Каб сабраць экспанаты для свайго музея ёлачных цацак, калекцыянер аб’ехаў 52 краіны

Гэта вам не цацкі!

У  Мінску адкрыўся музей-фабрыка ёлачных цацак. Экспазіцыя, дзе сабраны сотні рэдкіх артэфактаў з усяго свету, уключаючы экзотыку з Паўночнай Карэі, Конга і Перу, ацэньваецца ў 800 тысяч долараў. Сярод іншага можна адшукаць шар, занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса, упрыгожванні ў выглядзе яек Фабержэ і нават цацкі абарыгенаў з Аўстраліі. У музеі таксама працуе філіял адзінай у краіне фабрыкі па вытворчасці ёлачных цацак «Грай». Тут майстры распісваюць, рэжуць, лепяць цацкі прама на вачах наведвальнікаў.

Наведвальнікі ахвотна фатаграфіруюцца ў санях Дзеда Мароза

— Першая шкляная цацка з'явілася выпадкова. Падчас неўраджаю яблыкаў у Германіі мясцовыя шкловыдзімальнікі, каб не сапсаваць дзецям свята, выдзьмулі аналагі яблыкаў са шкла і павесілі іх на ёлку, — сустракае мяне на ўваходзе стваральнік музея Андрэй Бягун.

Каб сабраць экспанаты, калекцыянер аб'ехаў паўсвету. А калі дакладна — 52 краіны. Зараз у ягоным музеі-фабрыцы прадстаўлены навагоднія атрыбуты з усіх кантынентаў: статуэткі з арнаментам абарыгенаў з Аўстраліі, цацкі з Уганды, зробленыя з ліста бананавага дрэва, копія шара, падоранага Папе Рымскаму, цацкі, якімі ўпрыгожвалі каралеўскія балі ў Вене, а таксама савецкая класіка, здольная абудзіць прыемныя ўспаміны з дзяцінства ў старэйшага пакалення.

Дзеці пад кіраўніцтвам майстроў распісваюць ёлачныя цацкі.

— Вока радуецца, — прыкмячаю ля стэнда з савецкімі цацкамі.

— Новы год у Савецкім Саюзе пачалі святкаваць з 1935 года, — праводзіць кароткі экскурс у гісторыю Андрэй Бягун. — Да таго часу гэтае свята лічылася буржуазным перажыткам. Спачатку цацкі былі ватныя, потым з'явіліся шкляныя. Наша цацка была адлюстраваннем часу. У гады Вялікай Айчыннай вайны, напрыклад, пераважалі вырабы ў выглядзе салдат, падчас першага палёту Юрыя Гагарына ў космас — касманаўты і ракеты, у хрушчоўскія часы — гародніна і садавіна.

Фотазона з камінам асабліва падабае-ца наведвальнікам

Пераходзім да стэнда з экзэмплярамі са Скандынаўскіх краін. У вочы кідаецца разнастайнасць аленяў і паўночных ззянняў. Побач стэнд Галандыі. Тут пераважаюць цяжкія фарфоравыя цацкі.

— Нечым нагадвае гжэльскі фарфор ... — заўважаю.

— Гэта вырабляюць у прыгарадзе Гаагі на заводзе, дзе раней рабілі посуд для каралеўскага стала, — патлумачыў Андрэй Бягун. — Галандскія ўпрыгажэнні — нумарныя. Гэта дакладная прыкмета якасці! Дарэчы, цацкі звычайна не маркіруюць, таму вызначыць іх дакладны ўзрост даволі складана. Хіба што па стане шкла і фарбы.

У музеі маюцца нават ёлачныя ўпрыгажэнні ў выглядзе яек Фабержэ

Кітайскія цацкі, не тыя, якія мы купляем на Aliexpress, а спрадвечна кітайскія — скруткі і ліхтарыкі — распісаны добрымі пажаданнямі на Новы год. Усе цацкі выключна чырвоныя. Аказваецца, кітайцы лічаць, што менавіта гэты колер беражэ ад злых духаў. А вось на новазеландскай і аўстралійскай ёлках часцяком можна пабачыць жывёл і птушак-эндэмікаў. Гэта значыць, тых, што характэрныя толькі для гэтай краіны. У Новай Зеландыі гэта птушка ківі, у Аўстраліі — кенгуру і панда. Самы экзатычны стэнд з цацкамі Амазоніі. Тут прадстаўлены кайманы, жабы і павукі, зробленыя з падручных прыродных матэрыялаў. Тут жа рытуальныя маскі, у якіх афрыканцы напярэдадні Новага года выконваюць свае рытуальныя танцы.

— Я выстаўляў свае артэфакты ў 2014 годзе ў гістарычным музеі, і наведвальнікі пыталіся, чаму няма беларускіх цацак, чаму няма сваёй вытворчасці. Менавіта тады я зразумеў, што я хачу зрабіць, — калекцыянер заводзіць гутарку пра наш прадукт.

На стэндзе цацак з Аўстраліі шмат упрыгажэнняў у выглядзе кенгуру

Зараз у музеі працуюць некалькі супрацоўнікаў фабрыкі «Грай». Яны дзеляцца з наведвальнікамі выставы сакрэтамі вытворчасці ёлачных цацак. Я, напрыклад, даведалася, якая тэхніка выкарыстоўвалася для стварэння крамлёўскіх зорак.

— Гэта ф’юзінг, — тлумачыць незвычайнае слоўца мастак-афарміцель фабрыкі «Грай» Алена Грыцук. — Пры такой тэхніцы кавалачкі шкла разаграваюць да 900 градусаў, каб яны сплавіліся разам. Так і атрымліваецца ўпрыгажэнне. Дарэчы, калі ваш любімы шар трэснуў, не спяшайцеся яго выкідваць. Можна зрабіць бліскучую крошку і ўпрыгожыць ёю навагодні касцюм дзіцяці. Калісьці так рабілі нашы мамы і таты. Гэта рэйсакл — працэс стварэння чагосьці новага са старых рэчаў. Дастаткова ўзяць кавалачкі шкла, змацаваць іх клеем і пакрыць грунтам.

У музеі-фабрыцы прадстаўлены навагоднія атрыбуты з усіх кантынентаў.

У суседнім боксе дзеці пад кіраўніцтвам майстроў распісваюць шкляныя шары.

— Для вырабу аб'ёмных шароў выкарыстоўваем спецыяльную рэльефную тэхніку — налепку, — тлумачыць удзельніку майстар-класа Алена Грыцук. — Бяром спецыяльны мяккі пластык, выкладваем яго ў форму ў выглядзе снегіра і наляпляем гэтую скульптуру на ёлачны шар. Цяпер усю гэтую справу размалюем фарбамі...

У гэтым павільёне ўсе жадаючыя могуць прыняць удзел у майстар-класе па роспісе цацак. Нядаўна тут распісвалі цацкі для галоўнай ёлкі краіны. Вялікія шкляныя сняжынкі афармлялі пераважна ў сіне-блакітных танах. Хутка іх афіцыйна перададуць у Палац Рэспублікі, дзе яны зоймуць сваё месца на галоўнай ёлцы краіны.

gorbatenko_inna@mail.ru

Фота Яўгена КОЛЧАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter