У Фаніпалі можа з’явіцца «Райскі сад», а ў Лагойск з Мінскам звяжа хуткасны трамвай

Гарады мараць пра будучыню

Укараненне ў архітэктуру ІТ-тэхналогій, магчымасць знаёміцца з лепшымі сусветнымі ўзорамі горадабудаўніцтва падахвочваюць моладзь ужо падчас навучання спрабаваць свае сілы ў праектаванні. Маладыя архітэктары з БНТУ прымаюць удзел у стварэнні праектаў развіцця малых гарадоў. Аб іх ідэях даведалася карэспандэнт «Рэспублікі».

Наталля Жолудзь ведае шмат цікавых нюансаў з будучыні гарадоў-спадарожнікаў.
Фота Аляксандра Кулеўскага

Студэнты працавалі над абнаўленнем парку ў былым маёнтку Тышкевічаў у Лагойску, архітэктурна-дызайнерскай канцэпцыяй шматфункцыянальнага дзіцячага комплексу «Горад сонца» ў Мінскім раёне, уладкаваннем парку культуры і адпачынку ў Жодзіне, рэканструкцыяй Саборнай плошчы ў старым Барысаве, а таксама над праектам культурна-асветніцкага комплексу «Замкавая гара» ў Капылі, дзе ў цэнтры горада існуе гарадзішча X стагоддзя. Сярод іх задумак і развіццё лыжнага курорта «Сілічы», каб ён мог працаваць круглы год.

— Нядаўна ў нас з’явілася практыка распрацоўкі праектаў для гарадоў — спадарожнікаў Мінска, — расказвае Наталля Жолудзь, асістэнт кафедры горадабудаўніцтва архітэктурнага факультэта БНТУ. — Такіх гарадоў шэсць: Лагойск, Рудзенск, Смалявічы, Фаніпаль, Дзяржынск, Заслаўе. Кожны з іх мае свае адметнасці, асаблівасці планіроўкі. Напрыклад, Заслаўе і Лагойск могуць развівацца як турыстычныя гарады: там ёсць помнікі архітэктуры і спартыўныя аб’екты. Пры распрацоўцы праекта першапачаткова ідзе збор зыходных даных. Мы абавязкова выязджаем на месца, аглядаемся, знаёмімся з рэльефам, наяўнасцю магістраляў, чыгункі, водных шляхоў, размаўляем са спецыялістамі, мясцовымі ўладамі, жыхарамі. Каму ж, як не ім, лепш ведаць свае патрэбы? На базе таго, што ўжо маецца, маладыя архітэктары павінны стварыць такі план, які дазволіў бы гораду развівацца не толькі з найменшымі выдаткамі, але і з максімальным захаваннем унікальнасці.

Прыкладам такога спалучэння Наталля называе Фаніпаль. Гэты гарадок значна пашырыць свае межы, прычым не толькi за кошт жылля i аб’ектаў абслугоўвання:

— У перспектыве ўсё будзе забудавана i ў прамысловым сектары, там, дзе сёння знаходзяцца заводы «Штадлер», Ferroli. Гэта тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны, якая асвойваецца дастаткова актыўна, таму што прадастаўляе падатковыя льготы. Там плануюць яшчэ пабудаваць цукерачную фабрыку.

Часткай горада стане і лясны масіў, што знаходзiцца непадалёк ад прамысловай зоны. Наталля расказвае, што спачатку там збіраліся ўзвесці бальніцу, але мясцовае насельніцтва выступіла катэгарычна супраць. Лес вырашылі пакінуць у ранейшым выглядзе, хіба што пракласці пешаходныя дарожкі ды абсталяваць спартыўныя пляцоўкі. Бальніцу пабудуюць у бліжэйшым населеным пункце.

Адметнасць Фаніпаля ў тым, што ён нібыта заціснуты паміж брэсцкай трасай, другім транспартным кальцом і чыгункай, якая падзяляе горад на жыллёвы і прамысловы сектары. Адзін пуцеправод там ужо ёсць, у перспектыве — будаўніцтва паўнацэннай развязкі, якая дазволіла б не стаяць на пераездзе. У раёне сядзібнай забудовы прадугледжаны дзіцячы сад і школа, якіх Фаніпалю зараз вельмі не хапае.

Зоны адпачынку, магчыма, з цягам часу будуць развівацца на берагах Пцічы, Волкавіцкага вадасховішча. Але для гэтага патрэбны дадатковыя даследаванні. А пакуль што гараджане ходзяць «на шашлыкі» ў мясцовы яблыневы сад, які займае некалькі гектараў у паўднёва-заходняй частцы Фаніпаля. Дарэчы, яго збіраліся аддаць пад сядзібную забудову, але ўрэшце было вырашана не толькі захаваць гэтую «разыначку» горада, якая нават мае ўласную легенду, але больш таго, стварыць турыстычны комплекс «Райскі сад».

Зараз маладыя архітэктары распрацоўваюць дэталёвы план шматкватэрнай забудовы для Смалявічаў. Праект гэты разлічаны на далёкую перспектыву і вырашае глабальную планіроўку: як будуць развівацца будаўніцтва жылых раёнаў, транспартная інфраструктура, камунікацыі, дзе размесціцца грамадскі цэнтр.

Наталля заўважае:

— Студэнты падыходзяць да рашэнняў нестандартна, не так, як склалася ў будаўнічай практыцы. Яны прапануюць выкарыстоўваць новыя павевы ўрбанізму, укараняць інавацыйныя ідэі, шмат увагі надаюць камфорту гарадскога асяроддзя. У многім абапіраюцца на сусветны вопыт, але ж аналізуюць, што падыдзе для нашай мясцовасці, клімату, рэльефу, а што не.

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter