Галоўная па надвор’ю

Сіноптыкі падобныя на палкаводцаў: вывучаюць карты і сітуацыю на франтах, зорка сочаць за паводзінамі нябесных “войскаў” Разважаць пра надвор’е, яго зменлівасць і капрызнасць любяць многія. Як і ацэньваць работу сіноптыкаў. А ці задумваўся хто-небудзь сур’ёзна, як працуюць людзі, якія, вобразна кажучы, з надвор’ем на ты? Пра мару дзяцінства, любімую работу, рэбусы і загадкі, якія штодзень падкідвае “нябесная канцылярыя”, — пра гэта і многае іншае я даведалася ад галоўнага сіноптыка Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Вольгі ФЯДОТАВАЙ.

Сіноптыкі падобныя на палкаводцаў: вывучаюць карты і сітуацыю на франтах, зорка сочаць за паводзінамі нябесных “войскаў”

Разважаць пра надвор’е, яго зменлівасць і капрызнасць любяць многія. Як і ацэньваць работу сіноптыкаў. А ці задумваўся хто-небудзь сур’ёзна, як працуюць людзі, якія, вобразна кажучы, з надвор’ем на ты? Пра мару дзяцінства, любімую работу, рэбусы і загадкі, якія штодзень падкідвае “нябесная канцылярыя”, — пра гэта
і многае іншае я даведалася ад галоўнага сіноптыка Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Вольгі ФЯДОТАВАЙ.

Звыш 30 гадоў Вольга Антонаўна вывучае атмасферныя з’явы — іх таямнічасць, загадкавасць, незвычайнасць вабілі да сябе яшчэ ў дзяцінстве. І не перастае захапляцца зменлівасцю прыроднай стыхіі, утаймаваць якую чалавецтву і сёння не пад сілу, нягледзячы на ўсе дасягненні сучаснай навукі і тэхнікі. — Прадказанне надвор’я — складаная фізічная задача, — заўважае галоўны сіноптык. — У гэтай справе заўсёды прысутнічае элемент няпэўнасці, хоць сёння верагоднасць прагнозаў, напрыклад на суткі, даволі высокая — 94—96 працэнтаў. Здараецца, працуеш над прагнозам, як кажуць, з душой, а ён насуперак усяму не спраўджваецца. Затое, калі таямніца надвор’я разгадана поўнасцю, шчыра радуешся: і за сябе, і за людзей, якія пасля дзякуюць за дакладнасць і аб’ектыўнасць. Дарэчы, спецыфіка прафесіі сіноптыка яшчэ і ў тым, што яго дзейнасць ацэньваецца адначасова мільёнамі людзей. Па словах Вольгі Фядотавай, нашы суайчыннікі адносяцца да метэаралагічных навін з вялікай цікавасцю. Ды іначай і быць не можа: без ведання асаблівасцей надвор’я зараз нікому не абысціся. Які ж шлях трэба прайсці, каб стаць галоўным сіноптыкам? Вольга Антонаўна ўспамінае далёкія 60-я гады мінулага стагоддзя — часы летуценных рамантыкаў, што ехалі часам на край свету не за доўгім рублём, а за марай, “за туманом и за запахом тайги”. Геаграфія падарожжаў юнай Вольгі была вялікай па аб’ектыўных прычынах: бацьку-вайскоўца (карэннага мінчаніна) часта пераводзілі з аднаго месца на другое. Жылі на Урале, пасля перабраліся ва Уладзівасток. Менавіта тут дзяўчына скончыла школу і вызначыла для сябе, якую прафесію выбраць. А авалодваць гэтай прафесіяй пачала на геафізічным факультэце Далёкаўсходняга дзяржаўнага універсітэта, пасля другога курса перавялася ў Ленінградскі метэаралагічны інстытут. На той час сям’я пераехала ў Беларусь, таму лепш было закончыць адукацыю ў паўночнай сталіцы. Інжынер-сіноптык аддзела метэаралагічных прагнозаў — такім быў пачатак. Каб “дарасці” да галоўнага, спатрэбіліся гады, з якімі прыходзіць вопыт і майстэрства, як, дарэчы, і ў любой іншай прафесіі. Без ведаў, любові да сваёй справы тут не абысціся (даруйце за банальнасць, але ж гэта так і ёсць). Цікава, што гэта прафесія, як ніякая іншая, адкрытая для міжнароднага супрацоўніцтва: надвор’е — з’ява планетарнага маштабу. Вольга Фядотава павышала кваліфікацыю на курсах у розных краінах — Расіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі, Іспаніі, былой Югаславіі. Дарэчы, нядаўна адзін з маладых спецыялістаў гідраметэацэнтра пабываў нават у Кітаі. Але акрамя ўсяго сапраўднаму сіноптыку ўласцівы аналітычны склад розуму: ацэньваючы і аналізуючы шэраг аб’ектыўных даных, ён бярэ на сябе вялікую адказнасць — прагназуе сітуацыю (на суткі, два-тры дні), а таксама папярэджвае пра набліжэнне неспрыяльных ці небяспечных умоў надвор’я. Галоўны ж сіноптык хвалюецца і за сябе, і за сваіх падначаленых. Ён не толькі кантралюе працэс састаўлення прагнозаў, але і адказвае за паўнату і правільнасць метэаралагічнай прадукцыі, якую выпускае разам з калегамі. “Вывучаючы сінаптычныя карты, мы падобныя да палкаводцаў, якія прадумваюць стратэгію сваіх дзеянняў”, — усміхаецца Вольга Антонаўна. І сапраўды, слова “фронт” прысутнічае ў прафесійнай тэрміналогіі і першых, і другіх. Хочацца правесці яшчэ адну паралель. Сапраўднага ваеннага нельга ўявіць без ордэнаў і медалёў. А ці многія ведаюць, што тых, хто “змагаецца” з атмасфернымі франтамі, таксама ўзнагароджваюць? У 2006 годзе прафесійная дзейнасць Вольгі Фядотавай была адзначана ўрадавым медалём “За працоўныя заслугі”. Па словах галоўнага сіноптыка, гэта ўзнагарода — ацэнка нялёгкай працы ўсяго калектыву Рэспубліканскага гідраметэацэнтра. “Мая работа, а яна, дарэчы, заўжды са мной, і ў працоўныя дні, і ў выхадныя — гэта мой лёс”, — прызнаецца Вольга Антонаўна. І, як мне здалося, адносіць сябе да ліку шчаслівых людзей, якія займаюцца любімай, цікавай і, самае галоўнае, такой патрэбнай людзям справай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter