Народная газета

І там душою спачываю

Менавіта сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Шмат сказана і напісана пра народнага паэта, аўтара выбітных твораў і актыўнага грамадскага дзеяча. А вось стаўбцоўская зямля, дзе зараз працуе філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”, памятае класіка яшчэ як маленькага цікаўнага хлопчыка Косціка. Гэты жывапісны куточак Панямоння, які аб’ядноўвае чатыры мемарыяльныя сядзібы — Смольню, Акінчыцы, Альбуць і Ласток, — зачароўвае сваёй непаўторнасцю і хараством. Вось адкуль чэрпаў натхненне і неверагодныя вобразы будучы паэт.

Фота Максіма Вечара

Канстанцін Міцкевіч нарадзіўся 3 лістапада (па старому стылю 22 кастрычніка) 1882 года ў невялікай драўлянай каморы ў Акінчыцах, дзе служыў лесніком яго бацька Міхась. Пазней Колас напіша аб гэтым у вершы “На раздарожжы”:

Пры шляху шырокім,

Дзе стаіць камора,

Я на свет радзіўся

Пад глухі шум бора

Позняю парою,

Восенню гнілою.

Адзін жылы пакой, печ, ложак, калаўрот, калыска, падвешаная пад столь... Усё тут выглядае так, як і 135 гадоў таму, хоць сядзіба і была адноўлена пасля пажару ў час вайны. У Акінчыцах паэт правёў толькі пяць месяцаў, затым бацьку перавялі ў родную Мікалаеўшчыну. Потым былі Ласток, Альбуць, Смольня... У кожным з гэтых месцаў ёсць напамін, што там жыў пясняр. Да прыкладу, медны тазік, у якім маці варыла для Косціка і іншых дзяцей варэнне. Стагадовыя ліпы — іх паэт прывёз з лесу разам з дзядзькам Антосем і пасадзіў у Смольні. Самавар, за якім Колас піў чай з Купалам, — той восем кіламетраў прайшоў пешшу ад чыгуначнай станцыі да хаты сябра.

Фота Максіма Вечара

І будучы вядомым паэтам, Колас ніколі не забываў родныя мясціны, па магчымасці наведваў іх, прыязджаў да сваякоў. У прыватнасці у Смольні, дзе Міцкевічы нарэшце набылі ўласную хату і куды некалькі разоў у 1911—1914 гадах прыязджаў Якуб Колас, ён напісаў шэраг добра вядомых сёння твораў. Ці варта казаць пра любоў паэта да малой радзімы, калі яна прасочваецца ва ўсёй яго творчасці. Дарагія сэрцу мясціны Якуб Колас успамінае ў “Новай зямлі”, паэме “Сымон-музыка”, трылогіі “На ростанях”, вершаваным апавяданні “Грушы-сапяжанкі” і іншых.

Апошні раз пясняр наведаўся на радзіму вясной 1956 года. З тых часоў прайшло больш за шэсцьдзясят гадоў, але прысутнасць класіка адчуваецца тут да сёння. Не толькі ў экспанатах — у самім паветры. Нядзіўна, што падыхаць ім прыязджаюць аматары коласаўскай творчасці з усяго свету — з Таліна, Парыжа, Дубая, Пекіна... Хаця Колас і пісаў у першую чаргу пра беларусаў і для беларусаў, але думкі паэта аказаліся блізкімі прадстаўнікам многіх народаў. Сёння творы класіка перакладзены больш чым на сорак моў.

mila@sb.by
1/
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?