Пачаць сваю справу і ўзяць субсідыю на яе развіццё Розе Пастуховай дапамаглі сыны. Менавіта яны расказалі маме аб гэтай дапамозе ад дзяржавы і на асабістым прыкладзе паказалі, што такую грашовую падтрымку рэальна атрымаць любому зацікаўленаму.

Спевы птушак, грыбы ды ягады
— Ігар і Арцём ужо шмат гадоў займаюцца вырабам мэблі і ў свой час, напісаўшы бізнес-план, таксама ўзялі субсідыю, — расказвае Роза Мікалаеўна. — На гэтыя грошы купілі сталярны інструмент. Не заўсёды з сямейнага бюджэту можна вылучыць неабходную суму. Субсідыя, я лічу, дае добры стартавы капітал.Ідэя заняцца аграэкатурызмам нарадзілася ў нашай гераіні яшчэ ў 2000 годзе, калі сям’я набыла ўчастак з домам у вёсцы Сарнаполле Полацкага раёна.
— Я сама родам з вёскі Завячэлле Ушацкага раёна. У бацькоў заўсёды была вялікая гаспадарка — каровы, коні, свінні, авечкі, куры, — пералічвае суразмоўніца. — Атрымаўшы вышэйшую адукацыю і перабраўшыся жыць у Наваполацк, часта адпраўляла да бабулі з дзядулем дзяцей на канікулы, усёй сям’ёй прыязджалі на выхадныя. Таму вясковая праца для нас не ў навіну. А потым захацелася набыць свой домік. Калі знаёмілася з аб’явамі, прыцягнула апісанне месца, дзе размяшчаўся прапанаваны варыянт. Паехалі паглядзець. Да возера 600 метраў, сасновы лес, грыбы, ягады, цішыня. Упэўнена, многім гараджанам часам хочацца апынуцца ў такім месцы, дзе адчуваеш спакой і ўнутраную гармонію. Словам, усё гэта падштурхнула нас да набыцця.
Сваякі, якія прыязджалі ў госці, пакідалі шмат захопленых водгукаў аб месцы сядзібы Розы Пастуховай, што, у сваю чаргу, ўмацоўвала яе думку заняцца агратурызмам.
— Яны з’язджалі, напоўненыя эмоцыямі і ўражаннямі. У краіне аграэкатурызм якраз набіраў абароты, і я пачала цікавіцца гэтай тэмай, разам з сынамі наведвалі іншыя сядзібы, глядзелі, як гаспадары будуюць бізнес. А потым у нас у сям’і з’явілася трэцяе дзіця — дачка Маша. У дэкрэтным адпачынку мая мара разрасталася з большай сілай, — успамінае Роза Мікалаеўна. — Я пачала задумвацца пра тое, каб застацца менавіта там, адкуль і прыйшла, — у вёсцы. Адпрацавала нямала гадоў педагогам-арганізатарам у пакоі школьніка, але ў вёсцы, прымаючы гасцей, заўсёды адчувала, як мне падабаецца гэтым займацца, што гэта маё.
Ад ідэі да рэалізацыі
Жонку падтрымаў і муж Аляксей — карэнны жыхар горада. Ён настолькі палюбіў вёску, што таксама загарэўся ідэяй адкрыць аграсядзібу. Стрымлівала толькі тое, што на ўчастку няма асобнага дома для гасцей.

— У гэтай справе нам вельмі дапамагла субсідыя, — усміхаецца гаспадыня. — На гэтыя сродкі мы набылі матэрыял для будаўніцтва летняга доміка. Узводзілі яго сыны з мужам. У мінулым годзе ён прыняў першых гасцей. Усе засталіся вельмі задаволеныя.
Ім падабаюцца маляўнічая прырода, свежае паветра і сардэчны прыём. Сваіх гасцей гаспадыня аграсядзібы частуе гароднінай і зелянінай з градак, яечняй, мясцовымі ягадамі.
— Мы арыентуемся больш на сямейны адпачынак. Для невялікіх кампаній у межах 4—5 чалавек, — кажа Роза Мікалаеўна. — Для дзетак — надзіманы басейн, пясочніца, веласiпед. Ёсць і на што паглядзець: пазалетась мы разводзілі качак, у мінулым годзе — курэй. У гэтым сезоне плануем завесці трусоў. Па раніцах за плотам спявае пеўнік. У будучыні муж марыць набыць каня.
А яшчэ Роза Пастухова плануе арганізоўваць для гасцей сядзібы экскурсіі ў Полацк. Для гэтага ў пазамінулым годзе скончыла курсы экскурсаводаў.
— Полацк — найстаражытнейшы горад Беларусі. Францыск Скарына, Еўфрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі — асобы, пра якіх можна гаварыць бясконца, — адзначае гераіня. — Я сама вельмі люблю Полацк і лічу, што гэтую любоў абавязкова трэба перадаваць іншым — як гасцям з замежжа, так і жыхарам усёй нашай краіны. Засталося толькі з’ездзіць у Мінск і здаць экзамен, каб атрымаць пасведчанне экскурсавода.
Неўзабаве пачнецца новы сезон. Доўжыцца ён звычайна з красавіка да канца кастрычніка. Роза Мікалаеўна ўжо рыхтуецца сустракаць новых гасцей.
— «Прыязджайце ў наша Прастаквашына!» — цытуе гаспадыня Эдуарда Успенскага, бо назву сваёй аграсядзібы сям’я запазычыла менавіта з твора гэтага аўтара. — Вас абавязкова сустрэнуць кот Персік і пёс Мухтар.
statkevich@sb.by
Фота з архіва гераіні