Известный полесский хлебороб, бывший руководитель ельского КСУП «Совхоз Коммунист», член Союза писателей Беларуси Григорий Бабченко за цикл детских стихов получил литературную премию имени Василя Витки

Гаспадар з душой паэта

У творчай скарбонцы Рыгора Бабчанка шмат вершаў для дзяцей

Не толькі высокімі ўраджаямі і надоямі малака славіўся КСУП «Саўгас «Камуніст», пабудаваны на абноўленых землях Палесся (на былых балотах поўдня рэспублікі ўзведзена чатырнаццаць такіх гаспадарак). Запала ў душу арыгінальная культура Зашыр’я: сцены шматпавярховых дамоў і вытворчых памяшканняў жывапісна распісаны. Акуратна прыбраныя вуліцы больш нагадваюць алеі батанічнага саду. Арыгінальна добраўпарадкаваныя два паркі дапоўнілі асаблівасць аграгарадка, у якім, як сцвярджаў красамоўны надпіс на бетанаванай агароджы, «жыць не трэба незаможна, непрыгожа». І вакол жылых кварталаў палявыя дарогі аздаблялі валуны з рыфмаванымі радкамі з вершаў хлебароба Рыгора Бабчанка.


Колькі разоў ні даводзілася наведваць цэнтральную сядзібу адной з найбольш буйных гаспадарак Ельскага раёна, кожны раз яна здзіўляла нечым новым. Чаго толькі вартая ідэя стварэння музея выселеных пасля чарнобыльскай катастрофы беларускіх вёсак. Энтузіясты мясцовага Палаца культуры сабралі арыгінальныя рэчы з вымушана пакінутых дамоў і падворкаў. Кіраўніцтва зашырскай гаспадаркі выкройвала сродкі на ўсталяванне такога мемарыяла. Побач з Палацам культуры створаны музей побыту і культуры палешукоў, «горад майстроў» з ганчарнай майстэрняй і кузняй. Тут моладзь і зараз вучыцца традыцыйным промыслам. Дзеці хлебаробаў атрымалі магчымасць займацца ў гуртках па інтарэсах пры Палацы культуры. Пра ідэю стварэння вясковага музея пачулі ўдзельнікі абласной нарады, якая вывучала перадавы вопыт гаспадарання ў «Зашыр’і». Зацікавіўся і тагачасны кіраўнік Гомельскага абл­выканкама і падтрымаў гэту справу. Вядома ж, мець у палескай глыбінцы ўнікальны музей — гонар. 

Гаспадарка падтрымлівала моцную сувязь з Ельскай дапаможнай школай-інтэрнатам. Летам яе выхаванцы пасвілі грамадскі статак і такім чынам прызвычайваліся да сялянскага побыту.

На ўсё хапае сіл і жадання ў Рыгора Уладзіміравіча. Да нядаўняга часу на яго сялянскім падворку былі кароўка, свінні, куры. Парадак пануе ўсюды, дзе гаспадарыць жонка На­дзея Уладзіміраўна. Дапамагаюць упраўляцца сыны Андрэй і Уладзімір. А як выдаецца вольная хвіліна, гаспадар душу адводзіць у вершаваных радках: 

Я часам сам не маю сілы

Уцячы ад гэтай мітусні,

Адведаць родныя магілы —

Майго дзяцінства карані…

Не кожнаму дадзена ў паэтычных радках адлюстраваць усплёск пачуццяў. Але, пэўна, кранаюць карані вытокаў, якія ў нялёгкім жыцці мацавалі продкаў з вялікага палескага роду. Сялянскі сын Рыгор Бабчанок пераняў адшліфаваныя імі багатыя традыцыі. З дзяцінства не цураўся сялянскай працы: ра­зам са старэйшымі станавіўся ў пакос, пілаваў лес, засяваў поле, з братамі і сёстрамі дапамагаў маці на калгаснай ферме.

Талент адчуваць паэтычнае слова праявіўся ў Рыгора Уладзіміравіча ў школьныя гады, а потым калі ён быў навучэнцам Смілавіцкага заа­ветэрынарнага тэхнікума, студэнтам заатэхнічнага факультэта Белдзяржсельгасакадэміі. Вершы яго друкаваліся ў газетах, іх слухалі на вечарах аднакурснікі і выкладчыкі. А калі выпускнік сельгасакадэміі ўзначаліў ельскі КСУП «Саўгас «Камуніст», патрыятычнымі радкамі ўпрыгожыў пабудовы, вуліцы маладога пасёлка Зашыр’е. Іх можна прачытаць на валунах, што ўладкаваны на ўскрайку старанна дагледжаных палёў, на стэндах чыста прыбраных жывёлагадоўчых ферм, на будынку рамонтнай майстэрні, збожжасховішчы. 

Паэтычным дэбютам вясковага творцы стаў зборнік вершаў «Асалода». Жыццёвае крэда гаспадарлівага, шчырага і добрага Рыгора Бабчанка сцісла адлюстравана ў гэтых радках:

Я з неба зорак не хапаю,

Чужых таксама не бяру.

Зямельку родную люблю

І, як бацькі мае, ару.

Як сейбіт увіхаецца на веснавой ніве, так і аўтар сваімі вершамі засявае духоўную раллю вёскі, якая прарастае шчодрым ураджаем людской дабрыні, шчырасці і павагі да сялянскай працы. 

Асалодай завецца і саджалка, створаная меліяратарамі побач з аграгарадком Зашыр’е. Сюды едуць з Мінска і Гомеля, Мазыра і Кіева, Масквы і Санкт-Пецярбурга. І гасцей ёсць чым здзівіць. Гаспадарка некалькі гадоў запар трымала першынство ў рэспубліканскім спаборніцтве па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, перадавікі яе адзначаліся на «Дажынках». Мясцовы фальклорна-этнаграфічны калектыў атрымаў званне народнага, а дзіцячая школа мастацтваў у ліку лепшых на Гомельшчыне. 

Вершы хлебароба-паэта пра зямлю і тых, хто на ёй працуе, пра нашы традыцыі і звычаі, пра родную хату і матулю ўнесены ў школьную праграму. Вобразы ў іх незвычайныя, творца прыкмячае самае яркае ў сялянскім бу­дзённым побыце:

Цвіце чаромха, вішня, сліва,

І малаком абліты грушы.

Жыву спакойна і шчасліва

Пад зорным небам Беларусі...

...Сады, палеткі, зеляніну

І майскай ночы цеплыню,

Сваё жыццё, сваю краіну

На рай замежны не змяню!

Творчую скарбонку паэта-хлебароба папоўніў другі літаратурны зборнік «Вяртанне», які складзены з сямі раздзелаў. Аўтар расказвае пра зямлю і тых, хто на ёй працуе, пра родную хату і бацькоў. Лірычны герой паэта, як і ён сам, цесна звязаны з Палессем. Яго вершы кранаюць сэрца шчырасцю і простай сялянскай мовай, глыбокай напоўненасцю радкоў сэнсам, уменнем творцы любавацца навакольнай прыгажосцю. Рыгор Уладзіміравіч — сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, адзначаны нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру».

Сёлета выйшла ў свет яго трэцяя паэтычная кніга «Вышыня». У прадмове адзначаецца: «Прастата слоў, нескладанасць радкоў і глыбокі сэнс вершаў — вось яго паэтычны талент». Пачынае аўтар чарговы зборнік з верша, прысвечанага маці, які заканчваецца радкамі:

Казала мне маці:

Працуй, ды не злуйся,

І будзе ўсё ў хаце —

Шчыруй, не лянуйся! 

Другі год Рыгор Уладзіміравіч не па ўласным жаданні не кіруе КСУП «Саўгас «Камуніст», якому аддаў больш трох дзясяткаў гадоў. Прадпрыемства стабільна трымалася сярод найбольш моцных не толькі на Гомельшчыне, але і ў Беларусі. Неаднаразова выходзіла пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. Лепшыя працаўнікі адзначаліся ў раёне, вобласці, рэспубліцы. 

Рыгор Уладзіміравіч без справы не сядзіць — працуе інжынерам па сыравіне на Мазырскім малочным заво­дзе. У яго абавязкі ўваходзіць кантроль за пастаўкамі малака з ферм рэгіёна. Яго, як былога кіраўніка, хвалюе, што зашырская гаспадарка зменшыла аб’ёмы вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, скараціўся малочны статак, прадукцыйнасць кароў знізілася. Гэта паўплывала і на заробкі землякоў. І ўсё ж, апантаны любоўю да роднага Палесся, Рыгор Бабчанок спадзяецца, што адновіцца слава КСУП «Саўгас «Камуніст». 

Паэтычная скарбонка вяскоўца, як невычэрпныя палескія крыніцы, пастаянна поўніцца новымі творамі. Сярод іх шмат вершаў для дзіцячай аўдыторыі (друкуюцца ў перыядычных выданнях). Па выніках мінулага года рашэннем рэдакцыйнай калегіі дзіцячага часопіса «Вясёлка», якім кіруе вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі, Рыгору Уладзіміравічу прысуджана літаратурная прэмія імя Васіля Віткі. Лаўрэатамі яе ў розныя гады сталі Рыгор Барадулін, Эдзі Агняцвет, Сяргей Грахоўскі, Мікола Чарняўскі і іншыя вядомыя літаратары. На ўрачыстасць з нагоды ўручэння медаля Васіля Віткі і ганаровага дыплома лаўрэата палескі творца прыехаў з пяцігадовай унучкай Андрыянай і сынам Андрэем. Няхай і надалей не згасае творчы запал у паэта-хлебароба Рыгора Бабчанка!

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter