Якой запомнілася Цётка сваім землякам

I мая, i твая цётка Лiза

Учора ў шчучынскай вёсцы Стары Двор адзначылі 140-годдзе з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч

Учора ў шчучынскай вёсцы Стары Двор адзначылі 140-годдзе  з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч


НА МАЛОЙ радзіме Цёткі, дзе яна вырасла, куды ў кожную вольную хвілінку прыязджала і дзе завяшчала быць пахаванай, угодкі пісьменніцы — справа звыклая. 15 ліпеня старадварчане (так называюць сябе аднавяскоўцы класіка айчыннай літаратуры) збіраюцца ля магілы Алаізы ПАШКЕВІЧ на мітынг, а пасля — на паэтычную імпрэзу ў Астрынскай гарпасялковай бібліятэцы. Дарэчы, штогод там праходзяць Цётчыны чытанні, дзе першую скрыпку граюць дзеці і моладзь. Яны на працягу святочнага тыдня чытаюць творы Алаізы Пашкевіч. Проста дзіву даешся: прайшло цэлае стагоддзе, а вяскоўцы з трапяткімі пачуццямі пестуюць імя Цёткі.

ЗНАЙСЦІ ў Старым Двары старажылаў, якія маглі б падзяліцца якімі-ніякімі народнымі ўспамінамі пра знакамітую зямлячку, стала справай складанай. У маленькай цяпер вёсачцы — ўсяго 27 чалавек, даўно няма таго дома, дзе жыла ўся радзіна Пашкевічаў (яны з’ехалі ў Польшчу і сувязяў з Беларуссю не падтрымліваюць).

Але Цётка тут, з намі. Знаходзіцца яе магіла на ўскрайку вёскі ля самай дарогі. За жалезабетоннай агароджай вялікі мармуровы крыж асфальтавага колеру. А злева ад магілы — надпіс са словамі Алаізы Пашкевіч: “На магіле ўзыйду дубамі, Пачну шаптаць братнiм губам / Аб iх долi, аб свабодзе / Стану песняй ў народзе”. Карэнная старадварчанка Цаліна Янкевіч кажа, што так яно і атрымалася:

— Нашы прашчуры ведалі Цётку асабіста, заўсёды распавядалі пра яе асобу. Напрыклад, я ведаю пра яе са слоў маёй бабулі Соф’і Яцэвіч: Пашкевічам прыходзілася траюраднай сястрой. І той самы крыж, які ўсталяваны на магіле пісьменніцы, заказвалі мая бабуля і родны брат Цёткі Вацлаў… Бабуля расказвала, што хавалі пісьменніцу ў прыгожай светлай сукенцы: у труне ляжала такая прыгожая, як лялька. Цікава, што Алаіза хоць і была фармальна замужам за літоўцам Сцяпанасам Кайрысам, але пагаворвалі, што шлюб іх быў фіктыўны. Ды і дзяцей Цётка не нарадзіла. А скасіў 39-гадовую пісьменніцу тыф. Хваробу падчапіла, калі працавала сястрой міласэрнасці ў тыфозным бараку Віленскага ваеннага шпіталя.

Бацькоўскае гняздо — Стары Двор — заўсёды цягнула да сябе Алаізу, як, па вялікім рахунку, і кожны з нас вяртаецца ў тыя мясціны, дзе нарадзіўся і вырас. Пры кожным зручным выпадку ехала Цётка дадому, каб адведаць маці і тату, і з Пецярбурга, дзе паступіла на курсы Лесгафта, і з Вільні, дзе вучылася, працавала, круцілася ў коле інтэлігенцыі.

Прывілеі шляхецкага роду маглі б стаць жыццём Алаізы, але яна, ад прыроды ўражлівая, спагадлівая, марыла быць па жыцці чалавекам дзейсным, грамадскім. Не параўнаць жа было Цётку, даму сталічную, з непісьменнай сялянкай, закарэлай, чорнай ад цяжкай працы на зямлі. Збоку выглядала так, што ў Стары Двор з буйных гарадоў Алаіза прыязджала як пані. Сяляне віталіся з ёю, нізка кланяліся. Але пісьменніцы такія прыёмы не былі даспадобы, гаворыць Цаліна Іосіфаўна:

— Мая бабуля Сафія, якая таксама была з несялянскай, заможнай сям’і, успамінала візіты ў вёску цёткі Лізы (так называлі ў Старым Двары знакамітасць). Апранута яна была дорага, але сціпла: кофта пад горла, доўгая спадніца, валасы заплятала ў косы, прыбірала на макушку і насіла чырвоны капялюшык. Цётка імкнулася зламаць бар’ер паміж панам і селянінам, хацела паказаць простым людзям, што яна такая ж, як і яны. Ходзіць, бывае, Алаіза, абняўшыся з парабкамі, гаворыць ім: “Навошта вы задарма працуеце на майго бацьку, патрабуйце, каб ён плаціў вам па рублю ў дзень!” Маці, бывала, толькі рукі сашчэпіць: “Ліза, ты ж мне ўсю чэлядзь узбунтавала!” Яна хоць бацьку і любіла, але паразуменне з-за сваіх поглядаў было ім знайсці цяжка… Вельмі шкадавала яна простых людзей. Напрыклад, якое было яе здзіўленне, калі ўпершыню селяніна ў лапцях убачыла. Маўляў, што гэта за абутак — з кары?


Цётка прагнула гутарак з сялянамі. Басаногай чарадзе дзяцей заўсёды прывозіла нешта смачненькае, збірала іх вакол сябе і вучыла пісаць, чытаць. Бывае, нават разарве на стужачкі сваю хустку і ўсім дзяўчынкам акуратныя косы пазаплятае.

Алаіза шанавала мову (дарэчы, размаўляла заўсёды толькі па-беларуску), песні. А гутаркі пра долю народную, пра тое, што спіну сялянам прыходзіцца гнуць на паноў, былі тэмамі вячорак. Яна прывозіла газеты, распаўсюджвала сярод мясцовых, вучыла свабодалюбівым вершам. Прычым прынцыпова для яе было размаўляць з аднавяскоўцамі на роўных.

Нагадаю, што ў бурныя часы вострага змагання з царызмам Пашкевіч цалкам аддавалася рэвалюцыйнай дзейнасці: імкнулася вызваліць абяздоленых працоўных, адстаяць Бацькаўшчыну. Цётка прымала актыўны ўдзел у II з’ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады ў Мінску, на якім было ўзнята пытанне аб стварэнні незалежнай беларускай рэспублікі. А ў 1910 годзе ўдзельнічала ў стварэнні беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. Дзякуючы намаганням пісьменніцы ў 1914 годзе ў Мінску пачаў выдавацца часопіс для моладзі “Лучынка”.

ЛІТАРАТУРНАЯ спадчына Цёткі вывучаецца цяпер у 7-м і 9-м класах. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Астрынскай школы, якая носіць імя пісьменніцы, Ала Балобан лічыць, што з азнаямленнем з біяграфіяй і творчасцю класіка шчучынскім школьнікам пашанцавала. Яны заўсёды наведваюцца на малую радзіму Цёткі:

— Аднойчы адзін з вучняў на магіле Алаізы Пашкевіч запытаў: “Ала Сямёнаўна, а тут сапраўды ваша цётка пахавана?” Ну што было адказаць вучню: “Цётка — гэта, хлопча, і твая, і мая, і ўсяго нашага народа”. І сапраўды так. У яе гонар названы вуліцы, школы, узведзены помнікі. Імя славутай зямлячкі носіць і Шчучынская раённая бібліятэка, у мінулым годзе адкрыты помнік у райцэнтры. Гэта значыць, што імя яе будзе жыць. Дарэчы, у нашым школьным музеі ёсць вялікая экспазіцыя, прысвечаная Цётцы. А таксама рарытэт: “Першае чытанне для дзетак-беларусаў”, выдадзенае ў 1906 годзе. Арыгінальны фаліянт падарыў нам мовазнавец Вячаслаў Рагойша. І яшчэ ў нашай калекцыі ўнікальны экспанат — буфет-крэданс з хаты Пашкевічаў.

Дарэчы, бацькоўская хата Цёткі была спалена ўласаўцамі ў Вялікую Айчынную вайну. У тым ліку згарэлі многія асабістыя рэчы, якія належалі Пашкевічам. Цікава, як успамінаюць старажылы, што кнігі ратавалі: у Алаізы была вялікая бібліятэка. Частку калекцыі ўдалося перавезці, каб захаваць, у Астрыно. Што выратаваць сяляне не маглі, прыкапалі ў Старым Двары. Але карнікі, ведаючы пра кніжныя скарбы, папярэдзілі: хто захоча дастаць з-пад зямлі кнігі Цёткі, будзе расстраляны.

Ала Балобан разважае:

— Можа, і маглі б мы больш захаваць матэрыялаў пра выдатную пісьменніцу, але… Толькі школьны музей вырашылі стварыць, калі адзначалі 100-гадовы юбілей Цёткі. У 1957 годзе спачатку школе было пададзена імя зямлячкі, а 18 снежня 1982-га — адкрыты наш музей. Матэрыялы для экспазіцыі збіралі пяць гадоў сваімі сіламі. І, самі разумееце, столькі часу ўжо прайшло: ні сведкаў, ні рэчаў. Толькі кнігі засталіся, і то іх не адшукаць… Дарэчы, роўна 100 гадоў таму Цётка выдала знакамітыя творы мастацтва, за якія вядомай  стала ў свеце, — зборнікі вершаў “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская”.

Пісьменніца Алаіза Пашкевіч цікавая і нестандартным псеўданімам. Чаму ўсё ж такі Цётка? У свой час у друку яна выступала пад псеўданімамі Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака. Але, верагодна, аўтару з імем Цётка інтуітыўна давяралі больш. Гэтая версія — першая з гісторыі з псеўданімамі. Па іншай версіі, у Пашкевіч была такая рэвалюцыйная мянушка: не паненкай пазіцыяніравала яна сябе, мяшчанка па паходжанні, а сястрой працоўнай жанчыны. Суседзі Пашкевічаў Іваноўскія ўспаміналі: “З-за прыхільнасці да простага люду прычапілася да Лізы мянушка Цётка”.

uskova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter