Ірына Паскевіч лічылася адной з самых зайздросных пецярбургскіх нявест сярэдзіны XIX стагоддзя

Гомельская дабрадзейка

Па-першае, Ірына Іванаўна Варанцова-Дашкава (Паскевіч) была прадстаўніцай старажытнага і вельмі славутага дваранскага роду. Заснавальнікам яго лічыўся вараг Афрэк, брат вядомага з рускіх летапісаў ярла Якуна Сляпога, што быў на службе ў кіеўскіх князёў у ХІ стагоддзі.


Па-другое, Варанцовы-Дашкавы на працягу некалькіх стагоддзяў, знаходзячыся практычна ля самога расійскага прастола, аказвалі істотны ўплыў на палітыку Расійскай дзяржавы. Бацька Ірыны, Іван Іларыёнавіч Варанцоў-Дашкаў, таксама займаў высокае палітычнае становішча: ён быў обер-цырыманіймайстрам і значыўся згодна з табелем аб рангах сапраўдным тайным саветнікам.

Па-трэцяе, сям’я была вельмі багатая — матэрыяльных сродкаў Варанцовым-Дашкавым цалкам хапала не толькі на тое, каб весці вартае іх гонару жыццё, але і каб усяляк дэманстраваць сталічнаму свету сваю перавагу. Пецярбургскі салон, якi адкрыла маці Ірыны, адна з першых прыгажунь сталіцы Аляксандра Кірылаўна, вызначаўся раскошай і лічыўся адным з самых прэстыжных у Пецярбургу. Тут услаўлялі прыгажосць, розум, вытанчанасць і ўмелі зацікавіць гасцей.

Аднойчы салон Аляксандры Кірылаўны наведаў сын героя руска-персідскай і руска-турэцкай войнаў, праслаўленага фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча-Эрыванскага Фёдар Паскевіч. Спадчыннік славы састарэлага бацькі, Фёдар Іванавіч ужо не быў легкадумным юнаком. Але, дажыўшы да трыццаці гадоў, усё яшчэ не ажаніўся. І, здаецца, пакуль ні разу сур’ёзна не кахаў. Юная Ірына Варанцова-Дашкава завалодала яго думкамі настолькі, што ён хутка ператварыўся ў пастаяннага наведвальніка салона і стаў імкнуцца ўсяляк прыцягнуць да сябе ўвагу дзяўчыны, якая была ўвесь час акружана прыхільнікамі. Багацце, здабытае бацькам на марсавых палях, дазваляла яму заляцацца да княжны, і вытанчаныя знакі ўвагі Паскевіча былі ацэнены бацькамі Ірыны.

Аднак, калі, ў рэшце рэшт, дачка заявіла, што збіраецца прыняць прапанову Паскевіча, радасці ў іх гэта не выклікала. Пра Паскевіча-старэйшага ў свецкіх колах казалі не інакш як “з гразi ў князі”. Зрэшты, гэтыя словы сапраўды падыходзілі для вызначэння становішча фельдмаршала. Нашчадак небагатага літвінскага шляхціча Пасько Чалага, які жыў у ХVII стагоддзі, стары Паскевіч не толькі багацце, але і княжацкі тытул атрымаў выключна дзякуючы сваім асабістым воінскім талентам. Сын быў зусім не падобны да бацькі, аднак гэта ўжо ніхто не прымаў да ўвагi.

Родныя і блізкія як маглі адгаворвалі князёўну Ірыну ад такога неразумнага выбару, але, відаць, пачуцці, якія звязвалі дзяўчыну з непажаданым для яе бацькоў прэтэндэнтам, былі нежартоўныя. Шлюб адбыўся. Вышэйшы свет быў уражаны. Замужжа Ірыны Варанцовай-Дашкавай было ўспрынята як выклік. Таму на Англійскай набярэжнай цяпер прымалі толькі найбольш блізкіх ёй людзей.

Калі ў самым пачатку 1856 года 74-гадовы фельдмаршал Паскевіч памёр, Ірына Іванаўна без шкадавання згадзілася пакінуць сталіцу Расійскай імперыі, каб разам з мужам уступіць ва ўладанне спадчынай свёкра. Галоўным маёнткам Паскевіча-старэйшага быў Гомель. Яму належала палова горада, старая яго частка.

Абжываючы раскошны гомельскі палац свайго свёкра, якога ў дадатак да ўсяго імператар Мікалай І прызначыў сваім намеснікам у Польшчы, княгіня Ірына міжволі пачынала думаць пра людзей бедных, якіх бачыла так шмат вакол сябе. Захапляючыся прозай вялікіх расійскіх гуманістаў Талстога, Дастаеўскага, Тургенева, яна пачынала адчуваць неабходнасць служэння блізкаму. І вось у 1857 годзе, усяго праз чатыры гады пасля замужжа, княгіня Паскевіч прымае рашэнне ахвяраваць штомесяц па дзесяць рублёў серабром для бясплатнага жаночага вучылішча. Па яе ініцыятыве і на яе сродкі ствараюцца і ўтрымліваюцца прытулак для дзяўчынак-сірот, дзіцячы прытулак гарадскога папячыцельства бедных і багадзельня для старых жанчын.

Помнік Ірыне Паскевіч у Гомелі.

З кожным годам Ірына Паскевіч усё больш і больш аддавалася справам дабрачыннасці. Востра адчуваць беды і цяжкасці іншых людзей яе навучыла ўласная бяда. Жадаючы мець дзяцей, Ірына Іванаўна аднойчы мусіла выслухаць безапеляцыйны прысуд урачоў: дзяцей у іх з князем Паскевічам быць не можа... Пазбаўленая магчымасці прылашчыць уласнае дзіця, княгіня дарыла любоў чужым дзецям, якія пазбавіліся бацькоў. Менавіта для іх, дзетак-сірот, адкрыла княгіня на перакрыжаванні вуліц Замкавай і Траецкай салон, у якім іх навучалі музыцы і спевам. Але і тыя гомельскія дзеці, якія мелі сем’і, не былі забытыя княгіняй. У вёсцы Сцюдзёная Гута пад Гомелем Ірына Іванаўна пабудавала школу для вясковых дзетак. А ў самім Гомелі на грошы Паскевічаў была створана мужчынская класічная гімназія.

Але пані-дабрадзейка займалася не толькі гэтым. У вольны час яна спрабавала сябе на літаратурнай ніве. Да тых аповедаў і навел, якія выходзілі з-пад яе пяра, княгіня ўсур’ёз не ставілася. І таму яна ўзялася за такую грунтоўную і нялёгкую ва ўсіх адносінах працу, як пераклад рамана-эпапеі Л. Талстога “Вайна і мір” на французскую мову. Пад псеўданімам Una russe (“Адна руская”) пераклад з’явіўся ў Францыі ў 1873 годзе. Менавіта з перакладу Ірыны Паскевіч былі зроблены першыя пераклады “Вайны і міра” на англійскую, венгерскую, галандскую, польскую і турэцкую мовы. Літаратурную працу гомельскай княгіні высока ацэньваў І. Тургенеў.

У 1903 годзе княгіня Ірына аўдавела, пражыўшы ў шлюбе пяцьдзясят гадоў. Яна засумавала, апранулася ў цёмнае адзенне на ўсё астатняе жыццё і яшчэ болей паглыбілася ў справы дабрачыннасці і міласэрнасці. У 1905 годзе ахвяравала дзесяць тысяч рублёў на заснаванне імянной стыпендыі пры Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. У 1907 годзе на ўласныя грошы Ірына Іванаўна пабудавала водаправод у Гомелі, падарыла гораду дзве пажарныя вышкі, каменны будынак для рамесных класаў мужчынскага прыходскага вучылішча.

Вымушаная прыняць пасля смерці мужа ў свае рукі кіраванне шэрагам прадпрыемстваў, якія належалі яму, княгіня Паскевіч паказала сябе не проста паспяховым кіраўніком, але і чалавекам новага мыслення.

Неяк княгіня сустрэла на вуліцы яўрэйскага хлопчыка, які гандляваў булкамі з макам. Нешта прыцягнула яе ўвагу да яго, і яна вырашыла заняцца будучыняй хлопчыка (Абрам Брук, аказаўся сіратой і марыў стаць доктарам). Ірына Іванаўна дапамагла гэтай мары збыцца. Пасля таго як Брук атрымаў неабходную першапачатковую адукацыю ў Гомелі, княгіня-дабрадзейка накіравала яго вучыцца ў Швейцарыю на афтальмолага. Аднойчы яна заўважыла, што ў горадзе і яго наваколлях надта ж многа людзей пакутуюць на трахому. Сама княгіня таксама пачала слепнуць. Гораду патрэбны быў не проста кваліфікаваны доктар. Варта было пабудаваць спецыялізаваную лячэбніцу. Ірына Іванаўна фінансавала яе будаўніцтва, на ўласныя грошы падрыхтаваўшы цэлы шэраг высокакваліфікаваных урачоў. Акрамя Брука, гэта былі Старавінскі, Аляксандраў, Васілеўскі.

Вочная лячэбніца была не адзінай медыцынскай установай, адкрытай Ірынай Іванаўнай. У 1912 годзе яна будуе гінекалагічную бальніцу і радзiльню. А таксама ахвяруе грошы на ўзвядзенне нейрахірургічнай клінікі Пірагова ў Пецярбургу.

У гады Першай сусветнай вайны па ініцыятыве княгіні Паскевіч быў пабудаваны ваенны шпіталь на сто ложкаў. Дзейснае спачуванне гомельскай княгіні рускім параненым воінам атрымала шырокі рэзананс. У 1915 годзе падзякаваць Ірыну Паскевіч у Гомель прыехаў сам цар Мікалай II. Гэта былі апошнія гады існавання царскай Расіі.

Праз тры дні пасля ўстанаўлення ў Гомелі ў лістападзе 1917 года савецкай улады княгіня Паскевіч перадала ўсю сваю маёмасць дзяржаве і назаўжды пакінула палац. Першапачаткова Ірына Іванаўна жыла пры вочнай лячэбніцы, дзе доктар Брук выдзелiў для яе пакой. Потым улады далі ёй маленькую кватэрку непадалёк ад палаца, які перадалі піянерам і краязнаўчаму музею. Пайшла з жыцця княгіня Ірына 14 красавіка 1925 года амаль у 90 гадоў.

Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter