Ген жыцця

«З ЦЯГАМ часу мы ўсе нібы вяртаемся назад, у сваё дзяцінства. Людзі майго пакалення і старэйшыя за іх добра памятаюць пасляваенны сялянскі ўклад жыцця. Я і сам лаўлю сябе на думцы, што сум пра дзяцінства, якое б яно ні было цяжкае, усё больш авалодвае мною. Думкі аб вяртанні да таго часу, калі вёска была эпіцэнтрам жыцця з яе пакутамі і радасцямі, дзяржавай у дзяржаве, дзе ўсё ішло па сваіх звыклых канонах, не пакідаюць мяне ў спакоі». Гэтыя словы сталі лейтматывам кнігі «Ген жыцця» народнага мастака Беларусі, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Васіля ШАРАНГОВІЧА.

З дзяцінства ў народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча выхавалася павага да працавітага вясковага люду, якому ён прысвяціў усе свае творчыя натхненні

«З ЦЯГАМ часу мы ўсе нібы вяртаемся назад, у сваё дзяцінства. Людзі майго пакалення і старэйшыя за іх добра памятаюць пасляваенны сялянскі ўклад жыцця. Я і сам лаўлю сябе на думцы, што сум пра дзяцінства, якое б яно ні было цяжкае, усё больш авалодвае мною. Думкі аб вяртанні да таго часу, калі вёска была эпіцэнтрам жыцця з яе пакутамі і радасцямі, дзяржавай у дзяржаве, дзе ўсё ішло па сваіх звыклых канонах, не пакідаюць мяне ў спакоі». Гэтыя словы сталі лейтматывам кнігі «Ген жыцця» народнага мастака Беларусі, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Васіля ШАРАНГОВІЧА.

ЛЁС Васіля Шаранговіча варты асобнай кнігі. Яго жыццё было шчаслівым, як і ў кожнага творчага чалавека, які здолеў поўна і ярка рэалізаваць свой талент. Але яно было і складаным, як і ва ўсяго пакалення «дзяцей вайны». Мастак нарадзіўся напярэдадні вайны на Мядзельшчыне ў вёсцы Качаны. Ваеннае ліхалецце ён запомніў выразна, як час голаду, пажарышчаў і зямлянак. Пазней, калі ён стаў ужо прафесійным мастаком, гэтыя дзіцячыя ўспаміны матэрыялізаваліся на паперы. У серыі каляровых аўталітаграфій «Памяці вогненных вёсак», створанай у 1980-я гады і за якую мастак атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі, ён звярнуўся да гэтых яркіх успамінаў, якія захаваліся ў яго памяці. Але не вайна стала галоўнай тэмай яго творчасці. Графічныя лісты майстра пранізвае любоў да радзімы, часам пакутная і балючая. Шчымлівая ў адносінах да вяскоўцаў, чыё штодзённае існаванне напоўнена цяжкай працай і жыватворным гумарам. Ганарлівая, калі гаворка ідзе аб памкненнях, узнёслым і адначасова трагічным жыцці змагароў і асветнікаў зямлі беларускай, што шчыравалі на абшарах бацькаўшчыны стагоддзі таму. Усё гэта дазволіла творцу ўзняцца над асабістымі перажываннямі, перадаць узрушаную годнасць лепшых сыноў краіны, іх непахісную веру ў шчаслівую будучыню сваёй радзімы, боль ад пакутаў, прагу помсты, горыч страт, безабароннасць і мужнасць. А яшчэ вабіць у яго работах моцны, жыццядзейны творчы дух беларусаў, будзённыя судакрананні з зямным хараством і заўсёды святочная вера ў новы, лепшы дзень.

Час для Васіля Шаранговіча — не абстрактная катэгорыя. Гэта адчуваеш нават тады, калі ён гаворыць пра тыя стагоддзі, якія ўжо даўно сышлі ў цемру невядомасці. Мінулае не знікла бясследна, культурнымі пластамі яно ўрастала ў зямлю, гісторыю, памяць людзей, перадавалася паданнямі і казкамі з пакалення ў пакаленне. Захавалася ў гомане дрэў, струменістым ззянні рэк, перашэпце лугавых траў і кветак, пералівах птушыных спеваў. Сыходзілі і змяняліся часавыя вехі, знікалі гербы і тытулы, разбураліся брукаваныя шляхі і цяністыя альтанкі, аднак заставалася галоўнае — жывая, трапяткая энергія чалавечага духу, так выразна і так магутна ўвасобленая ў творах мастака.

«Чалавечае жыццё — як адкрытая кніга, што прачытанай да канца ніколі не бывае. Нараджэнне чалавека абяцае яму бязмежнае плаванне па невядомым акіяне, дзе яго будуць падсцерагаць шчасце і гора, удачы і падзенні, трагедыі і камедыі, захапленні і расчараванні, крутыя віражы і ціхія завадзі, ды і многае іншае, што давядзецца спазнаць і перажыць. А калі ён прыплыве ў канцавую гавань, ніхто ніколі не ведаў і ведаць не будзе. Бо, напэўна, калі б чалавек ведаў наперад свой лёс, то, можа, некаму і не захацелася б ісці па тым шляху, які яму наканаваны».

Васіль Шаранговіч часта звяртаўся ў думках да свайго дзяцінства. Як жывых бачыў аднавяскоўцаў-мужыкоў, якія кожны вечар па звычцы збіраліся на прызбе. Прыгадваліся і жанчыны з асаблівай, «хатняй» прыгажосцю, заўсёды занятыя працай і дзецьмі, калаўротам ці печкай. Качаноўскі Тупік, Адэля і многія іншыя былыя аднавяскоўцы ўвесь час як бы жылі побач з мастаком.

Ён і маляваў гэты сялянскі люд са шчырым задавальненнем, з радасцю аддаючы даніну і сваім дзіцячым успамінам, і самой вёсцы, якая дала яму яркую і жывую тэму для творчасці.

А вось у рэальным жыцці Васіль Шаранговіч вярнуўся ў родную вёску ўжо ў сталым узросце. Магчыма, не хацеў парушыць тую аўру успамінаў дзяцінства, якая была створана яго ўяўленнем. Але калі мастак праз шмат гадоў прыехаў у родныя Качаны, ён убачыў вёску, дзе дажываюць век усяго некалькі бабулек. Хата, яшчэ дзедаўская, была на месцы, побач закінуты сад, сцежка, як і раней, вяла да закінутай бацькавай кузні ...

У мастака ёсць акварэль 1967 года «Яблыневая галіна». На ёй сапраўды ўсю прастору палатна заняла толькі адна галінка, абсыпаная спелымі яблыкамі дзіўнага сіне-бэзавага колеру. Гэта не капрыз майстра, хутчэй своеасаблівая алегорыя. Ужо тады Васіль Шаранговіч спрабаваў выказаць сваё адчуванне дзяцінства, дзе ўсё бачылася таямнічым і здавалася вялікім і значным. Нават простая яблыневая галінка.

Кожная работа Васіля Шаранговіча напоўнена шчырасцю перажытага і перадуманага. «Графіка — гэта як вясковая праца. Лініі разца на лінолеуме ці дрэве падобныя на след плуга па разоры. Разец, як і плуг, патрабуе выверанай рукі. Агрэхі і тут, і там выключаюцца. Верагодна, з-за гэтай сваёй дакладнасці і лаканічнасці графіка і стала выбарам у мастацкім жыцці Васіля Шаранговіча», — напісаў сябра мастака, беларускі вучоны-археолаг і пісьменнік Міхась Чарняўскі.

Нацыянальнага мастака ў многім вызначае тэматыка яго работ. Для Васіля Шаранговіча яна — у вобразах сялян, занятых цяжкай, але заўжды плённай працай. Іначай, мабыць, і не магло адбыцца. З дзяцінства выхавалася ў яго павага да працавітага вясковага люду, якому ён прысвяціў практычна ўсе свае творчыя памкненні. Адтуль каржакаватыя постаці мужыкоў, што ідуць за плугам або аглядаюць палеткі (як і ён сам раней рабіў разам з бацькам), сеюць зерне, наточваюць косы або вяртаюцца пад вечар дахаты з вазамі сена, іх агрубелыя твары са змрочна сціснутымі вуснамі. Адтуль — прыгожыя паэтычныя вобразы дзяўчат, што мараць аб каханні, працуючы за кроснамі, жанчын, што проста ў полі сярод збажыны кормяць немаўлят. Заўжды героі мастака вылучаюцца выразнымі вачамі, у якіх безліч характарных адценняў: сум, горыч, крыўда, годнасць, спакой. Гэта вочы людзей упэўненых, філосафаў па складу характару, скіраванасці думак, разуменню быцця. Вяскоўцы ў графічных лістах мастака не выглядаюць гаротнымі жабракамі. У цэнтры жыццёвага колазвароту сядзіць паглыблены ў свае думкі філосаф-ганчар; абмаляваны вясёлкай, як боскім арэолам, сейбіт; падобны гнеўнымі вачамі і асуджальным жэстам рук на прарока-вешчуна сляпы лірнік; нібы магутны стогадовы дуб вырастае з зямлі асілак, будучы беларускі Галіяф, пераможца льва. І ці ж не Мадонай, німбам якой сталі белыя прыгожыя птушкі, глядзіцца простая вясковая жанчына, якая паклала ўбок серп і корміць грудзьмі дзіця?

Графічныя лісты Васіля Пятровіча поўныя моцы мужчынскіх і лірызму жаночых вобразаў. У іх пазнаюцца бязмежныя пагорыстыя прасторы Беларусі, і кранае да болю душу знаёмае пачуццё блізкасці да прыроды. Яшчэ ў студэнцкія гады мастак зрабіў серыю невялікіх гравюр, прысвечаных сваім родным месцам, дзе ў вадзе калыхаліся тонкія дарожкі месяцовага святла, а па небе рассыпаліся ззяннем зорачкі-сняжынкі. Ад гэтых зорачак-сцяжынак або ад тонкіх жаночых профіляў яго працы здаваліся сатканымі з бліскучага месяцовага павуціння.

Мастак выконваў гэтыя свае раннія работы, прысвечаныя вершам Максіма Багдановіча, у тэхніцы лінагравюры, мабыць, адной з самых складаных і працаёмкіх. Выразаючы на лінолеуме лініі, ён дамагаўся таго, чаго не маглі дасягнуць многія, — лёгкасці, бязважкасці ліній. Пазней Васіль Шаранговіч звярнуўся да літаграфіі, акварэлі. Графіцы Васіль Шаранговіч не змяняў ніколі. Гэты від мастацтва ў студэнцкія гады ён абраў свядома, любіў яго і гэтую любоў перадаў сваім вучням.

А вучняў у Васіля Шаранговіча шмат. І гэта не выпадкова. Трыццаць гадоў выкладчыцкай працы спачатку ў якасці загадчыка кафедры графікі, потым рэктара ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Больш за дзесяць гадоў Васіль Шаранговіч кіраваў Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва, самым маладым у краіне, якому 1 кастрычніка спаўняецца 15 гадоў. Васіль Шаранговіч заўсёды ганарыўся, што яго вучні самі сталі сёння вядомымі мастакамі. Яго намаганнямі ў нашай краіне створана мастацкая школа графікі, якая пільна захоўвае свае традыцыі. І гэтыя традыцыі не замкнёныя на акадэмізме і класічным навучанні. Беларуская школа графікі — з’ява жывая, дынамічная, не замінае кожнаму творцу шукаць свой стыль, сваю пластыку і бачанне свету.

У апошняе дзесяцігоддзе мастак усё часцей звяртаецца да акварэлі, таксама няпростай у выкананні, таму што яна не даруе мастаку памылак і патрабуе сталасці і ўпэўненасці майстэрства. Васіль Шаранговіч піша акварэллю беларускія краявіды, спрабуючы перадаць іх празрыстую вытанчанасць і ў той жа час эпічнасць, нібы зноўку вяртаючыся ў дзяцінства, на зялёна-блакітныя прасторы Мядзельшчыны. Менавіта акварэльнымі малюнкамі праілюстраваў мастак паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і Якуба Коласа «Новая зямля».

Праца над паэмай Якуба Коласа «Новая зямля» стала для Васіля Шаранговіча надзвычай значнай і важнай. Яе вынік — 91 акварэльная ілюстрацыя. Коласаўская энцыклапедыя сялянскага жыцця не дазваляе вольнасці ў трактоўцы, абстрагаванасці і фармальных падыходаў. Канкрэтыка быту, якая суправаджае чытача на працягу ўсіх трыццаці раздзелаў паэмы, можа быць выкладзена толькі з дакладнай пазнавальнасцю ў дэталях. Знайсці разнастайнасць вобразнага шэрагу ў ілюстрацыях, дзе сам тэкст дае чаргаванне краявідаў, бытавых сцэнак з удзелам некалькіх герояў, партрэтаў, было задачай надзвычай складанай.

Сам мастак ніколі не спачываў на лаўрах. Ён ішоў насустрач жыццю і часу з душой, адкрытай да зрухаў і перамен у грамадскіх настроях, да тэндэнцый і праяў сучаснасці. Імкнуўся ім адпавядаць у поўнай меры. Лёгка прасачыць шлях станаўлення вобразнай мовы мастака на прыкладах аформленых ім кніг, зробленых станковых серый, убачыць імкненне да эпічнасці, цэльнасці і манументальнай маштабнасці, выверанасці кожнай кампазіцыі, прадуманасці сімволікі, да эксперыментавання з вобразнай стылістыкай, тэхнікай, калі спалучаў літаграфію з каляровым алоўкам, змешваў чырвоную гуаш і чорную туш, аловак, рэтуш, сангіну. А галоўнае — паглыблялася, станавілася больш філасофскім асэнсаванне тэматыкі.

СЁННЯ Васіль Шаранговіч мае новыя творчыя задумы. Ён працуе над вялікім акварэльным цыклам, прысвечаным абязлюднелым і сыходзячым у нябыт вёскам, піша памятныя з дзяцінства і шматлікіх падарожжаў у сталым узросце нарачанскія краявіды. Пейзажы мастака — гэта і бязмежны спакой раўнін, і мройны подых жнівеньскай стомленай зямлі, глыбокая вохрыстая цеплыня цёмнага гушчару лясоў на гарызонце, любімы матыў бярозавага гаю, азёрная роўнядзь або стромкае цячэнне ракі, і абавязкова неба з пухкімі жывапіснымі аблокамі. Яго работы напоены магічнай энергетыкай, якая ўзмацняе пачуццё рэальнай прысутнасці прыроды вакол гледача. Пейзажы Васіля Шаранговіча напоўнены сумам і спакоем, хваляваннем і святлом — іх нельга разглядаць раўнадушна. Гледзячы на іх, згадваюцца словы мастака: «Я заўсёды цвёрда стаяў на роднай зямлі, і мне заўсёды, як у словах Янкі Купалы, «будуць сніцца сны аб Беларусі».

Наталля ШАРАНГОВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: ілюстрацыі Васіля ШАРАНГОВІЧА да паэмы Я. Коласа «Новая зямля», 2002 г., акварэль.

P.S. «БН» у наступных нумарах друкуе ўрыўкі з кнігі  «Ген жыцця».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter