Фёдар Iванавiч Шмакаў

Беларуская культура, нацыянальнае тэатральнае мастацтва, грамадскасць краiны панеслi цяжкую страту...

Беларуская культура, нацыянальнае тэатральнае мастацтва, грамадскасць краiны панеслi цяжкую страту. 1 мая 2009 года на 93-м годзе пайшоў з жыцця Фёдар Iванавiч Шмакаў — народны артыст СССР, народны артыст Беларусi, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Якуба Коласа. Перастала бiцца сэрца вялiкага акцёра нашай краiны, сапраўднага яе грамадзянiна i палымянага патрыёта. Сваё яркае жыццё да апошняга ўдара сэрца ён аддаў сваёй Айчыне i роднаму народу, з глыбiнь якога заўсёды чэрпаў натхненне i творчыя сiлы.

Нарадзiўся Ф. I. Шмакаў 1 сакавiка 1917 года ў Санкт-Пецярбургу. Пасля заканчэння ў 1939 годзе Ленiнградскага тэатральнага iнстытута працаваў у Дзяржаўным рускiм драматычным тэатры Беларусi ў Магiлёве. З 1941 года – у Нацыянальным акадэмiчным драматычным тэатры iмя Якуба Коласа, удзельнiк франтавой тэатральнай брыгады.

67 гадоў выходзiў ён на сцэну Коласаўскага тэатра. Тут сталеў i набiраў моц яго непаўторны i шматаблiчны талент, талент народнага артыста па самай сваёй сутнасцi. Тут здабыў ён сваю акцёрскую славу i прызнанне гледачоў.

Ф. I. Шмакаў быў акцёрам шырокага творчага дыяпазону, глыбокага псiхалагiзму. Ён валодаў рэдкiм сцэнiчным абаяннем, непаўторнай шчырасцю. Найбольш поўна яго акцёрскiя здольнасцi выявiлiся ў нацыянальным рэпертуары. Ён стварыў шмат вобразаў, у якiх выразна i поўна раскрылiся рысы беларускага народнага характару, унутраны свет сучаснiкаў. Сярод яго лепшых роляў Аксён Каль, Дзед у спектаклях “Навальнiца будзе” i “Зямля” паводле Я. Коласа, Лемяшэвiч, Антанюк у “Крынiцах” i “Снежных зiмах” паводле I. Шамякiна, Каравай у “Таблетцы пад язык” А. Макаёнка, Пэн з “Ружы ў чыстым полi” У. Драздова i iншыя. Своеасаблiвай вiзiткай не толькi Ф. I. Шмакава, а i ўсяго беларускага тэатра стаў вобраз Несцеркi па аднайменнай п’есе В. Вольскага. Апошняя роля Фёдара Iванавiча – адвакат Маргарытаў у спектаклi “Позняе каханне” А. Астроўскага, прымеркаваным да 90-годдзя славутага майстра сцэны.

Ф. I. Шмакаў аднолькава таленавiта спраўляўся з ролямi трагедыйнымi i камедыйнымi, свабодна пачуваўся як у сучасным рэпертуары, так i ў класiчным. Дастаткова згадаць створаныя iм вобразы ў творах А. Астроўскага, Л. Талстога, М. Горкага, М. Гогаля, А. Чэхава, У. Шэкспiра, Ф. Шылера, каб зразумець, што талент яго быў сапраўды невычэрпны i шматгранны. Старэйшаму пакаленню гледачоў вядомы ён як адметны стваральнiк вобраза У. I. Ленiна ў спектаклях I. Папова, Дз. Зорына, М. Шатрова, М. Пагодзiна.

З 1960-х гадоў Фёдар Iванавiч выступаў i ў якасцi рэжысёра. Дзесяткi спектакляў паставiў ён на сцэне роднага тэатра: “Бацькаўшчына” К. Чорнага, “Мудрамер” М. Матукоўскага, “Трывога” А. Петрашкевiча, “Верачка” А. Макаёнка, “Несцерка” В. Вольскага, “Блэз” К. Манье i iншыя.

Каля пяцiдзесяцi роляў сыграў Ф. I. Шмакаў на кiнаэкране. Ён зняўся ў фiльмах “Балтыйскае неба”, “Узнятая цалiна”, “Доўгiя вёрсты вайны”, “Качубей”, “Крынiцы”, “Людзi на балоце”, “Подых навальнiцы” i iншых.

Створанае iм карысталася нязменным поспехам не толькi ў беларускага гледача. У многiх краiнах свету гучалi апладысменты ў яго гонар. Творчыя набыткi Ф. I. Шмакава адзначаны ордэнамi Працоўнага Чырвонага Сцяга i Дружбы народаў, шматлiкiмi медалямi. Ф.I. Шмакаў з’яўляецца лаўрэатам прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, ганаровым грамадзянiнам Вiцебска.

Сваёй плённай творчай дзейнасцю Ф. I. Шмакаў узбагацiў беларускае тэатральнае мастацтва, надаў яму асаблiвую адметнасць i непаўторнасць. Яго iмя назаўсёды ўвайшло ў гiсторыю нацыянальнай культуры. Створанае выдатным майстрам будзе працягвацца ў яго вучнях, якiм шчодра аддаваў ён палымянасць свайго сэрца, багаты жыццёвы i творчы вопыт.

Да самых апошнiх дзён не парываў Ф.I. Шмакаў сувязi з родным тэатрам, не аддзяляў сябе ад справы, якая стала яго жыццёвым лёсам, сэнсам i зместам усяго жыцця. Ён шчыра i самааддана любiў людзей, яны адказвалi яму тым жа.

Светлая памяць пра Фёдара Iванавiча Шмакава назаўсёды застанецца ў сэрцах усiх, хто яго ведаў.

С.С. Сiдорскi, У.У. Макей, У.П. Андрэйчанка, У.Ф. Матвейчук, А.М. Косiнец, С.А. Акружная, В.Д. Анiсенка, Г.С. Аўсяннiкаў, Г.Б. Давыдзька, А.А. Дудараў, Г.М. Гарбук, Э.I. Герасiмовiч, М.Г. Захарэвiч, М.М. Кiрычэнка, В.М. Клебановiч, Т.А. Кокштыс, Б.I. Луцэнка, Б.А. Масумян, А.Л. Мiлаванаў, П.I. Палякоў, А.К. Памазан, М.П. Пашынскi, В.М. Раеўскi, Р.Б. Смольскi, Р.С. Талiпаў, Г.С. Талкачова, А.Л. Ткачонак, Р.I. Шацько, Р.I. Янкоўскi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter