Па 600 чалавек у суткi: з лiпеня на мяжы запрацавалi пункты спрошчанага пропуску для збiральнiкаў дзiкаросаў з Украiны

Гэта яшчэ ягадкі

Жыхары дзясятка ўкраінскіх вёсак з 1 ліпеня могуць законна перасякаць мяжу для збора ягад. Спецыяльна для гэтага памежнікі Беларусі і Украіны адкрылі тры пункты спрошчанага пропуску. Кожны год цераз іх праходзяць тысячы чалавек — з Драздыні, Бярозавага, Познані. Для многіх жыхароў памежжа збор чарніц і журавін — адзіная магчымасць зарабіць. Таму ў нашы лясы і балоты ўкраінцы ідуць цэлымі сем’ямі. А яны тут вялікія — па 8—12 чалавек...

За першыя тры дні работы пунктаў спрошчанага пропуску цераз іх прайшлі 1300 чалавек.
Фота РІА «Новости»

Ягадныя прафесіяналы

Украінскія вёскі знаходзяцца амаль што на мяжы. Агулам тут жыве больш за 15 тысяч чалавек. Многія лічаць сябе этнічнымі беларусамі. І сапраўды, прозвішчаў на беларускае «-іч» тут куды больш, чым на ўкраінскае «-ка». У Драздыні, напрыклад, бадай што ў паловы жыхароў прозвішча Агіевіч. 

— Усе мае продкі жылі ў Беларусі. Былі вымушаны з’ехаць у 1960-я гады, калі быў створаны Мерлінскі палігон. Старэйшая сястра апынулася на Лунінеччыне, я з бацькамі і малодшым братам пераехалі ў суседнюю вёску. Тады ж ніхто і падумаць не мог, што праз 30 гадоў мы будзем жыць у іншай краіне, — расказвае гісторыю сваёй сям’і пенсіянерка Валянціна Пятроўна. Каб трапіць у Беларусь па ягады, жанчыне трэба было падрыхтаваць неабходныя дакументы. Апроч паспарта, гэта даведка з сельскай адміністрацыі, пропуск на права знаходжання ў пагранічнай паласе і квітанцыя аб аплаце наведвання ландшафтнага заказніка «Альманскія балоты» (10 базавых велічынь).

Валянціна Пятроўна называе сябе ягадным прафесіяналам. Чаму? Усё проста. Па-першае, яна збірае чарніцы неверагодна хутка. Па-другое, грошы ад продажу чарніц і журавін — адзіная крыніца сямейнага даходу. Таму Валянціна з мужам Андрэем час не марнуюць. 

Пытаюся пра заробкі, яны толькі ўсміхаюцца: «Раскажам табе і нічога не заробім. Напішы, што нам хапае». Потым муж з жонкай усё ж прызнаюцца: за дзень яны збіраюць да 40 кілаграмаў ягад. Збываюць прыватнікам. Тыя перапрадаюць чарніцы ў Еўропу. Першыя ягады разлічваюць прадаць не менш як па 33 грыўні за кілаграм. 

— Лічы, працоўны дзень — і амаль што пенсія ў кішэні. Хіба дрэнна? А калі пайсці не ўдваіх, а ўсёй сям’ёй? Падлічы. Неблагія грошы. Дзякуй богу, што вашы памежнiкi адкрылі для нас граніцу. Iнакш прыйшлося б стаць нелегаламі-парушальнікамі, — усміхаецца Андрэй.

«Сітуацыя прынцыпова іншая»

Парушальнікаў нашы пагранічнікі затрымліваюць рэгулярна. 23 чэрвеня недалёка ад вёскі Малінаўка Драгічынскага раёна заўважылі сляды, якія вялі з Украіны ў Беларусь. Парушальнікамі аказаліся трое ўкраінцаў, двое з якіх — непаўналетнія. Супрацоўнікі інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету канфіскавалі ў ягаднікаў-нелегалаў 40 кілаграмаў чарніц. 39-гадовага грамадзяніна Украіны дэпартавалі і забаранілі ўезд у Беларусь на два гады. У мінулым годзе ў перыяд збору дзікаросаў былі затрыманы 15 парушальнікаў дзяржаўнай мяжы.

Афіцыйны прадстаўнік Пінскага пагранічнага атрада Міхаіл Бут-Гусаім расказаў, што зараз колькасць парушэнняў непараўнальная з той, што была да 2011 года — калі ўкраінцам афіцыйна дазволілі збіраць грыбы і ягады ў Беларусі:

— Фактычна ўсё тое, што тады адбывалася, можна назваць проста — масавае парушэнне дзяржаўнай мяжы. Людзей затрымлівалі, складалі пратаколы, выпісвалі штрафы, але ж праблему гэта не вырашала. Зараз сітуацыя прынцыпова іншая. У грамадзян Украіны ёсць магчымасць законна збіраць ягады на тэрыторыі Беларусі. І гэтай магчымасцю яны ахвотна карыстаюцца.

За першыя тры дні работы пунктаў спрошчанага пропуску праз іх прайшлі 1300 чалавек. У нядзелю — толькі 10 зборшчыкаў, а ўжо ў панядзелак — больш за 600. Прыкладна столькі ж чалавек пагранічнікі прапусцілі ў аўторак. Міхаіл Бут-Гусаім расказвае, што раней людзей было яшчэ больш — да 1500 ягаднікаў штодзень: 

— У 2016 годзе на балотах былі вялікія пажары. Да таго ж назіраецца тэндэнцыя да малаводнасці балот, ураджаі журавін не такія вялікія. А менавіта гэтая ягада прыносіць зборшчыкам асноўны прыбытак. Пункты спрошчанага пропуску для збору журавін мы плануем адкрыць з 1 верасня па 15 лістапада. 

Усяго за мінулы год пінскімі памежнікамі было выдадзена грамадзянам Украіны амаль 700 пропускаў, якія даюць права знаходзіцца ў памежнай паласе. Жыхары прыгранічных вёсак 21 500 разоў перайшлі мяжу для збору дзікаросаў. А вось беларусаў тут убачыш рэдка. Бліжэйшы беларускі населены пункт — вёска Дзяржынск — знаходзіцца за 28 кіламетраў ад Мерліна. Да таго ж лясная дарога, якая звязвае палігон і вёску, час ад часу аказваецца пад вадой. Так што ў ягадным бізнесе мы адзін аднаму не канкурэнты.

losich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter