Гiстарычныя "раскопкi" Уладзiмiра Лiпскага

У новай кнiзе вядомага пiсьменнiка раскрыта паходжанне прозвiшчаў 15 тысяч яго землякоў - жыхароў Рэчыцкага раёна Харошыя мае, выключыце тэлевiзар - i айда за мною ў найцiкавейшае падарожжа па краiне Антрапанiмii. Давайце ўгледзiмся ў свае прозвiшчы, як у люстэрка нашай гiсторыi, у геаграфiю нашага краю. Адчуем веру i вернасць, культуру i побыт нашых прашчураў, зразумеем iх характар. I на сябе па-iншаму зiрнём. Ды прыкiнем: цi так жывём, як хацелi нашы прародзiчы, цi таго дасягнулi, пра што яны марылi, цi так беражом памяць пра iх, як бы яны таго хацелi? Уладзiмiр Лiпскi

Новая кнiга пiсьменнiка нясе ў сабе такi моцны эмацыянальны настрой, што проста немагчыма заставацца раўнадушным, абыякавым, нецiкаўным. Чытаеш яе - як быццам пеш са студзёнай крынiчкi. Пасмакуеш - хочацца яшчэДзiўна: не дэтэктыў i не раман з закручаным сюжэтам, а адарвацца цяжка.

Сам аўтар тлумачыць гэта такiм чынам: «У прозвiшчах як бы закадзiравана, закансервавана наша гiстарычная памяць, якая засталася нам ад прадзедаў «спакон вякоў». У гэтай скарбонцы такое багацце, якога няма ў iншых крынiцах i помнiках даўнiны - пiсьмовых, мастацкiх, архiтэктурных, рэчавых». Iмя, па Лiпскаму, самы старажытны «пашпарт» чалавека, жыццёвы знак, радаводны герб. Яно вылучае асобу з натоўпу, робiць яе адметнай, непаўторнай.

Сардэчна, з замiлаванасцю пiша Уладзiмiр Сцяпанавiч пра свае родныя мясцiны, iх багацце i прыгажосць, пра палескую вёсачку Шоўкавiчы, дзе ён нарадзiўся i вырас. «Для мяне Рэчыцкая зямля - мая Бацькаўшчына, - прызнаецца пiсьменнiк. - Там магiлы маiх самых дарагiх людзей. Там жывуць родзiчы, сябры, таварышы, знаёмыя. Там пастаянна жыве мая душа, хаця я даўно прапiсаны ў Мiнску…» Менавiта прозвiшчы землякоў, iх жыццёвыя лёсы i сталi жывым матэрыялам для скрупулёзнага даследавання пiсьменнiка.

Ён унiклiва адсочвае, адкуль, з якiх каранёў пайшло тое цi iншае найменне. Прозвiшчы ў алфавiтным парадку згрупаваны паводле паходжання па раздзелах, а ў канцы кнiгi прыводзiцца пералiк i малюнкi найбольш распаўсюджаных сямейных гербаў.

Глыбокiм зместам насычаны адзiн з першых раздзелаў кнiгi «Святыя ад «А» да «Я». Толькi на першую лiтару алфавiта ў зводзе святых праваслаўная царква ўшаноўвае 142 iмёны. Ад iх многiя нашы сучасныя прозвiшчы. А тлумачыцца гэта проста. Даўней, калi нараджаўся маленькi чалавечак, бацькi заглядвалi ў рэлiгiйны месяцаслоў, дзе былi адзначаны днi памяцi ўсiх святых. Iх iмёны з часам станавiлiся прозвiшчамi. Да прыкладу, ад рэдкага на сёння iмя Аўксенцiй пайшло распаўсюджанае прозвiшча Аксёнаў. Гэта прозвiшча носiць гамяльчанiн Аляксандр Нiчыпаравiч - вядомы партыйны i дзяржаўны дзеяч Беларусi. Ён быў i камсамольскiм лiдэрам рэспублiкi, i дэпутатам, i мiнiстрам, доўга працаваў разам з легендарным Пятром Мiронавiчам Машэравым. З цiкавасцю даведаўся, што ад iменi апостала Акiла (Акула) вучоныя выводзяць прозвiшчы Акуленка, Акулiч, АкулаўТо, можа, i маё прозвiшча недзе блiзенька?

Шмат прозвiшчаў пайшло ад жаночых iмён - Марыя, Кацярына, Люба, ад такiх тытулаваных асоб, як цар, граф, князь, карольШырока выкарыстоўвалiся i найменнi розных прафесiй (каваль, мельнiк, шавец, кравец…).

Уладзiмiр Лiпскi аўтарытэтна сцвярджае: край рэчыцкi багаты на таленавiтых, разумных людзей, сапраўдных майстроў сваёй справы. Сярод iх - пiсьменнiк, вучоны Iван Навуменка, кiраўнiк Азершчынскага хору заслужаны дзеяч мастацтваў Таццяна Лапацiна, старшыня калгаса Мiкалай Чарняўскi, якi на пясочках збiрае больш за 50 цэнтнераў збожжавых з гектара, «не прызнаны, не ўшанаваны, не зразумелы на радзiме» мастак Аляксандр IсачоўШырокую вядомасць у рэспублiцы атрымалi балетмайстар, стваральнiк i кiраўнiк народнага ансамбля «Прыпяць» Мiкола Котаў; паэтэса, крытык, кандыдат фiлалагiчных навук Валянцiна Коўтун; пiсьменнiкi Алесь Кажадуб, Нэля ТулупаваА хто не ведаў Мiколу Чырыка, якi доўга быў вядучым дыктарам Беларускага радыё, стаў заслужаным артыстам рэспублiкi. Ёсць у Рэчыцкiм раёне i свае Пушкiны ды Гогалi - чаго ж яшчэ трэба?

Лiпскаму гэтага мала. Ён едзе ў вандроўку па роднаму краю, сустракаецца з землякамi i разам з iмi разгадвае таямнiцы прозвiшчаў. I дзiўная рэч: няма ў пiсьменнiка нецiкавых людзей, кожны ў сваёй справе таленавiты, у кожнага свой адметны лёс. Землякi ахвотна iдуць насустрач пiсьменнiку, дзеляцца сваiмi ўспамiнамi, дапамагаюць яму ў гiстарычных «раскопках». АлеАўтар з жалем i шкадаваннем гаворыць i пра тое, што давялося сутыкнуцца i з неразуменнем, раўнадушшам, абыякавасцю… «Не цiкавiмся сваiм радаводам, не хочам ведаць мiнулага, мала задумваемся пра заўтрашняе», - з горыччу зазначае пiсьменнiк.

Прыгадаем яго папярэднiя кнiгi - «Я. Праўдзiвы аповяд пра твой i мой радавод», «Мама. Малiтва сына», «Бацька. Пiсьмы сына»… Нават па назвах твораў можна меркаваць пра вернасць пiсьменнiка тэме Бацькаўшчыны, асэнсавання духоўнай спадчыны народа. Да гэтага мастацкага, заснаванага на дакументальнай аснове цыкла прымыкаюць кнiгi аўтара пра Вялiкiя i Малыя Аўцюкi, вёскi, якiя хоць знаходзяцца i ў iншым - Калiнкавiцкiм раёне, але недалёка ад малой радзiмы пiсьменнiка. Менавiта там па iнiцыятыве i з дзейсным удзелам Лiпскага праводзiцца Усебеларускi фестываль народнага гумару, сёлета адбудзецца пятыНаогул, цёплы гумарыстычны настрой пранiзвае ўсю творчасць пiсьменнiка. Ён шырока выкарыстоўвае пагаворкi, легенды, паданнi - словам, народную мудрасць.

Гэта ўласцiва i кнiзе «Мы. Аповесць пра нашы прозвiшчы». «Нiчога падобнага ў нашай мастацкай лiтаратуры яшчэ не было», - лiчыць доктар фiлалагiчных навук, прафесар Валянцiна Лемцюгова, якая стала рэцэнзентам кнiгi. Сюжэт аповесцi, на яе думку, нагадвае шматлюднае сяброўскае застолле, за якiм iдзе вольная шчырая жыццёва-фiласофская гамонка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter