Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Дзень беларускай культуры, прысвечаны 135-м угодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа, у Ліепаі выступалі вядомыя вакальныя гурты з Латвіі

І “Паўлінка” выступала, і “Купалінка”

Дні беларускай культуры, як звычайна ўвосень, праходзілі па ўсёй Латвіі. Беларуская грамада Ліепаі “Мара” таксама 10 лістапада зладзіла святочны канцэрт. Гаварылі на ім пра жыццё і творчасць беларускіх паэтаў, гучалі іх вершы, песні па-беларуску. Выступілі ліепайскі ансамбль беларускай песні “Паўлінка”, ансамбль беларускай песні з Клайпеды “Купалінка”. Вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа чыталі навучэнцы 7-й Ліепайскай сярэдняй школы — ім дапамагла падрыхтавацца настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Маскалевіч. А латышскія народныя танцы гледачам паказалі самадзейныя артысты гурта “Одзиня”, якім кіруе педагог Інта Аболіня.

Выступае ансамбль беларускай песні “Паўлінка”

Вядучыя канцэрта расказвалі пра біяграфіі, творчасць Песняроў. Дарэчы, 105-годдзе сёлета і ў “Паўлінкі”, знакамітай п’есы Янкі Купалы. Кіраўніца ліепайскага ансамбля “Паўлінка” Жанна Буйніцкая нагадала: калектыў і названы ў гонар галоўнай гераіні твора. Як і ў купалаўскай Паўлінкі, у гурта жыццесвярджальная манера выканання: жывасць, запал, энергічнасць. І з Якубам Коласам ёсць у гурта духоўная повязь: свой дзень нараджэння (сёлета ўжо 17-ы) адзначае ён 3 лістапада.

Па ходзе святочнага канцэрта не раз гаварылася пра даўнія сяброўскія стасункі беларусаў і латышоў. Згадвалі вялікага латвійскага пісьменніка Яніса Райніса, ягоны ўклад у развіццё культурных сувязяў паміж Латвіяй і Беларуссю, пра сустрэчы яго з Янкам Купалам. Апошні ж пра Райніса пісаў: “Ён генетычна звязаны з намі. У беларусаў і латышоў шмат агульнага”. І праўда: у латвійскага пісьменніка беларускія карані па маці, а ў дзяцінстве Яніс нават меў зносіны на беларускай мове. А культурныя сувязі між латышамі й беларусамі падтрымліваюцца й сёння. Вось і Дзень беларускай культуры ўпрыгожылі латышскія народныя танцы гурта “Одзиня”. Яго артысты амаль штогод удзельнічаюць і ў фестывалі “Сожскі карагод”, які праходзіць у Гомелі, і ў праекце “Латвія і Беларусь. Насустрач адзін аднаму”, які ажыццяўляе ліепайская суполка “Мара”. У плыні гэтага праекта навучэнцы ліепайскіх адукацыйных устаноў знаёмяцца з Беларуссю, яе народам, беларускімі традыцыямі.

На Дні беларускай культуры ў Ліепаі пабывалі як жыхары горада, так і ягоныя госці з Рыгі, Клайпеды. Былі актывісты беларускай суполкі “Крыніца” з Клайпеды, прадстаўнікі Саюза беларусаў Латвіі, дэпутат 12-га Сейма Латвіі Алена Лазарава. Сярод ганаровых гасцей — і Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі Аляксей Васількоў, генеральны консул Расіі ў Ліепаі Максім Райдэр, прадстаўнікі Ліепайскай думы дэпутат Гірт Кронбергс і эксперт па справах недзяржаўных арганізацый Брыгіта Дрэйжэ, актывісты ліепайскіх грамадскіх арганізацый.

На адрас тых, хто ладзіў канцэрт, прагучала шмат добрых слоў. Так, Брыгіта Дрэйжэ казала: “Вы здзіўляеце кожны раз! Сёння быў такі дзівосны канцэрт, якога не было раней. Гэта цудоўна, што вы ўносіце нам у Латвію і Ліепаю беларускую культуру — і паэзіяй, і песнямі. Што расказваеце пра сваіх герояў. Вялікі вам дзякуй! Мне хочацца верыць, што й таксама іншыя арганізацыі нацыянальных меншасцяў будуць з вас браць прыклад”. Пра тое, што ў суполкі “Мара” ёсць чаму павучыцца, гаварыла й Алена Лазарава, дадала: “Дні беларускай культуры скіраваныя на тое, каб развіваць супрацу між творчымі калектывамі, а таксама й паміж гарадамі. Сёння на канцэрце ёсць госці з Клайпеды — гэта ж таксама творчая супраца, ад якой мы толькі багацеем. Жадаю вам поспехаў — і так трымаць!”.

Нагадаю, што Дні беларускай культуры, прысвечаныя 135-м угодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа, з верасня па лістапад праходзілі таксама і ў латвійскіх гарадах Лудза, Рэзэкнэ, Ліваны, Дагда, Даўгаўпілс, Краслава, Рыга, Елгава і Вентспілс.

Анжэла Фаміна, г. Ліепая, Латвія

Голас Радзімы № 45 (3549), чацвер, 30 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter