Гаспадыня сельскай крамы

З рэдакцыйнай пошты...

Паколькi ваша газета асвятляе пытаннi абслугоўвання насельнiцтва, мы, жыхары i пакупнiкi магазiна в. Бенiца Маладзечанскага раёна, хочам распавесцi вам i чытачам пра работу нашага сельскага магазiна i яго загадчыцу i прадаўца ў адной асобе Бабей Людмiлу Эдуардаўну.

Не так многа часу працуе яна ў нас, але ўжо паспела заваяваць любоў i павагу пакупнiкоў. Кажуць, што ёсць урачы, настаўнiкi ад Бога, а вось у нас ёсць прадавец ад Бога. I мы, пакупнiкi бенiцкага магазiна, вельмi ўдзячны кiраўнiцтву Маладзечанскага раённага спажывецкага таварыства, што прыслалi да нас працаваць Бабей Людмiлу Эдуардаўну.

Чысцiня i парадак у краме, на акуратна раскладзеных на палiцах таварах — цэннiкi, а асартыменту тавараў, мусiць мог, бы пазайздросцiць i iншы гараджанiн. Тут можна набыць усё, што неабходна сельскаму жыхару: ад хлеба, малака, цукру, мукi да цвiкоў, фарбы, цэменту, шыферу. Варта толькi заказаць. I не трэба ехаць нам у горад, тым больш што жывуць тут у асноўным пажылыя людзi.

Заходзiш у краму — i цябе сустракае такая ветлiвая, са шчырай усмешкай яе гаспадыня. Адчуваеш, што табе тут рады, абслужаць на самым высокiм узроўнi.

Не было выпадку, каб Людмiла Эдуардаўна спазнiлася на працу хаця бы на адну хвiлiну, а вось без абеду застаецца нярэдка, паколькi хлеб, малако i iншыя тавары завозяць якраз пад абед.

Вялiкi дзякуй вам, паважаная Людмiла Эдуардаўна, за добрасумленную працу, за шчырыя, уважлiвыя адносiны да людзей. Здароўя вам, шчасця i далейшых поспехаў у працы.

Ад iмя пакупнiкоў магазiна в. Бенiца

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter