Этнакавярня традыцыйнай народнай кухні “Беларуская глеба” ствараецца ў Іркуцку

Грунт мець пад нагамі

Этнакавярня традыцыйнай народнай кухні “Беларуская глеба” ствараецца ў Іркуцку

Згадаем словы з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”: “Дык трэба грунт мець пад нагамі/, Каб не бадзяцца батракамі…”. Надзённа гучаць! Пра адкрыццё кавярні піша ў фэйсбуку Алег Рудакоў. Дзеліцца навіною, тлумачыць назву: “Чаму “беларуская” — зразумела: будуць гатавацца толькі беларускія нацыянальныя стравы. Дранікі без мукі, а яшчэ “бабка”, “зразы”, “пражанка”, “смажанка”, “зацірка”. Што да слова “глеба”, то гэта — верхні, урадлівы слой зямлі. Глеба родзіць, корміць, дае ўраджай. А значыць і ежу, прыбытак земляробам. У пераносны сэнсе глеба — аснова чаго-небудзь. “Беларуская глеба” і паядноўвае беларусаў у Сібіры. І яшчэ: заснавальнік этнакавярні — Сяргей Яўгенавіч Глебец, сябра клуба “Крывічы”, беларус па крыві, народжаны ў Прыбайкаллі”.


Фота з сайта zbsb.org

У Іркуцку даўно марылі пра такую кавярню. У памяшканні ў цэнтры горада ўжо ідзе рамонт. У адказ на маё віншаванне з пачынам справы Алег Рудакоў піша: “Амаль увесь актыў клуба “Крывічы” працуе над беларускім зместам кавярні. Шыюцца беларускія касцюмы для афіцыянтаў і бармэнаў, вырабляюцца рэчы з саломкі, збіраюцца старадаўнія прадметы побыту, пляцецца тын... У кавярні фонам будзе гучаць розная беларуская музыка: народная, папулярная, этна-рок, этна-фольк. Усіх “фішак” раскрываць не буду. Запрашаем: прыязджайце — самі пабачыце!”

Галоўнае ж, лічыць Алег Рудакоў: каб госці этнакавярні патрапілі ў сапраўдную беларускую атмасферу. Плануецца, што кавярня будзе даступнай па коштах і самабытнаю. Беларусаў у Іркуцку і вобласці шмат, так што будзе месца для сустрэч. А цяпер шукаюць беларусы Іркуцка шэф-повара: каб валодаў сакрэтамі гатавання беларускіх страў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter