Генры Сандэрс, ён жа Генрык Дмахоўскi

Нават у турме скульптар i рэвалюцыянер займаўся мастацтвам

Нават у турме вядомы скульптар i рэвалюцыянер працягваў займацца мастацтвам

У студзенi 1863 года на тэрыторыi Польшчы, Беларусi i Лiтвы выбухнула паўстанне супраць царскага сама­дзяржаўя. Адным з яго кiраўнiкоў быў таленавiты скульптар Генрык Мiхайлавiч Дмахоўскi. Гэты чалавек пакiнуў свой след у многiх кутках свету: Польшчы, Лiтве, Украiне, Аўстрыi, Францыi, ЗША i, безумоўна, Беларусi, дзе ён з’явiўся на свет, змагаўся i загiнуў у барацьбе за свабоду i незалежнасць нашай Радзiмы ад царскага прыгнёту. Доўгi час дакладнае месца пахавання славутага земляка было невядома. Але ў мiнулым годзе дзякуючы намаганням пошукавага батальёна Мiнiстэрства абароны, а таксама педагогаў i выхаванцаў Рэспублiканскага цэнтра турызму i краязнаўства навучэнскай моладзi яно знойдзена. Праўда, узнiкла праблема перазахавання. Двухсотгоддзе з дня нараджэння скульптара i рэвалюцыянера магло б стаць добрай нагодай для гэтага.

Нарадзiўся Генрык Дмахоў­скi 26 кастрычнiка (па новым стылi) 1810 года ў маёнтку Забалоцце, што на тэрыторыi сучаснага Мiёрскага раёна. Выхоўваўся без мацi, яна памерла даволi рана. Яго бацька Мiхал Дмахоўскi быў сакратаром адукацыйнай камiсii ў Вiльнi. Генрык вучыўся ў Вiленскiм унiверсiтэце i адначасова займаўся ў скульптара Казiмiра Ельскага. Атрымаўшы дыплом доктара права, прымаў удзел у лiста­падаўскiм паўстаннi 1831 года ў атрадзе палкоўнiка Юзэфа Залiўскага, а пасля разгрому эмiгрыраваў у Францыю. Не змiрыўшыся з паражэннем у сакавiку 1833 года, у складзе паўстанцкiх сiл удзельнiчаў у партызанскай экспедыцыi на Беларусь. Дмахоўскi павiнен быў накiравацца ў Вiцебскую губерню, дзе разлiчваў на падтрымку шырокiх сялянскiх мас. Але гэта спроба таксама аказалася няўдалай, i паўстанцы вымушаны былi адсту­пiць на Палессе i Валынь, а потым i ўвогуле пакiнуць межы Расiйскай iмперыi.

Дмахоўскi пасялiўся ў горадзе Лембергу (зараз Львоў), у Галiцыi, якая ў той час уваходзiла ў склад Аўстра-Венгрыi, i змянiў сабе iмя на Эмерык Сандэрс. Напiсаўшы некалькi пiсьмаў да бацькi, Генрык не атрымаў адказу, бо таго забiлi слугi, якiя яго ж i абрабавалi. Пасля чаго ён звярнуўся па дапамогу да роднага дзядзькi святара Казiмiра Дмахоўскага. Але той не толькi не дапамог Генрыку, а, наадварот, напiсаў данос на роднага пляменнiка вiленскаму генерал-губернатару, паве­дамiў месца жыхарства, псеўданiм i даў падрабязнае апiсанне яго знешняга выгляду. «Росту высокага, валасы светлыя, як i бровы, вочы блакiтныя, нос трохi задзёрты, твар акруглы, бакенбардаў i вусоў да 1831 года не насiў…» З такой iн­фармацыяй аўстрыйцы хутка знайшлi яго i арыштавалi.

Пасля працяглага следства суд прыгаварыў яго да пяцi гадоў турмы. Пакаранне Генрык Дмахоўскi адбываў ва ўмацаванай сярэдневяковай крэпасцi Куфштайн, што недалёка ад аўстрыйскага горада Iнсбрука, сярод Альпiйскiх гор. I ў няволi Генрык не пакiдае мастацтва: нават з хлебнага мякiша ён стварае своеасаблiвыя скульптуры арыштантаў. Пасля сямi гадоў зняволення, у 1841 годзе, ён выйшаў з турмы i накiраваўся ў Парыж, дзе вучыўся ў Школе мастацтваў у знакамiтых французскiх скульптараў Франсуа Руда i Давiда д’Ангера. Адным з найбольш вядомых твораў таго перыяду лiчыцца медальён у форме попельнiцы з выявамi Якуба Шэлi i канцлера Меттэрнiха, якiя ў крывi патапiлi паўстанне ў Галiцыi. У 1848—1849 гадах у Польшчы выканаў мадэль помнiка польскiм паўстанцам, палеглым пад Мiлаславам у 1848 годзе.

У 1852 годзе Дмахоўскi перабiраецца за акiян у Фiладэльфiю. Там ён стаў вядомым скульптарам пад iмем Генры Сандэрс. Амерыканскi перыяд у творчасцi Дмахоўскага быў надзвычай плённым. Ён адкрывае скульптурную школу, робiць партрэтныя медальёны, бюсты вядомых асоб, арганiзуе выставы ў Фiладэльфii i Вашынгтоне. У ЗША iм створаны медальён, прысвечаны пакараным смер­цю дзекабрыстам, бюст Лайаша Кошута, скульптура «Гарыбальдзi з воiнамi». У гэты ж перыяд Генрык Дмахоўскi выконвае для кангрэса ЗША медальёны i бюсты знакамiтых дзеячаў амерыканскай гiсторыi – Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэферсана, Бенджамiна Франклiна, Тадэвуша Кас­цюшкi, Казiмiра Пуласкага, якiя i цяпер знаходзяцца ў Капiтолii. У жнiўнi 1853 года ён ажанiўся з лепшай пiя­нiсткай Фiладэльфii Геленай Шааф з Баварыi. Але нядоўгiм было сямейнае шчасце. Ледзь перажыўшы смерць першага дзiцяцi, у лiпенi 1857 года ў час другiх родаў памiрае i жонка... На магiле, размешчанай на звернутым да ракi высокiм узгорку, гаротны скульптар паставiў помнiк з белага мармуру ў выглядзе жанчыны з двума дзецьмi на руках.

Праз чатыры гады пасля смерцi родных, у маi 1861 года, Дмахоўскi нарэшце атрымлiвае дазвол царскiх улад i вяртаецца на Радзiму. У Вiльнi ён працягвае займацца скульптурай, адкрывае атэлье. Найбольш вядомымi работамi, якiя стварыў тут Дмахоўскi, з’яўляюцца помнiк Уладзiславу Сыракомлi i мадэль помнiка Барбары Радзiвiл. Яго выбiраюць правадзейным членам Вiленскай архе­алагiчнай камiсii. Увесь час за Генрыкам Дмахоўскiм як нядобранадзейным сочыць палiцыя. I нездарма, бо ён не мог пагадзiцца з царскiм прыгнётам i вясной 1863 года прымаў актыўны ўдзел у паўстаннi ў Лiтве i Беларусi. Ён ста­новiцца паўстанцкiм камiсарам на сваёй радзiме – у Дзiс­ненскiм павеце. Пад Мiёрамi ён фармiруе атрад, якi накi­роў­ваецца ў Вiлейскi павет для злучэння з паўстанцамi Вiнцэнта Козела. У красавiку – пачатку мая ён праходзiў па тэрыторыi сучаснага Докшыцкага раёна, дзе спадзяваўся папоўнiць свае рады. Напужаўшы да смерцi свяшчэннiка Воль­беравiцкай царквы Юльяна Яленскага, атрад накiраваўся ў бок Лепеля. Ноччу з 25-га на 26 мая паўстанцы зана­чавалi ў маёнтку Бераспонне. А наступным днём атрад колькасцю 280 чалавек спынiўся на адпачынак на заходнiм беразе возера Медзазол каля маёнтка Парэчча. Магчыма, Дмахоўскi спадзяваўся схiлiць на свой бок уладальнiка Парэчча генерал-маёра ў адстаўцы Пятра Аляксандравiча Юзэфо­вiча, якi меў вопыт удзелу ў Каўказскай вайне. 26 мая 1863 года ў час абеду на паўстанцаў нечакана напала рота салдат, якую прывёў селя­нiн з вёскi Атрубак Арцемiй Мiхаль. Дмахоўскi, зрашэчаны кулямi, загiнуў адразу, а стра­цiўшы кiраў­нiка, слабаўзброены атрад разбегся. Дзесяць паўстанцаў, сярод якiх ураджэнцы Дзiс­нен­скага i Лепельскага паветаў, па­палi ў палон. Магчыма, рэшткi гэтага атрада бачылi мясцовыя сяляне ў аколiцах вёсак Бераспонне, Тумiлавiчы i Чарнiца. Згодна з рапартам Крамянчугскага пяхотнага палка, менавiта ў гэтым раёне ў чэрвенi 1863 года праводзiла пошук паўстанцаў 18-я рота пад камандаваннем паручнiка Максi­мовiча. У вынiку гэтага 60-кiламетровага рэйду быў захоплены ў палон адзiн паўстанец, якi адпачываў пасля начной варты. Ён паведамiў, што атрад складаўся з 20 чалавек. Пасля бою маёнтак Юзэфовiча быў разрабаваны расiйскiмi салдатамi, але сам адстаўны генерал не пацярпеў.       

Пасля доўгiх гадоў забыцця дакладнае месца пахавання Дмахоўскага ўдалося адшукаць дзякуючы праўнучцы генерала П. Юзэфовiча Юстыне Пятроўне Васiлевiч, якая зараз жыве ў вёсцы Несцераўшчына Докшыцкага раёна. Яна паведамiла, што яшчэ да верасня 1939 года ў час навучання ў Докшыцкай польскай школе ў маi вучнi з настаўнiкамi прыходзiлi да магiлы Генрыка Дмахоўскага i ўскладалi кветкi. Тое месца зна­хо­дзiцца на старажытным курганным могiльнiку ў бярозавым гаi на поўнач ад вёскi Бiрулi Докшыцкага раёна. На ёй, магчыма, адразу пасля смерцi быў усталяваны безыменны каменны крыж з ледзь бачнай выявай лучнiка. Ва ўсякiм разе, так ён выглядаў на адной з карцiн вядомага беларускага мастака ўраджэнца Докшыцаў Вiктара Маркаўца.

Мiнулым летам пошукавым батальёнам Мiнiстэрства абароны былi праведзены раскопкi на месцы пахавання Генрыка Дмахоўскага. Архе­олагамi знойдзены астанкi трох чалавек, прадметы адзення сярэдзiны ХIХ стагоддзя, а таксама кулi ад расiйскiх ружжаў таго часу. Пасля правядзення неабходнай у такiх выпадках судова-медыцынскай экспертызы астанкi паўстанцаў вернуцца на тое месца, дзе скончыўся iх зямны шлях. Генрык Дмахоўскi заслугоўвае таго, каб месца яго гiбелi было ўшанавана належным чынам, i падставай для гэтага магло б стаць урачыстае святкаванне 200-годдзя з дня яго нараджэння.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter