Горад з прыстаўкай “рэтра”.

У гістарычным цэнтры Мінска з’явяцца музей карэт і пешаходная зона. Цікава, а якія яшчэ змены чакаюць стары горад? Што размесціцца ў адрэстаўраваных будынках? Ці з’явіцца ў горадзе пешаходная зона? І наколькі гістарычны цэнтр упішацца ў сучасны мегаполіс? Будучыню мінскага мінулага высвятляла карэспандэнт “НГ”.

У гістарычным цэнтры Мінска з’явяцца музей карэт і пешаходная зона.

Цікава, а якія яшчэ змены чакаюць стары горад? Што размесціцца ў адрэстаўраваных будынках? Ці з’явіцца ў горадзе пешаходная зона? І наколькі гістарычны цэнтр упішацца ў сучасны мегаполіс? Будучыню мінскага мінулага высвятляла карэспандэнт “НГ”.

Сярод люстраных банкаў, высотных жылых дамоў і гандлёвых цэнтраў гістарычны цэнтр з нізкімі будынкамі, ажурнымі лесвіцамі і брукам, нібы востраў, у вялікім акіяне. Плошча гістарычнага цэнтра амаль 80 гектараў. У яго ўвайшлі Траецкае і Ракаўскае прадмесці, Верхні горад і прылеглая да яго тэрыторыя, комплекс былога траецкага манастыра (сёння 2-я гарадская клінічная бальніца) і ландшафтная зона ўздоўж ракі Свіслач.
На сёння ў рабоце знаходзіцца больш як 50 аб’ектаў гістарычнага цэнтра. Па дваццаці з іх распрацоўваецца праектная дакументацыя, шэсць знаходзяцца ў стадыі ўзгаднення і экспертызы. А на дваццаці васьмі поўным ходам ідуць будаўніча-мантажныя работы.
За будынкам Ратушы хутка павінна з’явіцца Канцэртная зала дзіцячай філармоніі, якая ствараецца на месцы былой царквы Святога Духа. Яна стаяла там некалькі стагоддзяў, але была знішчана ў 1936-м. У мінулым годзе з’явілася каробка будынка, а ў гэтым рабочыя прыступяць да афармлення інтэр’ера і фасада.
Праз пэўны час паміж ракой Свіслач і Кафедральным саборам адчыніць дзверы духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай праваслаўнай царквы. У комплексе будынкаў размесціцца духоўная акадэмія, якая зараз знаходзіцца ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры. Аб’ект адначасова складаны і цікавы. Для роспісаў інтэр’ера запрошаны лепшыя мастакі. Тэматыка роспісаў зацвярджалася спецыяльным мастацкім саветам з удзелам мітрапаліта Філарэта.
У Верхнім горадзе на вуліцы Кірыла і Мяфодзія ідзе рэканструкцыя будынкаў кляштара бернардзінцаў XVII—XVIII стагоддзяў. Пасля таго як адсюль з’ехала ваенная камендатура, кляштар доўгі час пуставаў.  Было вырашана адрэстаўраваць будынкі і размясціць тут невялікую гасцініцу ў сярэднявечным стылі, а таксама тры музеі — карэт, манастырскага побыту і музей археалагічных знаходак.

Пешшу па брукаванцы

— Наша недалёкая перспектыва — праект рэканструкцыі замчышча старажытнага Мінска, — дзеліцца планамі намеснік дырэктара КУП “Мінская спадчына” Аляксандр Кохан. — Ён будзе рэалізаваны на тэрыторыі, якая з’яўляецца калыскай горада, месцам, адкуль Мінск пачынаўся. Гэта тэрыторыя па абодва бакі праспекта Пераможцаў у раёне перасячэння яго з вуліцай Няміга. Мяркуецца, што ў адноўленых будынках ХІІ стагоддзя размесціцца гісторыка-археалагічны цэнтр.
Канешне, зусім нелагічна, каб між такімі шматвяковымі аб’ектамі раз’язджалі на сучасных аўто. Запланаваны ў гістарычным цэнтры пешаходныя зоны. Да прыкладу, уезд на вуліцы Гандлёвая і Рэвалюцыйная будзе адкрыты толькі для тэхналагічнага транспарту. Для зручнасці мінчан і турыстаў на Кастрычніцкай плошчы будзе пабудаваны падземны паркінг.

Начынка для сучасніка

За гады дзейнасці “Мінскай спадчыны” ў эксплуатацыю ўведзены каля пяцідзесяці аб’ектаў. На рэстаўрацыю ўжо затрачана больш за 380 млрд рублёў з бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў — на тэрыторыі гістарычнага цэнтра рэалізуецца шэраг інвестыцыйных праектаў. Усе яны праходзяць сур’ёзнае ўзгадненне, ацэньваецца знешні выгляд будынкаў — яны павінны ўпісвацца ў архітэктуру гістарычнага цэнтра. Напрыклад, тут ніколі не з’явяцца хмарачосы са шкла і металу.
— Калі гаварыць пра начынку, то, канешне, яна не будзе адпавядаць гістарычнаму напаўненню. Часта функцыі будынкаў мяняліся, — тлумачыць Аляксандр Кохан. — Напрыклад, у бернардзінскім манастыры на вуліцы Кірыла і Мяфодзія знаходзілася і ваенная камендатура, і пракуратура, і складскія памяшканні. Таму ўнутранае напаўненне можа быць розным пры ўмове захавання санітарных, пажарных і іншых норм. Мы стараемся, каб гэта месца было максімальна прыцягальным для турыстаў, падыходзіла для адпачынку гараджан. Мы за тое, каб у гістарычным цэнтры адкрываліся агульнадаступныя аб’екты — крамы, кафэ, рэстараны... Каб гэта месца жыло.
Гістарычны цэнтр — не застылы кадр мінулага, як і іншыя раёны Мінска, гэта таксама зменлівая тэрыторыя. Тут сканцэнтравана архітэктура XVI—XVIII і нават XXI стагоддзяў. Узяць, да прыкладу, вуліцу Няміга з яе вялізным гандлёвым домам, Цэнтрам моды, сучаснымі жылымі дамамі... Ніхто не збіраецца іх зносіць ці перабудоўваць. У гэтым ёсць спалучэнне стыляў архітэктуры і эпох. Чалавек, які трапляе ў горад, павінен адчуваць яго шматвяковую гісторыю.

Топ-5 гістарычных месцаў Мінска, якія варта наведаць турысту:

1. Гарадская Ратуша. Сімвал беларускай сталіцы, пабудаваны на месцы адміністрацыйнага будынка 1600 года.

2. Кафедральны сабор. Галоўны храм Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы, дзе знаходзіцца цудадзейны абраз Божай Маці Мінскай, набыты мінчанамі ў 1500 годзе.

3. Траецкае прадмесце. Уяўляе комплекс жылых дамоў ХІХ стагоддзя. Для турыстаў пададуцца цікавымі шматлікія музеі і галерэі, якія размяшчаюцца на яго тэрыторыі.

4. Сабор святых апосталаў Пятра і Паўла. Найбольш старажытная царква і адзіны помнік эпохі Рэнесансу ў Мінску. Па сведчаннях спецыялістаў, роспісы ў храме параўнальныя па багаццю з роспісамі храма Хрыста Выратавальніка ў Маскве.

 

5. Ракаўскае прадмесце (вуліцы Няміга, Ракаўская, Віцебская, Вызвалення). Гістарычны цэнтр Мінска, які ўзнік у ХІ стагоддзі. Падчас Другой сусветнай тут размяшчалася мінскае гета. Сёння тут можна ўбачыць будынкі былой сінагогі, вышэйшага іудзейскага духоўнага вучылішча, майстэрняў і фабрык, якія належалі мінскім яўрэям.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter