Беларусь уводзіць пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін

Гасцям — рады

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня падпісаў указ №8 “Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян”. Дакументам устанаўліваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш за 5 сутак пры ўездзе праз пункт пропуску праз Дзяржаўную мяжу Нацыянальны аэрапорт Мінск для грамадзян 80 дзяржаў.

Гэтую навіну сёння актыўна абмяркоўваюць у СМІ, сацыяльных сетках. Сваімі меркаваннямі дзеляцца і нашы чытачы. Напрыклад, кіраўніца Культурнага цэнтра Беларусі ў Парыжы Святлана Сурава напісала: “Увядзенне пяцідзённага бязвізавага рэжыму прабывання замежнікаў у Беларусі будзе асабліва цікавым для людзей бізнесу, для тых, хто прылятае ў краіну па справах… Асабіста для мяне гэты ўказ нічога не змяняе, бо я маю беларускі пашпарт. А вось мужу, грамадзяніну Францыі, калі спатрэбіцца тэрмінова паехаць са мной у Беларусь, будзе зручна”.

Указ распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію ды іншыя дзяржавы. У першую чаргу, гэта спрыяльныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі, дзяржавы, якія ў аднабаковым парадку ўсталявалі бязвізавы рэжым у дачыненні да беларускіх грамадзян. Новыя правілы ахопліваюць таксама такую катэгорыю, як неграмадзяне Латвіі ды асобы без грамадзянства Эстоніі.

Указ уступіць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter