У Мінску пачаўся першы Міжнародны фестываль “Тэатральная вясна ў Музычным тэатры”

І на афішах вясна

У Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра фестывальны настрой
musteatr.ru

Першы Міжнародны фестываль “Тэатральная вясна ў Музычным тэатры” пачынаецца ў Мінску. У ім прымуць удзел пяць замежных тэатраў. На працягу сакавіка і красавіка беларускага гледача будуць забаўляць, натхняць і прымушаць задумацца пра вечныя каштоўнасці дзве расійскія трупы — Калінінградскі абласны музычны тэатр і Тульскі дзяржаўны акадэмічны тэатр драмы, дзве літоўскія — Драматычны тэатр імя Юозаса Мільцініса (Панявежыс) і Рускі драматычны тэатр (Вільнюс), а таксама Даўгаўпілскі тэатр з Латвіі.

Першая “музычная ластаўка” ўжо прыляцела — з Калінінграда. Гастролі расійскага тэатра працягнуцца з 3 па 11 сакавіка. Ён прадставіць малавядомыя нашай аўдыторыі мюзіклы, рок-драму, дзіцячыя пастаноўкі. Сярод іх “Чалавек з Ламанчы” М. Лі, “Хаакін” А. Рыбнікава, “Ігральны дом” А. Шаўцова і іншыя. Акрамя таго, у праграме калінінградцаў шоу-праграма “Хіты Брадвея — Вялікі Гершвін” і канцэрт, прымеркаваны да 8 Сакавіка.

Фестывальную эстафету 18 сакавіка перайме Драматычны тэатр імя Юозаса Мільцініса з трагікамедыяй “Вішня ў шакаладзе” па п’есе Лауры Руахонен. Рускі драматычны тэатр Літвы 25 сакавіка прадставіць хроніку страсці і граху “Анна Карэніна” Л. Талстога, а 26-га — дзіцячую казку “Беласнежка і сем гномаў” і дарослую драму “Атэль двух светаў” Э.-Э. Шміта.

Тульскі дзяржаўны акадэмічны тэатр драмы таксама рыхтуе для мінчан спектаклі, разлічаныя на розныя ўзросты. З 31 сакавіка па 2 красавіка ён збіраецца паказаць дзве камедыі для дарослых — “Цёткі ў законе” А. Кароўкіна і “Гарачыя матулі” Д.У. Крыстнера, а таксама казку для дзяцей “Анчутка”. Завершыць фестываль пацешная медыцынская камедыя “Палата бізнес-класа” А. Кароўкіна ў пастаноўцы Даўгаўпілскага тэатра.

Як бачым, мінская тэатральная вясна выдасца па-сапраўднаму яркая і бурная.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter