Любопытные зубры и щедрые местные жители: чем примечательны деревни Французская Гребля и Зафранцузская Гребля

Гэтая дзiўная Французская Грэбля

Французская Грэбля і Зафранцузская Грэбля — дзве невялiчкiя вёсачкі на мяжы Мінскай і Магілёўскай абласцей, у Пухавiцкiм раёне. У нейкiм сэнсе гэтым населеным пунктам пашанцавала: дзякуючы такiм непаўторным назвам яны сталi месцамі сапраўднага паломнiцтва турыстаў. Шмат каму хочацца займець у дамашнiм фотаархiве здымак каля такіх дарожных паказальнікаў. Але, на жаль, iх няма ўжо некалькi месяцаў — дарожнiкi знялi таблiчкi, каб аднавiць, i пакуль на месца не вярнулi. Да Грэбляў ходзяць два разы на дзень аўтобусы, але зразумець, што ты даехаў да патрэбнага месца, можна толькi пасля гутаркі з вадзіцелем.


Вёскі-сястрыцы на дрыгве 

Часам прыязджаюць сюды і журналісты, і гісторыкі, і грыбнікі-ягаднікі, што адпачываюць ад горада. Брусніцы тут, дарэчы, ужо паспелі. Як узгадвае інспектар Пухавіцкага сельвыканкама Таццяна Прахарчук, якая стала маім гідам па вёсках, хто б ні завiтаў сюды, пытанне ў падарожнiкаў заўсёды адно: перапытваюць у жыхароў пасёлкаў практычна адно і тое ж: «а чаму Грэбля?», «гэта што, веславанне?», «з-за каго вёска раптам стала французскай?» Насамрэч, гэтыя мясціны ў Пухавіцкім раёне ніяк не звязаны з водным спортам, а вось з Францыяй — збольшага.


Разбірацца ў пытаннях ідзём да жыхароў Грэблі № 1 — Зафранцузскай. Таццяна Адамаўна цікава і шчыра распавядае пра вёскі, бо з адной з іх паходзіць яе муж. Клопаты кожнага жыхара добра ведае, нават можа адказаць, колькі ў каго свойскай жывёлы на падвор’і. 

— Вяду вас да самай добрай і працавітай жанчынкі ў Зафранцузскай Грэблі Валянціны Сташэўскай. Самі пабачыце, якая малайчына яна, бо трымае вялікую гаспадарку! — расказвае Таццяна Прахарчук. 

У размове даведваюся пра цікавы факт. Зараз у вёсках пад Пухавічамі засталося па адной вуліцы і па два афіцыйна прапісаныя жыхары. Але насельніцтва ў Грэблях, зразумела, ёсць, і яго значна больш за статыстычныя звесткі, пра што сведчаць абжытыя і акуратныя хаты дачнікаў. У Зафранцузскай Грэблі 7 двароў, а ў Французскай—13.

Вяртанне да сваіх каранёў

70-гадовая Валянціна Сташэў­ская праводзіць нас у хату, бо на вуліцы не спыняецца дождж. Лета ў гэтым годзе не задалося.

— Гэта мая родная вёска. Чаму празвалі Грэбляй? Тут была насыпная дарога цераз балота працягласцю кіламетраў пяць. Французы — хто ж ужо памятае, ці палонныя, ці «адступныя» салдаты Напалеона — выклалі ствалы дрэў і зрабілі шлях па балоце. I ўсе хадзілі па ім, пакуль не праклалі сучасную трасу непадалёк. Памятаю, як маленькая я па насыпной дарозе хадзіла. Сёння засталіся толькi часткі гэтага насыпу, — усміхаецца Валянціна Антонаўна. 

У працавітай Валянціны Сташэўскай вялікая гаспадарка. Жанчына ведае з дзяцінства, як расціць укормленых свінак.

Лёс ураджэнкі вёскі склаўся даволі няпроста. Нарадзіла дзвюх дачок Алену і Таццяну, працавала поварам, потым пераехала ў Мінск, а праз некалькі гадоў пачула ад урачоў непрыемны дыягназ. Прыйшлося зрабіць аперацыю і прайсці хiмiятэрапiю. Валянціне давалі ў залежнасці ад стану здароўя розныя групы інваліднасці, таму ёй прыйшлося змяніць дзейнасць. Да 60 гадоў яна прапрацавала вахцёрам у хакейным клубе «Юность». Кажа, што дагэтуль памятае па прозвішчах амаль усіх юных спартсменаў з клюшкамі. Калі яшчэ была жывая маці, жанчына часцяком наведвала яе, а пасля смерці блізкага чалавека Валянціна канчаткова перабралася ў Зафранцузскую Грэблю. Муж Эдуард рана памёр ад анкалагічнага захворвання. А яна, моцная, перажыла не адзін курс лячэння ды яшчэ змагла вырасціць Арцёмку, сына стрыечнага брата, які з 10 гадоў застаўся амаль сіратой, бо родная маці яго захапілася моцнымі напоямі і перастала займацца хлопчыкам. Сёння дочкі Валянціны і Арцём — жыхары гарадскія, але прыязджаюць калі-нікалі. 

Антонаўне сумаваць і думаць пра балячкі не прыходзіцца. Гэта разумееш, калі бачыш яе гаспадарку. Жанчына паказвае сваіх в’етнамскіх свінак, індыкоў, курэй, гусей, качак і, вядома, свой асаблiвы гонар — карову Расцішку, якая з задавальненнем адклікаецца на вясёлую мянушку. Як за такой колькасцю жыўнасці глядзець адной? Сакрэты ведае дакладна толькі яна, Валянціна Сташэўская. Затое заўсёды ў сялянкі на стале свае прадукты: яйкі, малако, сыр, сала, каўбасы, паляндвіца… І безумоўна, Антонаўна гасцінна пачаставала нас хатнімі вырабамі, адказацца ад такой смакаты было проста немагчыма. 

Цікавую думку выказала Таццяна Адамаўна пры развітанні з гаспадыняй. Моладзь зараз часам скардзіцца, што не хапае ні на што сродкаў, грошы хутка расходзяцца і людзі лезуць у спажывецкія крэдыты, каб нават дзіця ў школу сабраць. Не было раней доўгіх дэкрэтных адпачынкаў і вялікіх заробкаў, але ашчадныя бацькі маглі за кошт уласнай гаспадаркі жыць нармальна і без праблем дзяцей у школу сабраць. Толькі трэба было не ленавацца, а ўстаць да асноўнай працы, гадзін у пяць, падаіць карову, адвезці свае прадукты ў горад, выручыць грошы і вярнуцца дамоў.

— Хто хацеў, са сваёй гаспадаркі добра жыў. Выключэнне толькі складалі лайдакі і той, хто да бутэлькі прыкладваўся, — разважае інспектар. 

У перакладзе на сённяшнія рэаліі гэтая ісціна застаецца нязменнай як для сельскіх, так і для гарадскіх жыхароў, з якіх, бадай, палову складаюць дачнікі. Да іх мы і накіраваліся.

Дачныя «французскія» пейзажы

Вольга Антонаўна і Анатоль Віктаравіч адпачываюць на сваім узорным двары ў Французскай Грэблі.
За кіламетр ад Зафранцузскай знаходзіцца Французская Грэбля. Адзін з першых дачных дамоў сустракае металічнай акуратнай агароджай, шыкоўным палісаднікам з разнастайнымі кветкамі і агародам. А за ім дзясятак вулляў. Суперпарадак і прыгажосць паўсюль.

Вольга Антонаўна і Анатоль Віктаравіч запрашаюць у хату і кажуць, што прыязджаюць сюды на сезон са сталіцы. Гаспадыня заўважае, што раней усю гэтую мясцовасць чамусьці называлі Міколкай (Міколкамі), распавядае, што грэблю (па-руску «гать») французы высцілалі дубовымі бярвёнамі.

— Мая родная вёска раней была вялікай, памятаю, калі была дзяўчынкай, тут заўсёды было шмат народу. За нашым агародам, там, дзе поле зараз, былі пабудаваны тры цялятнікі і стайня. Мой прадзед Пракаповіч да Саветаў быў вельмі заможны чалавек: з бабуляй трымаў па 30 гектараў зямлі. У іх былі работнікі, пакаёўка. І калі прыходзіў час на выплату заробкаў, ён своечасова разлічваўся з наёмнікамі-сялянамі. 

У Вялікую Айчынную фашысты дашчэнту спалілі дзве Грэблі. У чэрвені 1943 года два нямецкія «юнкерсы» скінулі 12 бомбаў на вёску Французская Грэбля. У выніку разбурана 15 двароў... Людзі хаваліся ў зямлянках, перажылі страшныя часы, а пасля вайны з нуля аднаўлялі родныя мясціны.

Ураджэнка Французскай Грэблі з мужам выходзіць на двор, паказвае на поле і дом насупраць. Яе муж Анатоль кажа: 

— Дзіўная тут прырода, на гэта поле з заказніка часцяком зубры выходзяць. Неяк да нашай суседкі Яніны гiгант на яблычкі ў сад зазірнуў, падсілкавацца. Бабуля пачула нейкія незвычайныя гукі, выглянула ў акно, а там вялізная туша стаіць, частуецца… Во страху было! Памерла ўжо наша вясёлая суседка. Домік яе апусцеў і трохі зарос.

Анатоль Віктаравіч, як вадзіцель са стажам, хвалюецца з-за адсут­насці ў Французскай Грэблі пака­зальнікаў на іншыя вёскі (Падкоссе, Высокая Старына, Снусцік) і дарожных знакаў на скрыжаванні. Бо праз вёску можна праехаць і ў іншыя пункты. Кажа, што тут ствараецца небяспечная дарожная абстаноўка і чалавеку за рулём трэба абавязкова зніжаць хуткасць. А як даведацца пра важную перасцярогу? Дапаможа знак абмежавання хуткасці — 40 км. Трэба гэтую сітуацыю выправіць. 

Прыцягваюць вёскі-«фран­цужанкі» Грэблі новых жыхароў, дзетак на лецішчы. Моцныя хаты купляюць і асвойваюць дачнікі. Мясцовасць жывая, нягледзячы на тое што некаторыя песімісты прадракалі ёй хуткі скон.

shimuk@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter