Гомельскiя студэнты пацвердзiлi, што у Рэчыцкiм раёне захавалася стаянка IV тысячагоддзя да нашай эры

Глыбока капаюць

Юнакі і дзяўчаты знайшлі наканечнік стралы і кавалкі гаршкоў чацвёртага тысячагоддзя да нашай эры. Гэта першыя вынікі распрацоўкі помніка неаліту, які не так даўно быў знойдзены вучонымі ў Рэчыцкім раёне. Доказы наяўнасці тут культурнага слою каменнага веку — вынік працы кандыдата гістарычных навук Ігара Язэпенкі і добраахвотніцкага археалагічнага атрада «Ведрыч». Карэспанд энт «Р » правяла дзень на раскопках і зразумела, як цяжка здабываецца гісторыя.

Кожны слой счышчаюць акуратна і крапатліва.

Гэту экспедыцыю самі ўдзельнікі, пасмейваючыся, называюць «мажорнай». Атрад «Ведрыч», сабраны абласным і раённым камітэтамі БРСМ, жыве амаль у раскошы. У гэтым годзе фінансаванне дазваляе, таму ніякіх палатак і вогнішчаў, а месца дыслакацыі — аграсядзіба «Калі ласка» ў Горвалі, да таго ж трохразовае гарачае харчаванне і аўтобус да месца раскопак. Праўда, калі гэтыя маладыя людзі запісваліся ў атрад, пра такія ўмовы яшчэ не ведалі, ехалі па гісторыю.

— Памочнікі ў мяне прафесіяналы, — аглядае салон аўтобуса старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага ладу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Язэпенка. — Большасць гісторыкі, некаторыя скончылі ВНУ, біёлаг і медык. Хтосьці ўжо не раз капаў, хтосьці ўпершыню... Нікога на сняданку не забылі? Тут усе? Мікіта, Стас, Дзюша Мяцёлкін?..

Аўтобус тут жа ўзрываецца смехам. Відаць, гэта мясцовая традыцыя. Як і бясконцыя песні, ваенныя і сучасныя, да самай вёскі Гагалі, каля якой і вядуцца работы.

— Я раней думала, што археолагі вялікімі лапатамі капаюць глыбокія ямы і потым рыюцца ў горах пяску, — студэнтка другога курса медуніверсітэта Ксенія Вярбіцкая стойка цягне да раскопак заплечнік з прыладамі працы. У экспедыцыі яна ўпершыню — паклікалі сябры-гісторыкі, аднак азам навучылася хутка, толькі сама пакуль нічога не знайшла.

Размяшчэнне слаёў трэба перанесці на схему.

Глыбокія ямы для даследавання каменнага веку капаць не трэба. Ігар Мікалаевіч тлумачыць: тут кожныя 10 сантыметраў глебы — прыблізна тысяча гадоў. І кожны з сантыметраў трэба ўважліва прагледзець. На патэнцыяльным месцы стаянкі закладваецца некалькі квадратных шурфаў — паглыбленняў. Дзе канкрэтна, вызначае кіраўнік, тут нікуды без археалагічнай інтуіцыі і вопыту.

Лапатамі здымаюць толькі верхні слой.

— А потым сядаем і паціху пачынаем падчышчаць маленькімі лапаткамі, — з ахвотай дэманструюць мне пачынаючыя гісторыкі. — Слой за слоем, акуратна, нічога нельга прапусціць ці выкінуць. Знойдзенае тут жа ў пакет і пішам, у якім квадраце шурфа гэта было.

— Мы, канечне, усе марым адкапаць сякеру ці кінжал, — усміхаецца біёлаг Аляксандр Марчанка.

Замеры — апошняя частка працы.

Ён на раскопках таксама навічок, але знайшоў больш за ўсіх: 11 кавалкаў старажытных гаршкоў. Ні цэлай зброі, ні скіфскіх упрыгажэнняў у Гагалях няма, аднак выкапанае для гісторыкаў мае не меншую каштоўнасць.

— Вось наканечнік стралы, — дэманструе скарб Ігар Мікалаевіч. — Зроблены ён з крэменю, трохвугольнай формы, вельмі востры. Бачыце, на ім няма той часткі, якую можна насадзіць на дрэва? Таму што тут у далёкія часы рабілі наадварот: дрэва расшчэплівалі і ў яго ўстаўлялі наканечнік. Такая страла можа прабіць шкуру жывёлы з 300 метраў.

Выкапаная кераміка для звычайнага чалавека засталася б кавалкам гліны. Прафесіяналы адразу кажуць: гэта днепра-данецкая культура неалітычнага перыяду, IV стагоддзе да нашай эры. На кавалачках выціснуты ўзор. Той, што паболей, продкі рабілі пры дапамозе галінак ці костак жывёлы, маленькія «дзірачкі» — хутчэй за ўсё, рыбнымі косткамі.

Шурф абавязкова трэба закапаць, нават вярнуць на месца дзёран.

Сонца з кожнай гадзінай пячэ ўсё мацней. Схавацца няма куды — раскопкі на адкрытай мясцовасці, выратоўваюць раз-пораз воды Бярэзіны. Манатонная фізічная праца і летняе надвор’е стамляюць хутка. Аднак археолагі дазволіць сабе адпачынак не могуць. Раскапаны шурф трэба перанесці на схему.

— Тут капаць мы ўжо скончылі, глеба рыжая, жалезістая, значыць, раней была вада, рэшткі культур нам больш не трапяцца, — паказвае студэнтка гістфака Вольга Дравіла.

Дзяўчына нацягвае вяроўкі і размотвае рулетку. Зараз вышыню ўсіх слаёў, якія добра бачны на сценках шурфа, трэба перанесці на паперу. Яна называе лічбы, камандзір атрада магістр гістарычных навук Павел Яцін запісвае і замалёўвае. Побач стаіць нівелір — геадэзічная прылада, якая дапамагае вызначыць, на якой глыбіні залягаў асколак гаршка. Наступны крок — закапаць «яму». Прыроднаму ландшафту па ўсіх патрабаваннях трэба вярнуць першапачатковы абрыс, нават пладародны слой глебы ўкладваюць мазаікай — амаль як і было.

Страла з крамянёвым наканечнікам біла на 300 метраў.


Знойдзеныя артэфакты належаць IV стагоддзю да нашай эры.

У гэты раз экспедыцыя «мажорная»: дах над галавой і гарачае харчаванне.

— Знайшла! — у апошнім незакапаным шурфе Ксенія пераможна ўскідвае руку, план выкананы.

Яшчэ адзін узор керамікі. Пэндзлем з яго акуратна счышчаюць пясок. Ігар Мікалаевіч пацвярджае: тое ж чацвёртае стагоддзе. Больш дакладна пра знаходкі ён зможа расказаць пазней, зараз артэфакты паедуць у Мінск на больш глыбокае даследаванне. Галоўная задача выканана: доказы існавання неалітычнай стаянкі знойдзены. Помнік толькі-толькі ўведзены ў гістарычны абарот, і наступныя раскопкі будуць больш маштабныя. Планаў у Ігара Язэпенкі шмат: у Гагалях рака падмывае магільныя курганы, а ў Горвалі, па яго разліках, стаянка можа быць яшчэ больш старажытная. Але гэта — планы на будучыню, зараз маладыя археолагі збіраюць прылады і едуць спаць, за гісторыю трэба брацца з новымі сіламі.

valchencko@mail.ru

Фота Марыі АМЕЛІНАЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter