Гаспадары на сваёй зямлі

Знаўцы фальклору з Венесуэлы расказалі пра традыцыі свайго народа ў Інстытуце культуры Беларусі. На сустрэчы сімвалічна гучала і беларуская дуда.
Знаўцы фальклору з Венесуэлы расказалі пра традыцыі свайго народа ў Інстытуце культуры Беларусі. На сустрэчы сімвалічна гучала і беларуская дуда.

Дыялог пра культуру — цікавы і пазнавальныГэтая краіна ад нас вельмі далёкая, аднак мы ўсё больш даведваемся пра яе. Дарэчы, упершыню дыялог паміж Беларуссю і Венесуэлай пачаў ладзіць яшчэ беларускі паэт, празаік, публіцыст Уладзімір Дудзіцкі. Ён у 1949 годзе стварыў у Баліварыянскай Рэспубліцы беларускую суполку. Згадкамі пра яго падзвіжніцкую працу была сагрэта і сустрэча даследчыкаў культуры дзвюх краін. Імпрэза ладзілася, калі Венесуэла святкавала Дзень супраціўлення карэнных жыхароў (да 2002 года — “Дзень Калумба”). Заўважым: у дружалюбнай краіне шмат робіцца на дзяржаўным узроўні ў абарону культуры, традыцый, моваў усіх карэнных народаў. Іх правы зафіксаваны і ў Канстытуцыі Венесуэлы, прынятай у 1999 годзе. А 12 кастрычніка з 2002 года паводле ўказа Уга Чавеса перайменавана ў Дзень супраціўлення карэнных жыхароў: як знак памяці, ушанавання барацьбы карэннага насельніцтва супраць іншаземных заваёўнікаў. Цяпер у некаторых штатах Венесуэлы за дзяржаўныя сродкі будуюцца дамы, якія перадаюцца з правам уласнасці разам з землямі ў карыстанне туземным сем’ям і абшчынам.
Далейшае ўмацаванне беларуска-венесуэльскіх сувязяў, працяг кантактаў, папулярызацыя культуры Венесуэлы — дзеля гэтага ладзілася сустрэча. На яе завіталі ганаровыя госці з Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара ў Мінску і з розных беларускіх устаноў. Змястоўнымі былі даклады Марыі Тэрэзы Нова Кабаль, бакалаўра мастацтваў Цэнтральнага ўніверсітэта Венесуэлы, і Рафаэля Саласара Марэна — ён даследуе народнае мастацтва Венесуэлы і Лацінскай Амерыкі. Цікава было даведацца: культура Венесуэлы ўвабрала ў сябе духоўныя скарбы індзейскіх, афрыканскіх ды іспанскага народаў. Таму ў музыцы і танцах гэткі іскрысты мікс матываў. А як прыгожа гучыць Хаячы! Гэта спеў, прысвечаны прыродзе, заклінанню багоў, а самае галоўнае — ім заваёўваюць каханне. “Музыка мясцовага насельніцтва складаецца з пяці танальнасцяў, — прыадкрываў таямніцы Рафаэль Саласара Марэна, госць з Асунсьёна, штата Нуэва-Эспарта. — Усе інструменты важныя, каб гарманічна гучала песня: чагосьці няма — і ўжо не тое... Але спевы, музыка — гэта заўжды імправізацыя, і кожны народ дадае штосьці сваё, непаўторнае”. Папулярны ў туземцаў танец кан-кан: яго выконваюць, стаўшы паўкругам, паўсферай, імітуючы рухі змяі. Чаму яе? Бо яна ж сімвал урадлівасці!
Калі выступалі беларускія даследчыкі культуры, то вельмі сімвалічна, як голас з мінуўшчыны, гучала дуда ў руках Вячаслава Калацэя, кандыдата філалагічных навук. “Ніводнае свята продкаў не абыходзілася без дуды, — казаў Вячаслаў. — Але ў XX стагоддзі яна не вытрымала канкурэнцыі з іншымі музычнымі інструментамі. Цяпер мы спрабуем аднавіць яе гучанне. Ёсць надзея, што дуда зноў будзе папулярнай”.
Пра адметнасць беларускіх танцаў расказаў этнахарэограф Мікалай Казянко, мастацкі кіраўнік гуртоў “Мілавіца” і “Ветразь”. Аказваецца, беларуская танцавальная сістэма складаецца з карагодаў, танцаў і скокаў (імправізацый). У гурце “Мілавіца” танцуюць дзеці рознага ўзросту, яны і паказалі на сустрэчы аўтэтычную Кадрыль, танцы Картузэ, Каваль, Гапак. Дарэчы, дзеці самі сабе і акампануюць.

Юлія Букель

На здымку:
Дыялог пра культуру — цікавы і пазнавальны
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter