Голас жыцця

Дзе яшчэ, як не ў глыбінцы, па-асабліваму адчуваеш яго

Дзе яшчэ, як не ў глыбінцы, па-асабліваму адчуваеш яго

Глускі раён прыхаваўся ў заходнім куточку Магілёўшчыны. Толькі не скажыце, ён усё болей заяўляе аб сабе на вытворчым полі. Вунь пазалетась дасягнуў 6-тысячатоннай прыбаўкі да ўраджаю, а камбайнер СВК «Слаўгарадскі» Віталь Дземідзенка ўпершыню ў гісторыі гэтага краю выйшаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва, нямала іншых дасягненняў.

З думкай аб хлебе

Цяпер важнейшы хлебаробскі клопат — жніво. Невыпадкова гэтаму пытанню было прысвечана пасяджэнне райвыканкама, на якім давялося прысутнічаць і карэспандэнту «Р». Гаворка вялася зацікаўленая. Тон задаў старшыня райвыканкама Аляксандр Багель. «Мы не павінны страціць ні кілаграма, ні жмені збожжа, якое з цяжкасцю здабываецца, — заявіў ён. — Трэба забяспечыць гатоўнасць і тэхнікі, і людзей». Прааналізавалі стан спраў у кожнай гаспадарцы, нават такую, здавалася б, дробязь, як забеспячэнне механізатараў спецвопраткай, не абышлі ўвагай. Культурнае суправа­джэнне важнай кампаніі, арганізацыя спаборніцтва, стварэнне спрыяльных умоў для ўдзельнікаў жніва — усё прадугледжана.

— Раён, — расказаў у інтэрв’ю «Р» намеснік старшыні абласнога камітэта па сельскай гападарцы і харчаванню Васіль Сысоеў, — адным з першых у вобласці пачынае жніво. Вось чаму яму такая пільная ўвага. У цэлым гатоўнасцю тэхнікі мы задаволены. Відавочны плюс тое, што амаль 70 працэнтаў камбайнаў тут — ад году да трох, яшчэ чатыры новыя павінны паступіць. Так што усяго 37 машын. Дастаткова, каб у сціслыя тэрміны ўбраць хлебную ніву. Важна, што камбайны забяспечаны механізатарамі, якія вядуць апошнія іх прыгатаванні. Якая дапамога патрэбна з боку абласных службаў, яе аказваем. Улічваючы сітуацыю, важна ўзмацніць кантроль за выкарыстаннем гаруча-змазачных матэрыялаў, вагавай гаспадаркі, месцаў скла­дзіравання збажыны. Перакананы, што са сваёй задачай у раёне справяцца паспяхова.

А потым мы з Аляксандрам Багелем выехалі ў раён.

Вяртанне Дзем’янкова

— А ведаеце, — расказвае Багель, — у СВК «Слаўгарадскі» вярнуўся яго былы старшыня Яўген Дзем’янкоў, які ў апошні час пражываў у Мінску.

Па праўдзе, для мяне гэта было навіной. Я асабіста добра ведаў Яўгена Мікалаевіча. Раней ён быў старшынёй калгаса «Рэвалюцыя» Слаўгарадскага раёна. Аднак тую мясцовасць накрыла Чарнобылем... Дзем’янкоў разам са сваім калектывам вымушаны быў перабірацца ў іншае месца. Выбралі Заеліцу Глускага раёна. Тут і абжываліся. Калгас, як напамінак аб тых мясцінах, дзе працавалі раней, назвалі «Слаўгарадскі». Дзе пакрысе, а дзе, як кажуць, подбегам вырашалі справы. Неўзабаве «Слаўгарадскі» — ужо на вядучых ролях у раёне. Ішлі ад дасягненняў да дасягненняў. Аж два аграгарадкі на тэрыторыі гаспадаркі. Дзем’янкоў — кавалер ордэна Пашаны, іншых дзяржаўных узнагарод, быў навідавоку. Паўтара дзясятка гадоў кіраўніцтва гаспадаркай. Аднак па стану здароўя вымушаны быў перабрацца ў сталічны горад. Толькі, як бачна, доўга там і не пратрымаўся, сяло зноў паклікала.

— Дык кім будзе працаваць Дзем’янкоў? — пытаюся ў Багеля.

— Памочнікам у свайго сына Дзмітрыя, які цяпер узначальвае «Слаўгарадскі».

Iніцыятыва-саюзніца

Прызнаюся, з ахвотай сустракаюся са старшынёй СВК «Зара» Васілём Доўбікам. Па-першае, ён з новага пакалення кіраўнікоў, хаця ўжо восем гадоў ля руля гаспадаркі. Па-другое, цікава паназіраць, як ён з работнікаў культуры перакваліфікаваўся ў сельскагаспадарчыя. Па-трэцяе, тонка адчувае жыццё, гатовы ўкараняць новае, прымаць неардынарныя рашэнні.

Хаця гаспадарка, як кажуць, на хаду: пад сваё крыло ўзяла яшчэ адну. І зараз налічвае 7 тысяч гектараў сельгас­угоддзяў, 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, цудоўны гарадок узве­дзены на яе цэнтральнай сядзібе.

— Дык чым сёння здзівіце, Васіль Мікалаевіч? — пытаемся ў Доўбіка.

— Ды вось збіраемся на новым жывёлагадоўчым комплексе на 700 галоў укараняць калектыўную форму адказнасці работнікаў за сваю працу. Мы падышлі да гэтага. Комплекс — сучасная вытворчасць. А мы сёння павінны не проста ўзнімаць вытворчасць, а паскорана крочыць наперад. Ну вось і распрацавалі адпаведную дакументацыю. Паспрабуем укараняць новаўвядзенне на адным вытворчым падраздзяленні, а потым на іншых. Людзі, перакананы, падтрымаюць нас, бо яны хочуць і павышэння заробкаў, і росту прадукцыйнасці працы.

— Вартая ўвагі ініцыятыва, — выказвае сваю думку Багель, — мы ў раёне падтрымаем яе. Аднак трэба яшчэ раз усё абдумаць, каб не ішло ўразрэз з жыццём, а галоўнае, было на карысць вытворчасці і людзям.

Ластаўкі над гарадком

Толькі з маста праз раку Пціч узня­ліся на пагорак, як убачылі новы мікрараён На Сямі Вятрах. Тут і шматпавярховыя дамы, школа, спортзбудаванні. А за імі далей нізкая мясцовасць, на якой хмызы, розная балоцістая расліннасць. Увесь выгляд сапсавалі... А тут раптам акультураныя тэрыторыі, ластаўкі праносіліся са сваім нязменным піскам! «Дык што адбылося?» — пытаюся ў Багеля. «Меліяравалі гэты ўчастак, — адказвае ён. — Даўно напрошвалася. Ну вось падабралі момант, а тут дзяржаўная дапамога падаспела. Цяпер на гэтых тэрыторыях — збожжавыя, а потым сюды падыдзе мікрараён з жылымі дамамі, усёй інфраструктурай. Адным словам, манеўр для нашых праектантаў, будаў­нікоў, мы задаволены.

Прызнаюся, парадаваўся за такія змены і я: можа, мы перажываем і нялёгкія часіны, але голас жыцця адчуваецца. І хай ён ніколі не змаўкае.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter