Галоўнае — хацець працаваць і любіць тое, што ты робіш. Такая вызначальная жыццёвая матывацыя ў Валерыя Анісенкі, мастацкага кіраўніка і дырэктара адзінага ў краіне тэатра-лабараторыі, які адзначае сваё дваццацігоддзе.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі створаны ў 1990-м пастановай урада Беларусі. Яго пачынальнікі — выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў, вучні заснавацеля тэатра Валерыя Мазынскага. Маладую трупу прыняў і палюбіў мінскі глядач, асабліва тыя, хто цікавіцца творчасцю пачынаючых літаратараў, шануе родную мову і цікавіцца ўвогуле мастацтвам Беларусі. Сёння РТБД — яшчэ і творчая лабараторыя для беларускіх драматургаў.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі створаны ў 1990-м пастановай урада Беларусі. Яго пачынальнікі — выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў, вучні заснавацеля тэатра Валерыя Мазынскага. Маладую трупу прыняў і палюбіў мінскі глядач, асабліва тыя, хто цікавіцца творчасцю пачынаючых літаратараў, шануе родную мову і цікавіцца ўвогуле мастацтвам Беларусі. Сёння РТБД — яшчэ і творчая лабараторыя для беларускіх драматургаў.

Дзесяць гадоў кіруе тэатрам заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валерый Данілавіч Анісенка. І больш за дзесяць гадоў аддае свае сілы, тэмперамент, талент дзеля справы, якой ён жыве.
Нашу размову ў кабінеце мастацкага кіраўніка і дырэктара РТБД нельга было назваць спакойнай, бо перад’юбілейны клопат адчуваўся і ў пастаянных тэлефонных званках, і ў тым, што нехта ўваходзіў і выходзіў...

Са спачуваннем я запыталася:

— Не цяжка спалучаць: мастацкі кіраўнік, дырэктар і “іграючы трэнер”? (Анісенка выходзіць на сцэну і як артыст у пастаўленых ім жа спектаклях, голас яго можна пачуць і па радыё, і ў кіно — агучвае дакументальныя кінастужкі, выступае на сцэне Белдзяржфілармоніі, здымаецца ў кіно — сыграў адну з галоўных роляў у тэлевізійным серыяле “Месть”, прэм’ера яшчэ наперадзе).
— Тэатр і творчасць для мяне — радасць. А калі цяжка працаваць — ідзі на пенсію. А нам жа толькі дваццаць, не да пенсіі.
— Калісьці вы стваралі тэатр-студыю кінаакцёра, і пра ваш спектакль “Утиная охота” па Вампілаву ў Чырвоным касцёле і зараз ходзяць легенды. А потым афіцыйнае адкрыццё гэтага тэатра — “Усё яго жыццё” па сцэнарыю Габрыловіча (у кінаверсіі — фільм “Камуніст”). Тэатр беларускай драматургіі — менавіта той тэатр, дзе вы марылі працаваць?
— Я ўсё жыццё імкнуўся да стварэння класнага высокамастацкага акцёрскага ансамбля. Я прыхільнік псіхалагічнага тэатра. Сёння шмат хто адмаўляецца ад такога тэатра, на якім мы ўзрасталі, лічаць, што ён састарэлы. Мне падабаецца кітайская прымаўка: “Хай квітнеюць тысячы кветак...” Галоўнае — хацець працаваць і любіць тое, што ты робіш...
— Памятаю, як у адной з нашых размоў вы сфармулявалі крэда тэатра, дзе працуеце: “Чалавек, па сутнасці, не змяніўся. Асноўныя якасці, запатрабаваныя грамадствам: прыстойнасць, дабрата, чысціня, вера — усё гэта ёсць і сёння. І магутная літаратура ёсць. Галоўнае — знайсці сваіх”. Як у вашым тэатры ставяцца да размоў, маўляў, сёння няма ні беларускай драматургіі, ні рэжысуры?
— Уважліва чытайце (дае ліст са стала) наш рэпертуар: Купала, Караткевіч, Алексіевіч, Папова, Кавалёў, Курэйчык, Бартохава, Пражко, Гіргель, Рудкоўскі, Балыка, Шурпін... Рэжысёры Баркоўскі, Анісенка, Арлоў, Гарцуеў, Дзінаў, Пінігін, Таліпаў, Лёгкін...
Спектакль “Дзённік паэта” пра Максіма Багдановіча па п’есе Сяргея Кавалёва паставіў Віталій Баркоўскі, а мы будзем паказваць яго ў сакавіку ў Еўропе, на фестывалі ў Бялградзе. Чыста беларускі тэатральны прадукт.
— Палітра спектакляў тэатра-юбіляра вельмі шырокая: класіка, авангард, шоу, фольк-рок. Як сумяшчаецца?
— Я люблю тэатр і не баюся запрашаць да сябе цікавых і розных рэжысёраў. Я не раўную. У мяне адзіная просьба: рабіць добрыя спектаклі.
— Дваццаць гадоў для тэатра ўзрост сур’ёзны, але яшчэ не такі, каб склаліся розныя пакаленні акцёраў. У сталых тэатрах маладзейшым ёсць у каго пераймаць вопыт, вучыцца. Ваша ж трупа дастаткова маладая... А як жа з ростам майстэрства?
— У нас у тэатры вельмі добразычлівая атмасфера. Ёсць аснова, касцяк, на які можна абапірацца. Дзейнічае надзейная каманда. Працуюць прадстаўнікі розных акцёрскіх пакаленняў, а ў спектаклях няма дублёраў. Да нас можа прыйсці яшчэ студэнт і атрымаць ролю, бо яго тэатральнае навучанне доўжыцца ў тэатры побач з майстрамі. Гэта прынцып нашага існавання.
У некалькіх спектаклях у нас заняты Генадзь Міхайлавіч Гарбук. Ён не проста залётны верабей, што прыляцеў, сыграў і зноў паляцеў. Гарбук — наш камертон. Калі ён заняты ў спектаклі, акцёры ведаюць: ён бачыць, чуе, як яны іграюць. Гэта стварае асаблівую прафесійную атмасферу. Ён можа зрабіць далікатную заўвагу, акцёры могуць падысці да яго і спытаць. Адно адчуванне, што ты на сцэне побач з такім Майстрам, дарагога каштуе. Генадзь Міхайлавіч дапамагае нам расці, за што мы яму шчыра ўдзячны.
А ці не камертон Таццяна Рыгораўна Мархель. Яна працуе ў нашым тэатры з 1994 года. Сапраўды ўнікальная народная артыстка, такая ў краіне адна. Дзесяць гадоў глядач у палоне ў Галіны Чарнабаевай. Ва ўсёй Беларусі няма актрысы з такім творчым дыяпазонам.
Людміла Аляксандраўна Сідаркевіч, выпускніца Акадэміі мастацтваў, — дарагі камень і, спадзяюся, што да яе агранкі і я, і наш тэатр маем дачыненне.
Сапраўдны лідар — Ігар Сігаў. Ён таксама выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў, вучань Валерыя Мазынскага, адзін з заснавальнікаў тэатра. Ён не проста выдатны акцёр, якога бачылі нават у Галівудзе (Сігаў здымаўся ў галоўнай ролі ў кароткаметражнай стужцы “Дзверы”, што намініравалася на “Оскар”. “Народная газета” пісала пра гэта падрабязна. — Аўт.). Яго я бачу кіраўніком тэатра беларускай драматургіі пасля сябе. Тэатр перадам менавіта Ігару... А далей — Буслаева, Дабравольскі, Марчанка, Паніматчанка, Халадовіч... і па спісу ўвесь склад трупы тэатра. Надзейны памочнік мастацкага кіраўніка — Вацлаў Валадзько.
— Адкуль да вас у тэатр прыходзіць моладзь?
— Калісьці Ядвіга Дамінікаўна Грыгаровіч, рэктар Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прапанавала мне набраць курс. Выпускнікі курса прыйшлі да нас у тэатр. Потым быў другі набор, і ўжо выпускнікі трэцяга Насця Васільева і Коля Стонкін будуць дэбютаваць у галоўных ролях Сонечкі і Раскольнікава. Вучоба працягваецца ў калектыве. Запрасіў працаваць свайго настаўніка Іллю Львовіча Кургана, нашага патрыярха. Я не адзін, акцёры Сідаркевіч, Марчанка, Буслаева — педагогі майго курса.
— Падзеяй мінулага тэатральнага сезона многія крытыкі прызналі “Чайку” Чэхава, якую вы паставілі на пленэры як рэжысёр і ў якой як акцёр выконвалі адну з роляў. Цікавасць гледача выклікала і ваша апошняя прэм’ера — “Сонечка”, інсцэніроўка Алены Паповай па “Злачынству і пакаранні” Дастаеўскага. Маршруты фестываляў і гастроляў уражваюць: Масква, Варшава, Адэса, Кіеў, Лондан, Эдынбург, Гданьск, Бранск, Смаленск, Барселона, Бон, Лейпцыг, Каір, Тэгеран, Талачын... Што далей?
— Гэта было за дзесяць гадоў, што я працую ў тэатры. Прывозім прызы, граматы, але мне цікавей думаць пра будучае. Да нас на юбілей прыязджае знакаміты дырэктар іркуцкага тэатра Стральцоў — мы там ладзім у верасні гастролі. Збіраемся на гастролі ў Ізраіль. Рыхтуем беларуска-ізраільскі праект — спектакль па п’есе Лявона Агулянскага “На што скардзіцеся?”. Плануем дэбют маладога рэжысёра Мюры Фарыдовіча з п’есай Францішка Аляхновіча “Шчаслівы муж”.
— На вашых спектаклях заўважаеш, што ў тэатра ёсць свой глядач. У фае прыладкаваны світак паперы, на якой пасля спектакля можна запісаць свае ўражанні, водгукі. Вы ажыццяўляеце зваротную сувязь з гледачом, уплываеце на яго і выхоўваеце. Дык які ён, глядач Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі?
— Ён жывы і разумны, таму што мы стараемся размаўляць з ім на чалавечай мове. Наша памяшканне дыктуе своеасаблівую акцёрскую тэхніку, “кіношную”, больш падрабязнага прафесійнага існавання. Глядач і акцёр амаль побач, вочы ў вочы. Таму нельга фальшывіць. Мы стараемся не лгаць. І потым у нас адметны рэпертуар.
На постсавецкай прасторы мы — адзіны тэатр, дзе ідзе “Чарнобыльская малітва” Святланы Алексіевіч. Малады глядач, які не ведае, што там адбылося, выходзіць пасля спектакля ашаломлены, а мае дзеці-артысты так падрабязна пражываюць лёс герояў... Нашу актрысу Наталлю Халадовіч некалі вывезлі з зоны. Яна добра ведае, пра што распавядае са сцэны. Мы ўсе гэтай зонай апаленыя...
— Пра што марыць мастацкі кіраўнік напярэдадні юбілею?
— Каб усе былі здаровыя, каб мы ў рэшце рэшт атрымалі сваё памяшканне, бо плацім вялізныя грошы за арэнду — гэта ж не па-дзяржаўнаму. Хачу, каб пры маім жыцці тэатр атрымаў усё памяшканне, дзе мы зараз знаходзімся. Каб змаглі арганізаваць міжнародны тэатральны фестываль камерных спектакляў сучаснай драматургіі. Геаграфія паездак нашага тэатра паказвае, што мы ўжо маем права гэта рабіць.
— Вы згодны, што мы жывём у нялёгкі час?
— Я не ведаю лёгкіх часоў. Павінны быць мэта, чаканне, жаданне. Час — ён твой, і калі ты Чалавек, асоба, ты павінен адбыцца, збыцца ў свой час, у сваіх абставінах.
— Жадаем вам, каб усё адбылося і збылося. На 20-ы год народзінаў вашага тэатра што вы пажадаеце “Народнай газеце”, якой таксама нядаўна стукнула 20, і яе чытачам?

 

 

 

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter