Гісторыя пра ўзвядзенне Камянецкай вежы і горада Камянца

І паўстала вежа Камянецкая...

Ішоў 1276 год. Князь Валынскі і Берасцейскі Уладзімір Васількавіч паслаў “мужа хітра Алексу, які і пры бацьку ягоным многія гарады будаваў, з тутэйшымі ў чоўнах ў вярхі ракі Лесны... Ён жа, знайшоўшы месца патрэбнае, вярнуўся да князя...” Князь хутка сабраўся з баярамі і слугамі паглядзець знойдзенае Алексай месца над берагам Лесны. Яно яму таксама спадабалася. Гэтак узнік горад Камянец, які атрымаў сваю назву з-за таго, што зямля вакол была цвёрдая і камяністая. Малады горад стаў фарпостам берасцейскай зямлі. З высокай Камянецкай вежы, якую ў летапісах называюць “слуп каменны”, вартавому было далёка бачна наваколле. І калі ён заўважаў варожае войска, яму насустрач з брамаў камянецкіх выязджала моцная, добра ўзброеная і навучаная дружына.

Звычайная гісторыя пра звычайныя для продкаў нашых падзеі. Аднак, як аказалася, за ёю стаіць іншая, значна больш драматычная асабістая гісторыя князя Уладзіміра. І яе нельга абмінуць, апавядаючы пра ўзвядзенне Камянецкай вежы і горада Камянца.

Гісторыя гэтая распачалася за дзевяць гадоў да ўзвядзення вежы, у снежні 1267 года. Бацька князя Уладзіміра Васілька прымаў у сваёй сталіцы гасцей — пляменніка Льва Данілавіча Галіцкага і князя-манаха Войшалка, сына наваградскага правіцеля Міндоўга. Пасля Міндоўгавай смерці Войшалк адмовіўся ад спадчынных правоў на Наваградак на карысць малодшага брата Льва — Шварна Данілавіча, які быў жанаты з Войшалкавай сястрой. Леў сам марыў пра Наваградак і таму пакрыўдзіўся. Родзічы доўга спрабавалі прымірыць іх з Войшалкам. Зрэшты, Леў згадзіўся сустрэцца па-сваяцку з Войшалкам у горадзе Васількі — Уладзіміры-Валынскім. І князь Васілька даў Войшалку слова, што падчас сустрэчы з ім нічога дрэннага не адбудзецца. Аднак менавіта ва Уладзіміры-Валынскім Войшалк і сустрэў сваю смерць. Леў забіў яго, ды яшчэ і ў сценах Уладзімірскага мужчынскага манастыра, дзе Войшалк мусіў начаваць. Паміраючы князь-манах паспеў праклясці каварны горад Уладзімір-Валынскі. Даведаўшыся пра тое, Васілька ў роспачы сам пастрыгся ў манахі і стаў жыць пустэльнікам у дзікай, зарослай ажынай пячоры.

Князем Валынскім і Берасцейскім стаў адзіны сын Васількі — Уладзімір. Летапісец кажа пра яго: “Гэты добраверны князь Уладзімір ростам быў высокі, плячамі вялікі, тварам прыгожы, валасы меў жоўтыя, кучаравыя, бараду стрыг, рукі меў прыгожыя і ногі. Распавядаў ясна ад кніг, бо быў філосаф вялікі і лавец хітры, рахманы, ціхмяны, праўдзівы, не хабарнік, не хлуслівы, зладзействы ненавідзеў. Пітва ж не піў ад маленства свайго... У хрэсным жа цалаванні быў цвёрды... Найбольш жа міласцінаю быў літасцівы”. А яшчэ князь быў надта моцны фізічна. У адзіночку хадзіў на мядзведзя і дзіка.

Князя Уладзіміра таксама ўзрушыла забойства Войшалка і яго перадсмяротны праклён. Здзейсненае зло Уладзімір вырашыў перамагчы дабром. Першымі княжую міласць адчулі храмы Валынскай зямлі, што дасталася яму ў спадчыну ад бацькі. Уладзімір “у Бельску надаў царкве абразы і кнігі. Ва Уладзіміры ж перапісаў святога Дзмітрыя ўсяго і сасуды срэбраныя скаваў... і завесы даў золатам шытыя, а іншыя аксамітныя з драбніцаю... У Епіскапію Перамышльскую даў Евангелле, акаванае срэбрам з жэмчугам, сам жа перапісаў яго. А ў Чарнігаў паслаў Евангелле, золатам пісанае і акаванае срэбрам з жэмчугам, і сярод яго Спаса з фініфцю. У Луцкую Епіскапію даў крыж вялікі срэбраны з пазалотаю з Чэсным дрэвам (кіпарыс. — Аўт.)”.

Разам з жонкай сваёй Вольгай Бранскай князь таксама пабудаваў некалькі новых храмаў. Асабліва прыгожай атрымалася каменная царква ў гонар святога Георгія ў Любомлі.

Адначасова князь займаўся ўмацаваннем сваіх гарадоў. Старыя крэпасці Уладзіміра-Валынскага і Бярэсця даўно мелі патрэбу ў гэтым, тым больш што заходнія суседзі, мазуры ды палякі, толькі і чакалі магчымасці захапіць іх. Непакоіла і Літва.

Тым часам некаторыя падданыя ўжо шапталіся, што Войшалкаў праклён пачаў дзейнічаць у дачыненні да сям’і самога Уладзіміра. Вось не пасылаюць жа нябёсы князю дзяцей! Сваіх дзяцей, сапраўды, не было. І тады муж і жонка вырашылі ўзяць на выхаванне чужое дзіця. Дзяўчынку, ад якой адмовілася родная маці пры яе нараджэнні, прынеслі ў княжыя палаты. Князь і княгіня назвалі яе Ізяславай і любілі, нібыта родную. Уладзімір адшукаў жанчыну, якая кінула дзіця, і зразумеў, чаму яна так зрабіла. У сялянкі было шмат дзетак, а муж яе памёр яшчэ да нараджэння Ізяславы. Жанчына баялася, што немаўля проста не выжыве, таму што і яе старэйшыя дзеці ўжо галадалі і хварэлі. Князь Уладзімір і княгіня Вольга далі беднай удаве столькі грошай, што яна ўжо больш ніколі не задумвалася, як пракарміць сваю сям’ю. І з гэтага часу пільна сачылі, каб сем’і, што страцілі карміцеляў, не апынуліся ў беднасці.

Князь Уладзімір быў добры не толькі да сваіх падданых, але і да суседзяў. Аднойчы ў засушлівы год не ўрадзілі палі. Уладзімір загадаў адкрыць для простага люду свае ўласныя засекі. Тады паслаў прасіцеляў сваіх да князя лясны народ яцвягі. “Не дапусці, княжа, пагібелі нашай, — малілі яны, — дай хлеба, а мы потым адкупімся, чым толькі пажадаеш”.

Не за багацці яцвягаў, а толькі дзеля аднаго чалавекалюбства загадаў нагрузіць Уладзімір жыта на ладдзі і выправіць іх з Берасця па Бугу да галадаючых. Але ж не разлічыў добры князь, што шлях каравана пройдзе праз мазавецкія землі, дзе хлеб перахопяць мазуры, таксама галодныя. “Калі хочаш, ваюй з намі за хлеб гэты, — паслаў сказаць Уладзіміру мазавецкі князь. — Але мы не аддадзім яго”. “Няхай уратуе вас зерне наша ад смерці”, — адказаў мазурам Уладзімір. Ён зноў нагрузіў ладдзі, і на гэты раз яны ўжо бесперашкодна трапілі да яцвягаў.

Княства працвітала, але Уладзіміра Васількавіча па-ранейшаму непакоіў праклён Войшалка. Жадаючы спытацца ў нябёсаў, што павінны яшчэ ён здзейсніць, каб не крануў праклён гэты яго падданых, князь аднойчы адкрыў наўгад Біблію. І прачытаў там словы: “Дух Господень на мне... Воздвигнути городы пусты...”

І Уладзімір загарэўся будаваць новы горад на пустых землях. Больш за ўсё падыходзілі для такой задумы велізарныя пустэчы на захад ад Берасця. Гэтак узнік Камянец з ягонай славутай вежай. А ў хуткім часе пасля гэтага нейкі манах з таго самага манастыра, дзе калісьці адбылося забойства Войшалка, прысніў дзіўны сон. Бачыў ён, нібыта горад Уладзімір-Валынскі пакідае, рассейваючыся ў палях і лясах, падобная да морака злавесная цемра. І святлеюць дамы і вуліцы горада, яго церамы і золатагаловыя цэрквы. Вырашыў інак, што гэта сам Гасподзь зняў з горада Войшалкавы праклён.

Князь Уладзімір пайшоў з жыцця 10 снежня 1288 года, цяжка прахварэўшы тры гады. Перад смерцю ён завяшчаў княства сваё аднаму з братоў Льва Данілавіча Мсціславу, з якога ўзяў слова правіць сумленна і з гонарам. І толькі горад Кобрын “з людзьмі і данінай” і сяло Гарадло “з мытам” завяшчаў сваёй жонцы, каб не давялося аўдавелай Вользе жыць пры Мсціслававым двары з літасці.

“Даю княгіні сваёй і манастыр Апосталы, — загадаў князь Уладзімір. — І сяло даю да Апостолаў. А княгіня мая, калі я памру, калі захоча ў чарніцы пайсці, няхай ідзе, калі не захоча — як ёй люба, няхай так і жыве”.

І здзівіліся, пачуўшы такія словы тыя, хто не ведаў, як кахае Уладзімір сваю Вольгу, бо ніколі раней не дазвалялася княгіням гэтак свабодна вырашаць свой лёс. Аднак Вольга прыняла пострыг яшчэ да пачатку пахавальнай цырымоніі і з’явілася на яе ўжо ў чорным манаскім адзенні.

Развітацца са сваім князем прыйшлі ўсе жыхары Уладзіміра-Валынскага, прыехалі берасцейцы і нават людзі з суседніх княстваў. Мужы ўладзімірскія плакалі: “Дабро бы нам, гаспадару наш, памерці з тобою, які ўтварыў нам свабоду... вызваліў ад усіх бед...” Многія з іх сапраўды верылі, што князь, зняўшы з горада праклён, прыняў яго на сябе, ад таго і памёр.

А праз некалькі месяцаў “у сераду страснога тыдня”, 6 красавіка 1289 года, княгіня з епіскапам адкрыла труну мужа “і бачыла цела яго і белым, і водар ад труны быў падобны да водару шматкаштоўнага”. Цела князя засталося нятленнае, як у святых людзей...

Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж

Фота Анатоля Дрыбаса

infong@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter