Граматыка лунiнскага святара

Самародак-мовазнавец раней за навукоўца Карскага даследаваў асаблiвасцi роднай мовы Трыццаць год таму каваль з вёскi Лунiн Васiль Карпец, а ў большасцi сваёй краязнавец, перадаў мне ў спадчыну сваю мару: знайсцi i прачытаць першую беларускую граматыку, якую напiсаў святар Лунiнскай Барыса-Глебскай царквы Платон Цiхановiч. Тады я амаль не верыў словам Карпца, хаця ён пры кожнай сустрэчы сцвярджаў, што пра гэта яму не раз распавядаў святар Аляксандр Плешка.

— Аляксандру Iосiфавiчу пашчасцiла з 1910 па 1919 год быць разам з Платонам Максiмавiчам i працаваць у адным храме. Яму Цiхановiч часта казаў, што яшчэ ў 1875 годзе напiсаў сваю навуковую працу аб роднай мове.
Потым Васiль дабаўляў:
— Вось шукаў яе па многiх архiвах, музеях, ды нiякiх слядоў.
— Дык, можа, гэтай граматыкi не iснуе?
— Айцу Плешку я веру як самому сабе. Iснуе, i мы абавязкова яе знойдзем.
Аляксандра Iосiфавiча Плешку я ведаў. Вучыўся з яго ўнукам Аляксандрам у адным класе, часта бываў у iх доме. Да гэтага часу памятаю святара з кнiгаю ў руках, а матушку Вольгу з чаем: яна заўсёды частавала, да яго i сподачак з мёдам.
Пачаў пошук. Спачатку паказаўся ён мне цiкавым i абнадзейваючым. Але iшоў час. Павялiчвалiся ў аб’ёме папкi з дакументамi, а змест iх заставаўся ранейшым. I я пацiху стаў сумнявацца ў iснаваннi такой граматыкi.
У канцы 70-х гадоў мiнулага стагоддзя ў Лунiне пабываў вядомы даследчык-лiтаратуразнавец кандыдат гiстарычных навук Генадзь Каханоўскi. Ён сустрэўся з Васiлём. Як сцвярджаў сам Васiль, да Каханоўскага трапiлi яго пошукавыя пiсьмы.
Па вынiках гэтай сустрэчы ў 1984 годзе (гэта ўжо пасля смерцi Васiля. — Аўт.) з’явiлася невялiкая глава “Фiлолаг Цiхановiч” у яго кнiзе “Таямнiца часу, адчынiся”. А ў пачатку гэтага тысячагоддзя родныя, ведаючы маю цiкаўнасць да Цiхановiча, падарылi тое выданне мне.
Праз некаторы час я звязаўся з супрацоўнiцай Дзяржаўнага архiва рэспублiкi Галiнай Прыка, спаслаўся на кнiгу Каханоўскага i папрасiў яшчэ раз “прайсцiся” па архiвах. Галiны радавыя каранi ў Лунiне, i яна часта дапамагала мне ў розных пошуках. Менавiта яе заслуга ў тым, што былi знойдзены факты аб удзеле Платона Цiхановiча ў адкрыццi ў пачатку лiстапада 1864 года Лунiнскага народнага вучылiшча.
Як нi шкада, але на гэты раз мяне чакала расчараванне. Граматыкi ў архiве не было. Праўда, супрацоўнiкi падказалi, што шукаць яе трэба ў суседзяў. На далейшы пошук падштурхоўвала i ўдакладненне, зробленае Генадзем Каханоўскiм у кнiзе. Так з’явiлася сувязь з Лiтоўскiм цэнтральным дзяржаўным архiвам. Напiсаў туды пiсьмо i вельмi хутка атрымаў адказ:
 “Паважаны Мiкалай Елянеўскi. На ваш запыт адказваем, што сапраўды маем гэты дакумент. Лiчбавая копiя каштуе...” Дзякуючы супрацоўнiкам пiнскага аддзялення “Приорбанка” ўся аплата прайшла без затрымкi. Адразу ж адправiў сваю згоду з прыпiскай: “Жыву надзеяй атрымаць па электроннай пошце цi на кампакт-дыску”.
Атрымаў. Гэта была радасць! Гэты стан душы цяжка перадаць у рэальнасцi, а тым больш на паперы. Я змог пабачыць прыгожы акуратны почырк Платона Максiмавiча Цiхановiча. Здавалася, што прайшоўшыя 100 з гакам год вярнулiся. Час наблiзiў да мяне Цiхановiча так, быццам ён толькi што вярнуўся пасля службы ў царкве, паправiў рызу, пагладзiў шырокую бараду i прысеў побач на канапу. Быццам хацеў пабачыць, цi разбiраюся я ў тым, што ён напiсаў, што стварыў.
Граматыка Цiхановiча цiкавая не столькi як проста граматыка, а тым, што пабудавана на мiнi-дыялогах людзей, палешукоў, з iх непаўторнай каларытнай гаворкай. Па сутнасцi, гэта нават не падручнiк, а мастацкi твор, напiсаны мовай таго часу i тых людзей, якiя на ёй размаўлялi.
Платон Цiхановiч працаваў над сваёй граматыкай, а дакладней, першай яе часткай, некалькi гадоў. Скончыў у 1874 годзе i ў наступным прадставiў на разгляд у камiтэт дырэкцыi народных вучылiшчаў Мiнскай губернi. Можна па праву сцвярджаць, што Платон Максiмавiч з’яўляецца адным з пачынальнiкаў руху за развiццё i станаўленне беларускай мовы.
Скажу, што артыкул выдатнага фiлолага прафесара Варшаўскага унiверсiтэта Яўхiма Карскага “Да пытання аб этнаграфiчнай карце беларускага племенi”, надрукаваны iм у “Лiтоўскiх епархiяльных ведамасцях” у 1902 годзе, мае аднолькавыя моманты з граматыкай Цiхановiча. Карскi складаў сваю карту на падставе той мовы, на якой размаўлялi жыхары той цi iншай мясцовасцi. Дык вось галоўныя асаблiвасцi, якiя мае толькi беларуская мова, узяты iм за аснову ў гэтай этнаграфiчнай працы. Адзначу, што гэтыя асаблiвасцi былi выведзены Цiхановiчам яшчэ ў 1875 годзе.
Яму i яго граматыцы прысвячалiся праведзеныя ў Лунiне некалькi святаў “Лунiнская восень”. Прайшлi яны пры добрай падтрымцы Лунiнецкага райвыканкама i раённай газеты “Лунiнецкiя навiны”. Актыўны ўдзел у iх прынялi навукоўцы i пiсьменнiкi з Мiнска, Брэста. Вялiкi ўклад зрабiў у гэтую высакародную справу настаўнiцкi калектыў Лунiнскай сярэдняй школы. Поспех спадарожнiчаў мне i ў пошуках iншых звестак пра Цiхановiча. Знайшоў бiяграфiю, напiсаную iм уласна ў 1889 годзе ў сувязi з прадстаўленнем беларускага пастыра да высокай дзяржаўнай узнагароды. I як сцвярджаецца ў лютаўскiм загадзе 1890 года: “Государь император, по всеподданнейшему докладу Кавалерской Думы ордена Святой Анны, в 3-й день февраля сего года, Всемилостивейше соизволил, согласно удостоению Святейшего Синода, пожаловать сей орден 3-й степени священнику церкви села Лунин Пинского уезда Платону Тихоновичу — за 25-летние труды по народному образованию”.
Ёсць звесткi, што Цiхановiч напiсаў i другую частку граматыкi, куды ўвайшлi пагаворкi, легенды, народныя песнi... Наколькi гэта праўда, сказаць цяжка, бо грунтоўных гiстарычных звестак пакуль што не сустракалася.
У адным з царкоўных фармуляраў, падобным да дзённiка вясковага жыцця, якi вялi сам святар, дзяк Iван Журакоўскi, псаломшчык Аляксандр Плешка, — а ў той кнiзе амаль усё жыццё прыхаджан таго часу, — у 1919 годзе рукой 83-гадовага П.М.Цiхановiча напiсаны такi радок: “Выбыў з Лунiна 10 снежня”.
Памёр у 1922 годзе. Пахаваны ў вёсцы Пагост-Загародскi.
Можна было б паставiць кропку. Але думаю, што гэта не так i вось чаму: вельмi важна знайсцi здымак Платона Цiхановiча, якi, безумоўна, недзе ёсць. Можа, сярод чытачоў газеты знойдуцца тыя, хто падкажа нiтачку, за якую можна ўхапiцца, каб знайсцi фота мовазнаўца-самародка?

  Вось вытрымкi з першай главы “А. Мова. З асаблiвасцяў у вымаўленнi гукаў, як зычных, так i галосных:

— А скылечкi я тобi вiноват грошей? От i я уже забыуся, быццам десять золотых.
— Займать то вын не забыуся, а уже трети раз у мене пытаецца, дай не памятае. Хiба у iого память гэтака коротка.
-
— А сыночка ты не оженитимешь? А дочок неотдаватимешь замуж? Нащо ж ты их маеш годовати? Отдавай, коли люди знаходяцца.
-
—  А отчого гэтая лушпайка?
— Гэто мабыць с каштана.
—  Да яка хороша, як помалювана.
-
— Чого ты шукаеш?
— А где наш котко?
— Оньде пыд лаукою седить, а ты й не бачышь.
-
—  Чы гэто волова шкура, чы коровья?
— Мабыць волова, бо вельми тоустая.
-
— Чого ты до мене чепляесса? Чого ты од мэне хоч? Ну вгэ й с тебя чоловик, чорт видае, чого чэпляецца, здаецца я тоби крыуды ниякой не зробиу, от таки хочэш посварытиса. Одчеписа ты од мяне, шчезни ты, лихи, гэто мара, а не чоловик.
-
— Ах яки ты дивны чоловик! Ну куды ты поедишь, гэтакая година на дворе. Не липшь бы тоби переночовати, а завтра протиу дня и поихау бы, тепере ж дороги - и слиду нигде нема, гето ты нигде заблудишь, дай загинешь. Переночуй липш, я тоби кажу. А з рештою, коли уге так намыгса пхати, то иди соби за возом. Ах, гэтакая завия на дворы, а вын и попхав, нигде загине на дорози.
— Ну що ты иому зробиш? На упартого лекарства нема.
-
— От теперь нашым панам и споконы мало.
— Чому так?
— От взяли грошы за лис да и издять соби куды хочут. Пан паном, таки иому николи великой бяды нема.
-
— Ой, як бо ты любиш жартовати, чому то ты не любиш, як с тебя хто стане збытковати?
— Чому, нехай збыткуе.
— Ах яки ты розумны! Небыйсь, зарез закопысиш носа, дай пыйдеш мормычучы соби пыд ныс.
— Ожно так, прошу тебя, не втыкай свойго языка, куды не слидно, лиш ты помоучы, абы я тебе не чепаю.
-
— Чы не бачыу ты вероуки? Вона лежала там пыд шыпкою.
— Не, не брау.
— То певно уге нихто украу, бо у нас гэтаких майстрыу нимало, готовое прыбиратиж.
— Ах як у мене литось на ночлези нихто коня украу, щоб иого беда взяла, дай добры быу кынь, вельми быу сильны, дай натуры жаднои не мау. Дай що я шукау, що я пытау, пропау вичным правом. А тепер купиу у жыдыу, але уге не таки. Дорого я за иого заплатиу, але ниц - варты. Осимдесят рублиу за иого дау, Але вын не варты того, що коштавау лиш пятьдесят.
-
— Що ты бересса не за свое дило. Чы ты гэтую рэч зробиш так, як слидно?
— О сам побачыш. А як крошки и не так буде, то що.

(Потым “у” кароткае будзе пiсацца так, як яно i пiшацца цяпер — “ў”.)

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter