Гiперплюс i гiпермiнус. Шырокi выбар тавараў пад адным дахам i адносна нiзкiя цэны, чым характарызуецца кожны гiпермаркет, цяпер сталi даступнымi i беларусам.

Пiянер у гэтай сферы “BIGZZ”, што адкрыўся ў Мiнску, даў нашым суайчыннiкам магчымасць акунуцца ў багатае замежнае жыццё, якое раней яны бачылi толькi па тэлевiзары цi падчас замежных вандровак. Аднак чым стануць для рэспублiкi “гiперы” — прадвеснiкамi фармiравання “гандлю з чалавечым тварам” цi траянскiм канём, якi прывядзе да перадзелу сфер уплыву, пакуль што адназначна спрагназаваць немагчыма.

Не менш 11

Услед за “BIGZZам” сёлета ў рэспублiцы, як плануецца, пачнуць работу яшчэ каля пяцi гiпермаркетаў, паведамiў карэспандэнту “НГ” намеснiк мiнiстра гандлю Мiхаiл Свянцiцкi. Адзiн з iх адкрыецца ў Магiлёве, астатнiя — у Мiнску.
Зацiкаўленасць сталiчных уладаў у гiпермаркетах пацвердзiў мэр Мiнска Мiхаiл Паўлаў падчас апошняга даклада ў Прэзiдэнта. Як паведамiў сталiчны начальнiк, сёлета плануецца ў першым паўгоддзi ўвесцi ў дзеянне два такiя аб’екты, у другiм — яшчэ столькi ж.
У цэлым ў Мiнску сёння ўзводзяцца 11 гiпермаркетаў. У блiжэйшы час, паведамiла прэс-служба Прэзiдэнта са спасылкай на сталiчнага мэра, будуць выстаўлены на конкурс участкi пад будаўнiцтва новых аб’ектаў, арыентаваных на рэалiзацыю прамысловай групы тавараў па цэнах больш нiзкiх, чым на рынках.

Пiянер — iншым прыклад

“BIGZZ” адкрыўся на тэрыторыi рынка “Экспабел”, на перакрыжаваннi вулiцы Мiрашнiчэнкi i кальцавой аўтадарогi. Са шматразовым нагадваннем “першы ў Беларусi” гiпермаркет адкрыўся ўрачыста, ярка, гучна, з пераразаннем чырвонай стужкi, салютам з канфецi i ваенным духавым аркестрам. Iнвестарам “BIGZZа” стаў нямецкi бiзнес, якi разам са сваiм вопытам работы вялiкiх гандлёвых комплексаў прынёс i замежныя стандарты “раскруткi”. Старшыня Мiнскага райвыканкама Мiхаiл Глiнскi, на падкантрольнай тэрыторыi якога размясцiўся “гiпер”, пасля экскурсii па гандлёвай зале ў касе пад прыцэлам фотакамер разлiчыўся за цэлы пакет пакупак.
Першы беларускi гiпермаркет — гэта 9 тысяч квадратных метраў, з якiх 6 тысяч — гандлёвыя плошчы. Асартымент тавараў — 35—40 тысяч найменняў, з якiх 70 працэнтаў — прадукты. Працуюць хлебапякарны, мясны, рыбны, кандытарскi, кулiнарны цэхi. Цэны, як сцвярджае адмiнiстрацыя, наблiжаюцца да рыначных, яны на 10—40 працэнтаў нiжэйшыя, чым у сярэднiм па Мiнску. Першыя пакупнiкi маглi пераканацца ў тым, што цэны тут сапраўды дастаткова прывабныя.

Прыйшоў. Убачыў. Купiў

Гiпермаркеты можна лiчыць, напэўна, адной з самых удалых знаходак чалавецтва. Вялiкiя гандлёвыя плошчы, вельмi шырокi асартымент, нiзкiя цэны, зручнае месцаразмяшчэнне i бясплатная паркоўка — гэта i ёсць формула iх папулярнасцi. Ад хлеба i малака да джынсаў i тэлевiзараў просяцца пакупнiку ў цялежку. Прыехаць i купiць усё неабходнае адразу ў адным месцы — гэта вельмi зручна.
Што тычыцца эканамiчнай ролi “гiпераў”, то, як адзначаюць спецыялiсты, такiя гандлёвыя прадпрыемствы стымулююць вытворцаў да высокай якасцi iх прадукцыi i, наколькi гэта магчыма, максiмальна нiзкiх цэн. Напрыклад, некаторыя айчынныя i замежныя пастаўшчыкi “BIGZZа”, як патлумачылi ў яго дырэкцыi, не змаглi вытрымаць такiх стандартаў, таму частка палiц у гандлёвай зале часова незанята.
Наяўнасць такога пастаяннага клiента, як гiпермаркет, выгадна для прадпрыемстваў, бо гарантуе збыт прадукцыi. Гэта становiцца стымулам для нарошчвання вытворчасцi. Гiпермаркеты, як правiла, удзельнiчаюць i ў “раскрутцы” прадукцыi сваiх пастаўшчыкоў.
Аднак ёсць i мiнусы. Як сведчыць замежны вопыт, гiпермаркеты за лiк вялiкага тавараабароту i магчымасцi на пэўны час трымаць спецыяльныя цэны, нярэдка нiжэйшыя за сабекошт прадукцыi, выцясняюць з рынку блiжэйшыя меншыя па памерах магазiны, вымушаюць iх закрывацца. Гiпермаркеты на правах стратэгiчных клiентаў нярэдка пачынаюць дыктаваць вытворцам цэны, часам нявыгадныя для пастаўшчыкоў.
Тым не менш гiпермаркеты непазбежная рэальнасць, вынiк эвалюцыi гандлёвых адносiн. Спажывецкi попыт беларусаў расце, i яго трэба задавольваць. Новыя гандлёвыя плошчы неабходны i для набiраючых абароты прадпрыемстваў. Аднак, каб максiмальна пазбегнуць мiнусаў, вельмi важна разам з замежным вопытам развiцця сеткi гiпермаркетаў яшчэ i на заканадаўчым узроўнi дакладна вызначыць месца новых структур у гандлi рэспублiкi, прапiсаць iх стасункi з аб’ектамi дробнага рознiчнага гандлю, абаранiць iх ад наступу “гiгантаў”.

Меркаваннi

Нiна ДОЛIЧ, дырэктар гармалзавода № 3 (Мiнск):
— Вельмi добра стаўлюся да гiпермаркета. Зайшоў, усё купiў, загрузiўся, паехаў — гэта зручна. Сярод вялiкай колькасцi тавараў “згубiцца” не баiмся. Пакупнiка прывабiм высокай якасцю. У “BIGZZ” на машынах будзе прыязджаць шмат заможных людзей. Менавiта ў разлiку на iх i будзем прапаноўваць прадукцыю сваёй новай серыi “Околiца”. Ужо выпускаем 2 вiды малака, 3 — кефiру, 2 — смятаны. У планах — пашырэнне наменклатуры. Сёння наш завод на 70 працэнтаў забяспечвае патрэбы сталiцы ў малочнай прадукцыi. Каля 10 працэнтаў ад агульнага выпуску пастаўляем у iншыя рэгiёны рэспублiкi. Адкрыюцца гiпермаркеты ў абласных цэнтрах — будзем выстаўляцца на палiцах i ў iх.

Уладзiмiр КАРАГIН, старшыня Мiнскага сталiчнага саюза прадпрымальнiкаў i работадаўцаў:
— Буйныя гандлёвыя аб’екты ў рэспублiцы будаваць трэба. Пры гэтым на заканадаўчым узроўнi абараняць правы iнвестараў. Са з’яўленнем гiпермаркетаў ствараецца рэальная пляцоўка для развiцця канкурэнцыi сярод беларускiх вытворцаў.
Але вельмi важна, каб гiпермаркеты не падаўлялi малыя гандлёвыя прадпрыемствы, далi шанц развiвацца i iм. I гэтыя пытаннi рэгулююцца ва ўсiм свеце. I рэжымам работы, i месцаразмяшчэннем, i ўмовамi пастаўкi тавараў. Трэба i нам у заканадаўстве вызначыць “правiлы гульнi”. Неабходна дапамагаць развiццю гiпермаркетаў, але з улiкам iнтарэсаў розных бакоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter