Гонка за медалямі пачалася

Мільёны людзей ва ўсім свеце ўбачылі яркую цырымонію адкрыцця чэмпіянату свету па велатрэку

Мільёны людзей ва ўсім свеце ўбачылі яркую цырымонію адкрыцця чэмпіянату свету па велатрэку

Учора на веладроме “Мінск-Арэны” спаборніцтва адкрылі кваліфікацыйныя заезды ў каманднай гонцы праследавання ў мужчын. Чатыры з 19 камплектаў узнагарод ужо разыгралі.

Перад першай вячэрняй сесіяй адбылася ўнікальная цырымонія адкрыцця чэмпіянату, у якой прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Цікава, што звычайна тэлекампаніі ніколі не трансліравалі адкрыццё спаборніцтваў па веласпорту, а паказвалі ў эфіры толькі турніры, максімальна папулярныя ў гледачоў. Аднак калі замежныя прадзюсары і рэжысёры азнаёміліся са сцэнарыем беларускай цырымоніі, адразу пяць міжнародных тэлеканалаў вырашылі паказаць яе ў прамым эфіры.

Прэзідэнт Міжнароднага саюза веласіпедыстаў Пэт Маккуэйд адзначыў, што Беларусь паспяхова спраўляецца з правядзеннем чэмпіянату свету.

— Калі мы атрымалі заяўку ад Беларусі як кандыдата на яго правядзенне, мы зрабілі ўсё, каб гэтая заяўка была прынята і рэалізавана. Мы бачым, што гэта можа служыць развіццю веласпорту як у Беларусі, так і ў бліжэйшых краінах, — сказаў ён.

Высокі ўзровень арганізацыі спартыўнага форуму адзначылі і іншыя замежныя госці. “Шмат гадоў займаюся падрыхтоўкай чэмпіянатаў, і скажу, што турнір у Мінску пакуль самы лепшы ў плане арганізацыі і дысцыпліны”, — падкрэсліў італьянец Карла Петроцы, прадстаўнік Міжнароднага саюза веласіпедыстаў.

Наша краіна праводзіць першы чэмпіянат свету па велатрэку ў новым алімпійскім цыкле. А гэта значыць, што ў складзе каманд з розных краін заяўлены маладыя і перспектыўныя спартсмены. Для іх чэмпіянат стане адным з этапаў падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у 2016 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра.

— У Беларусі сабралася эліта веласпорту, слабыя спартсмены на спаборніцтвы такога ўзроўню не паедуць. За кожны медаль будзе ісці гарачая барацьба, — падкрэсліла Ніта Юдаі, чэмпіён свету па веласпорту з Японіі.

Традыцыйна фаварытамі велагонак лічацца спартсмены з Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Францыі. У Мінску выступаюць маладыя брытанскія зоркі, алімпійскія чэмпіёны Лондана Джэйсан Кені, Філіп Хайндс, Лаўра Трот і Дэні Кінг. Каманда Аўстраліі таксама прэтэндуе на некалькі залатых узнагарод, нягледзячы на тое, што двухразовая алімпійская чэмпіёнка Аліна Мірс не выступіць у спаборніцтвах. Найбольш шматлікая каманда ў Расіі, якая заявіла на чэмпіянат 31 спартсмена. Гэта амаль у два разы больш, чым у аўстралійцаў і брытанцаў.

Сёння праходзіць другі дзень спартыўнага форуму. Будуць разыграны медалі па наступных дысцыплінах: індывідуальная гонка праследавання, камандны спрынт і скрэтч сярод мужчын, камандная гонка праследавання і гіт у жанчын 260 велагоншчыкаў з 35 краін прымаюць удзел у міжнародным спартыўным форуме.

 — Я з групай маладых веласіпедыстаў прыехала ў Мінск для таго, каб на свае вочы ўбачыць чэмпіянат свету, — расказала карэспандэнту “НГ” глядач спаборніцтваў Ксенія Багаяўленская, якая займаецца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву № 2 горада Масквы. — Прыбылі раніцай, засяліліся ў гатэль і адразу пайшлі ў “Мінск-Арэну”. Вельмі рады, што знаходзімся зараз у беларускай сталіцы, якая сустрэла нас святочнай атмасферай. Спадзяюся, што праз некаторы час таксама буду прадстаўляць сваю краіну на такіх значных спаборніцтвах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter