Год культуры завяршаецца - працягу быць!

Несумненным дасягненнем гэтага года стала правядзенне некалькіх зусім новых конкурсаў у сферы культуры
Разам з каляндарным годам завяршаецца і аб’яўлены сёлета Год культуры. Ці апраўдаў ён сябе, можна меркаваць і па колькасці, і па гучнасці культурных падзей. Чаго каштуе толькі прыняты летам Кодэкс культуры, які не мае аналагаў у СНД: 5 раздзелаў, 27 глаў, 257 артыкулаў і звыш 60 навацый, якія, у прыватнасці, тычацца падтрымкі беларускіх дыяспар за мяжой і ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу.

Несумненным дасягненнем гэтага года стала правядзенне некалькіх зусім новых конкурсаў у сферы культуры — у першую чаргу дзеля таго, каб адзначыць тых, хто аддае ёй не толькі свае намаганні і час, але і душу. У пачатку 2017-га павінны падвесці вынікі конкурсаў “Чалавек Года культуры”, “Бела-тон” на лепшую сучасную эстрадную песню пра Беларусь, “Геній стартап” — праект накіраваны на развіццё творчай ініцыятывы моладзі.

Традыцыйна прымусілі гаварыць пра сябе галоўныя культурныя аб’екты краіны. Музей-запаведнік “Нясвіж” узнагароджаны прэстыжнай прэміяй Europa Nostra Awards. Мірскі замак узбагаціўся на васямнаццаць раней невядомых партрэтаў Радзівілаў. Нацыянальны мастацкі музей прадставіў свае старадаўнія іконы на экспанаванне ў Ватыкане і іспанскім Таледа. “Беларусьфільм” парадаваў здымкамі першага ў Беларусі аніміраванага мюзікла “Зоркі сёмага неба”.

Сотні культурных падзей адбыліся ў кожным раёне краіны. Толькі ў Маладзечна, аб’яўленым сёлета Культурнай сталіцай Беларусі, было праведзена звыш 700 канцэртаў, выстаў, творчых сустрэч і іншых мерапрыемстваў. Карацей кажучы, больш за 65 тысяч чалавек, занятых у сферы культуры, не сядзелі склаўшы рукі. Шмат тых, хто не мае непасрэднага дачынення да гэтай сферы, таксама атрымалі добры стымул, каб павысіць культурны ўзровень — свой, свайго працоўнага месца, у быце і гэтак далей. Мерапрыемствы Года культуры закранулі самыя розныя напрамкі нашага жыцця. Упэўнена, што многім і вочы адкрылі: перш чым марыць пра венскую оперу і луўрскія экспанаты, варта пазнаць усё багацце ўласнай культуры, на якое раней проста не звярталі ўвагі. Бо калі нашымі іконамі натхняюцца іспанцы, а ад беларускіх спектакляў атрымліваюць асалоду шмат чаго бачыўшыя французы, то і нам грэх не пазнаёміцца з нацыянальнымі здабыткамі.

Нямала цікавых культурных падзей чакае нас і ў надыходзячым годзе. Тут і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і 130-годдзе з дня нараджэння Марка Шагала, і юбілеі Якуба Коласа і Янкі Купалы. І гэта не кажучы пра традыцыйныя фестывалі — “Славянскі базар у Віцебску”, Мінскі міжнародны кінафорум “Лістапад”, “Белую вежу” ў Брэсце, “Анімаёўку” ў Магілёве... Як ні круці, а ў Беларусі што ні год, то Год культуры. Цікаўцеся, натхняйцеся, развівайцеся!..
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter