Гісторыя Беларусі ў паштоўках

Памяць пра мінулае жыве ў старажытных летапісах, успамінах продкаў, творах літаратуры і мастацтва, пісьмах. Са з’яўленнем фатаграфіі ў пачатку ХХ стагоддзя пазнанне сваёй гісторыі стала больш поўным і яскравым. Як сведчанне таму -- кніга “У пошуках страчанага. Гісторыя Беларусі ў старых паштоўках”, у якой адлюстраваны самыя цікавыя, часам невядомыя помнікі беларускага краю.

Кніга, ідэю стварэння якой прапанаваў галоўны рэдактар газеты “СБ. Беларусь сегодня” Павел Якубовіч, -- унікальная. Ілюстраваная рэдкімі фотаздымкамі і паштоўкамі з калекцыі лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” за 2006 год Уладзіміра Ліхадзедава яна запрашае чытача ў падарожжа ў часе. Гледзячы на паштоўкі, можна акунуцца ў атмасферу нашай мінуўшчыны, убачыць, як раней выглядалі нашы гарады, мястэчкі, вёскі, пазнаёміцца з побытам беларусаў, яшчэ больш даведацца пра архітэктурнае багацце нашай краіны. Частка фотаздымкаў і паштовак, што размешчаны ў кнізе, ужо былі надрукаваны ў “СБ”. Як прызнаецца калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў, напачатку ў рэдакцыі не паверылі ў доўгае жыццё рубрыкі аб нашым мінулым ў ілюстрацыях, але праект жыве вось ужо чатыры гады. Гэта ўклад у духоўнае станаўленне нашага грамадства. Народ, які памятае сваю гісторыю, ніколі не знікне.
“Выхад кожнай новай кнігі --- падзея ў культурным жыцці грамадства, -- гаворыць першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ. --- А ўвасабленне настолькі значнага і цікавага праекта, як “У пошуках страчанага”, -- тым больш. Мінулы год быў плённым у кніжнай галіне Беларусі. Выдадзена больш за 12,5 тысячы найменняў кніжнай прадукцыі агульным тыражом больш 49 мільёнаў экземпляраў. Упэўнена: новая кніга зойме пачэснае месца сярод іншых сацыяльна значных выданняў і зможа прэтэндаваць на самыя высокія ўзнагароды на міжнародных конкурсах”.

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter