Руководить предприятием в 24? Легко!

«Гэта і мой шанц!»

Кіраваць сельгаспрадпрыемствам у 24 гады? Наглядны прыклад — Максім Бахцін з рагачоўскага СУП «Забалацце-2010»

Гатоўнасць нумар адзін. Трэба прыступаць да масавай сяўбы. Але наступныя некалькі дзён будуць халоднымі і нават са снегам. І ўсё ж будучы ўраджай залежыць не толькі ад спрыяльнасці прыроды: нельга спаць у шапку і кіраўнікам аграпрадпрыемстваў. Своечасовая нарыхтоўка насення, спраўнасць тэхнікі, укамплектаванасць спецыялістамі — пытанняў хапае. Літаральна суткамі дзеля справы свайго жыцця гатоў не спаць і Максім Бахцін, выканаўчы дырэктар СУП «Забалацце-2010», адзін з самых маладых у Беларусі кіраўнікоў сельскагаспадарчай арганізацыі.

Выканаўчы дырэктар СУП «Забалацце-2010» Максім Бахцін (справа) і механізатар Сяргей Шароў.

Я з мясцовых: нарадзіўся ў Забалацці, тут жа скончыў школу, — расказвае дырэктар. — Затым паступіў у рагачоўскі каледж, атрымаў працоўную прафесію. Вырашыў, што гэтага недастаткова, і залічыўся на другую адукацыйную ступень у тым жа каледжы. Стаў тэхнікам-будаўніком. Адпрацоўваць накіравалі на прадпрыемства «Забалацце-2010» на пасаду прараба. Неўзабаве мяне павысілі да начальніка ўчастка, потым — да начальніка вытворчасці. Кіраўніцтва бачыла, што добра спраўляюся. Менавіта таму праз нейкі час я стаў выканаўчым дырэктарам, а год таму афіцыйна ўзначаліў «Забалацце-2010». Адначасова вучуся на чацвёртым курсе Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі на інжынера. 

Гаспадарлівасць, любоў да зямлі і вясковага жыцця ў Максіма Бахціна з сям'і. Дзядуля быў механізатарам, бабуля і цётка — даяркамі. Праўда, сваю сям'ю малады кіраўнік заводзіць пакуль не спяшаецца. Кажа, спачатку трэба раза­брацца з вучобай і новай адказнай працай. 

«Забалацце-2010» — вала­ўтваральнае прадпрыемства для Рагачоўскага раёна. На яго тэрыторыі шэсць малочна-таварных ферм з 9 тысячамі галоў буйной рагатай жывёлы. Трэцяя частка — дойны статак. Каля 43 тон малака штогод ідзе на продаж. 

Далей Максім Сяргеевіч з гонарам дэманструе сельгастэхніку, гатовую стартаваць на палеткі. 

— У распараджэнні прадпрыемства каля 50 палявых агрэгатаў, у тым ліку трактары МТЗ, франтальныя пагрузчыкі. Тэхнікі ў нас дастаткова, даглядаем яе як трэба. За кожным трактарам, напрыклад, замацаваны механізатар, які адказвае за яго спраўнасць. Безгаспадарлівасць — гэта не пра нас: мы ведаем, што за атрыманы вынік будзем адказваць галавой. Калі трэба, працуем у дзве змены. Ды і лайдакоў у нас няма, — усміхаецца дырэктар. 

Тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях гатоўнасці да вясенніх палявых работ. Адзін з акцэнтаў Прэзідэнт зрабіў і на пошук неабходных для аграрнага сектара спецыялістаў, асабліва амбіцыйных, поўных энтузіязму. Шукаць такіх, па словах Кіраўніка дзяржавы, трэба ў гарадах, у навучальных установах. 

З меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі наконт кадравай палі­тыкі цалкам згодны і кіраўнік «Забалацця-2010»:

— У нас малады калектыў. Каля 80 працэнтаў  механізатараў — мясцовыя жыхары. Упэўнены, разам мы зробім нашу гаспадарку адной з лепшых у раёне. А можа, і самай. Робім стаўку на тое, каб дзеці нашых работнікаў паступалі па сельгаснакірунку ў тэхнікумы і ВНУ, а затым вярталіся. Каб зацікавіць, мабыць, бу­дзем плаціць такім студэнтам стыпендыі. Моладзь спакойна вучыцца, а мы клапоцімся аб іх будучыні. Нам патрэбны менавіта свае кадры — людзі, якія, як і я, нарадзіліся на гэтай зямлі. 

СУП «Забалацце-2010» — гэта 11 тысяч гектараў сель­гасугоддзяў. Сёлета 1200 гек­тараў адвялі пад яравыя культуры, каля 2600 — пад кукурузу. Па словах Максіма Бахціна, дзякуючы якаснаму насенню кукурузы, своечасоваму ўнясенню арганікі штогод добры ўраджай. Летась зерня кукурузы атрымалі 96 цэнтнераў на круг. Плануюць паказчык павысіць. 

— Зараз на палеткі ўносім арганіку, падкормліваем азімыя. Калі надвор’е палепшыцца, на наступным тыдні прыступім да сяўбы аўса, — кажа Максім Бахцін. — Спадзяёмся на багаты ўраджай. Падрыхтавацца да новага сельскагаспадарчага года дапамагло кіраўніцтва Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната. МКК — наш заснавальнік, генеральны дырэктар Іван Калупаха заўсёды імкнецца падставіць плячо. Але потым абавязкова з нас будзе спаганяць. Вялікі ўклад у наша развіццё робіць і Гомельскі аблвыканкам. Бюджэтных сродкаў напярэдадні пасяўной выдзелена больш, чым за апошнія тры гады. 

У Гомельскай воб­ласці 180 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, на многіх не хапае профільных спецыялістаў. Такая ж сітуацыя і ў іншых абласцях. Таму трэба карэнным чынам мяняць падыход да кадравай палітыкі. Так, у апошнія гады сярод кіраўнікоў гаспадарак усё больш моладзі. І не таму, што на такія пасады няма вопытных прэтэндэнтаў. Па меркаванні начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кад­равай работы Гомельскага абл­выканкама Дзмітрыя Ражкова, амаладжэнне кіруючых работнікаў у аграсектары — добрая тэндэнцыя. Спецыялісты ва ўзросце да трыццаці гадоў, як правіла, больш амбіцыйныя, мэтанакіраваныя, не баяцца змяніць месца жыхарства:

— У маладых людзей да трыццаці ёсць жаданне прафесійна расці, яны лёгкія на пад'ём, таму трэба даваць ім больш магчымасцей праявіць сябе. Потым у многіх з'яўляюцца розныя абмежавальныя фактары (дом, сям'я), мяняць прапіску ім цяжэй. Таму пакуль гараць сваёй справай, пакуль напоўненыя кіпучай энергіяй — самы час уздымацца па кар'ернай лесвіцы. 

Каб даць шанц маладым аграрыям праверыць свае сілы, з 1 красавіка ў рэгіёне стартуе праект па ініцыятыве старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко. 20 аграрыяў будуць працаваць на пасадах намеснікаў дырэктараў у лепшых гаспадарках рэгіёна. У асноўным ім да трыццаці гадоў, але ёсць і больш сталыя. Яны атрымаюць увесь неабходны аб'ём тэарэтычных і практычных ведаў, а затым зоймуць кіруючыя пасады ў аграсектары. 

Фота рагачоўскай раённай газеты «Свабоднае слова».

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter