У Іркуцку ў чарговы раз ладзілі “Жаніцьбу Цярэшкі” — тэматычныя вячоркі з Каляднага цыклу

Гуляйце, пакуль маладыя!

У Іркуцку ў чарговы раз ладзілі “Жаніцьбу Цярэшкі” — тэматычныя вячоркі з Каляднага цыклу

Калі нехта мне кажа пра нейкія цяжкасці ў нашай краіне, хочацца запытаць: а калі ж іх не было? Нашы продкі і не такое перажывалі! То няма чаго маркоціцца. “Так ці гэтак — неяк будзе!” — аптымістычна спяваюць беларусы. І, дададзім, незалежна ад цэнаў на нафту Каляды заўсёды прыходзяць своечасова, без спазненняў. Вось мы і запрасілі іркуцкую моладзь на беларускія Каляды. Ладзіў вячоркі, збіраў усіх сваіх сяброў Іркуцкі моладзевы клуб “Крывічы” 27 снежня  на вядомай у нашым горадзе Сядзібе Сукачова.

Народныя танцы – аснова вячорак
Народныя танцы – аснова вячорак

Па традыцыі ў гульнёвай форме ажывілі мы нашымі стараннямі даўнюю традыцыю продкаў, якая называецца “Жанiцьба Цярэшкi”. Хлопцам і дзяўчатам на той “жаніцьбе” можна не толькі ад душы патанцаваць, але і знайсці сабе пару, хаця б на адзін вечар. Мы расказалі гасцям, што “Жанiцьба Цярэшкi” — гэта тое, чаго ў нашым часе не змаглі прыдумаць лепшыя шлюбныя агенцтвы. Такія вясёлыя, з пэўнай доляй гумару, але і з мудрымі, ненавязлівымі падказкамі маладым людзям у жыццёвую дарогу моладзевыя вячоркі маюць карані ў глыбокай старажытнасці. Нібы чароўны крышталь, “Жанiцьба Цярэшкi” дае пазітыўнае святло ўсім удзельнікам гульні, злучаючы музыку, танцы, песні, забавы і нават своеасаблівы спектакль. “Раскрываем таленты, дапамагаем зразумець свае патаемныя жаданні, знайсці сваё сапраўднае каханне!” — такім мог бы быць рэкламны слоган “Жанiцьбы Цярэшкi”. Дзеля гэтага, аднак, трэба самому паўдзельнічаць у забаве, а не толькі яе збоку назіраць. Можна ад душы павесяліцца, пажартаваць, выбраць таго, хто табе падабаецца ды выказаць яму сваю ўвагу. А далей — хто ведае, можа і ўсур’ёз, не гульнёва ўсё атрымаецца…

“Жанiцьбы Цярэшкi”, сцвярджаюць этнографы, была пашырана ў паселішчах беларускага племені крывічаў, прычым яшчэ да пачатку ХХ стагоддзя была абавязковым атрыбутам Калядная цыклу. Пазней пад ціскам розных абставінаў абрад некалькі забыўся. Ды  цяпер беларускія маладзёны і ў самой Беларусі, і ў нас, у Іркуцкай вобласці, адраджаюць гэтую традыцыю.

Наша пераднавагодняе свята сабрала цікавых людзей. Мы і павесяліліся разам, і далучыліся да традыцый продкаў. Дарэчы, уваход на падобныя імпрэзы мы робім бясплатным. А потым ладзім бяседны стол-чаяванне: у складчыну. Гэтак жа рабілі  і нашыя  продкі-вяскоўцы: спонсараў у вячорак ніколі не было...

Алег Рудакоў, г. Іркуцк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter