнтэзі ўвогуле нешта незвычайнае, — апавядае даследчыца. — Мы, безумоўна, знаходзімся ў кантэксце еўрапейскай традыцыі. Але ўмовы станаўлення былі зусім іншымі. Калі касмічная тэматыка ў Савецкім Саюзе падтрымлівалася і тыражыравалася, то з фэнтэзі былі пэўныя праблемы.

Па-сутнасці, развівацца беларускае фэнтэзі пачало ўжо ў суверэннай дзяржаве. І сярод сучасных беларускіх твораў, дарэчы, можна знайсці фэнтэзі выразна “цёмнае” — да прыкладу, твор Алены Беланожкі “Грэбень у скрыні”. Але не варта думаць, што цёмныя героі і страшныя сюжэты з’явіліся ў беларускай літаратуры нядаўна.

“Матрасёнак малады”

— Тэндэнцыя да эстэтызацыі жорсткасці, смакавання непрыемных падрабязнасцей фактычна замацавана ў беларускім фальклоры, — здзіўляе Маргарыта. —  Беларускі фальклор не такі ўжо і пазітыўны, як прынята лічыць. Глянуць на чарадзейныя казкі — чаго толькі ні вырабляюць там героі! Цікавая рэч — жорсткія рамансы, якія замацаваліся ў XIX стагоддзі. Жорсткасць там узведзена ў ранг сюжэтаўтваральнай рысы. Бытуюць у гэтых творах дэталі тыпу — “і толькі чутна было ў лесе, як трапяталіся цяла”; “узяў свой чорны пісталет, забіў яе, патом сябе” і гэтак далей. Ёсць раманс “Матрасёнак малады, аленькія губкі, ой вазьмі мяне з сабой, хаця б у адной юбке”. Дзяўчына  насуперак жаданню бацькоў з’язджае з матросам, пасля вяртаецца дадому з малым дзіцём і топіцца. Забойства, самазабойства, крадзеж і падобнае канцэнтравана змяшчаюцца ў гэтых творах. Кінг нервова курыць убаку.

І што самае цікавае, падобныя сюжэты былі вельмі папулярнымі і распаўсюджанымі.

— Раманс “Васількі” нашыя студэнты з году ў год запісваюць і на поўначы, і на поўдні, і на захадзе, і на ўсходзе краіны. Пра што твор? Калі лаканічна — малады чалавек кахаў дзяўчыну, кахаў настолькі, што ў рэшце рэшт забіў, — працягвае “палохаць” Маргарыта. — Трэба разумець, што жорсткія рамансы — гэта ўжо не класічны фальклор. Гэта штосьці кшталту “мыльных опер”, якія з’явіліся на памежжы стагоддзяў. Бабулі спяваюць гэтыя песні, называючы іх “жаласлівымі”, “доўгімі”. І калі спяваюць, вельмі расчульваюцца, нават пачынаюць плакаць. Адчуваеш, што яны суадносяць саміх сябе з героямі твораў і, перажываючы за іх, атрымліваюць пэўную дозу адрэналіну, пэўную эмацыйную разгрузку. Гэта падобна да таго, як сённяшняя моладзь, каб “разгрузіцца”, глядзіць “Хобіта”. Рамансы ХІХ стагоддзя — масавая культура ў яе запачаткаванні, рысы яе пасля перайшлі ў прафесійную літаратуру, фэнтэзі.

Хапун і Валасень

Што датычыцца сучасных беларускіх аўтараў, то яны досыць часта звяртаюцца да вобразаў і матываў беларускага фальклору. Да прыкладу, у апавяданні Яўгена Дразда “Клінок ваўкалака” мы чытаем і пра Усяслава Чарадзея, і пра пошукі папараць-кветкі. Беларускі фальклор багаты на міфічных істотаў. Там і пачвары, і лесуны, і вадзянікі. Могуць трапіць на вочы чытачу Хапун, які выкрадае дзяцей, Валасень, што кудлаціць дзяўчатам  валасы, Зазоўка, якая вабіць спевам мужчын і хлопцаў, каб тыя ўжо ніколі не вярнуліся дамоў. Сярод самых частых персанажаў беларускага фальклору — Кашчэй Бессмяротны, Баба Яга, вядзьмаркі, чарадзейкі, дзіўныя жывёлы кшталту чарадзейнага каня, у якога герой можа залезці праз вуха, і гэтак далей.

— Трэба разумець, што нават змрочныя  беларускія казкі і  рамансы, дарэчы, як і сённяшнія творы фэнтэзі, не ставілі за мэту напалохаць чытачоў. Яны былі чымсьці кшталту папярэджання — нельга парушаць забарону, не трэба спальваць жабіную скуру, не варта адчыняць дзверы, за якімі закаваны Кашчэй Бессмяротны, нельга ісці туды, нельга рабіць вось так. “Бачыш, як ён зрабіў? Не рабі так”. Казкі вучылі дзяцей, як трэба стасавацца з людзьмі і навакольным светам. Функцыя павучальная, адукацыйная ў сумесі з займальнасцю захавалася і сёння.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter