«Думала, што дзіця здымаюць для патрэб медустановы» — карэспандэнт «Р» унікала ў тонкасці работы дарагiх фатографаў у радзільных дамах

Фота на дрэнную памяць

«Увага — праз секунду вылеціць птушка!» Такімі словамі часта сустракаюць у выпісных пакоях новаспечаных бацькоў і іх малых усмешлівыя людзі з фотакамерай. Адны пары самі заказваюць фота і нават відэапаслугі прафесіяналаў, каб захаваць сабе на памяць асаблівы жыццёвы момант. Іншыя ж асабліва не замарочваюцца і згодныя абысціся без гэткага сэрвісу. У такім выпадку, хутчэй за ўсё, іх будзе падпільноўваць фатограф, якi працуе па дамоўленасцi з раддомам. Пагадзіцеся, нямногiя бацькі адмовяцца ад першых прафесійных здымкаў свайго дзіцяці, прычым пытаннi кошту адыходзяць далёка на задні план. I вось тут пачынаецца самае цiкавае…

Успышка з розных бакоў


Днямі ў рэдакцыю паступіў даволі цікавы праблемны ліст. Маладая маці Таццяна Русак скардзіцца на прыватнае прадпрыемства па аказанні фотапаслуг. А сутнасць справы вось у чым: у маі жанчыну разам з нованароджанай дачкой выпісвалі з Клінічнага радзільнага дома Мінскай вобласці. Каб зафіксаваць святочную падзею, бацькі звярнуліся да прыватнага фатографа. Знайшлi яго проста: у выпісным пакоі заўсёды працуе фатограф, ад радзільні. Аднак ні ён сам, ні супрацоўнікі ўстановы не паведамілі бацькам, што тут ёсць падобныя паслугі.

— У пакоі выпіскі нованароджаных нас пачалі фатаграфаваць, як толькі мы ўвайшлі ў памяшканне. Пакуль мы з мужам назіралі, як медсястра апранае дзіця, незнаёмая дзяўчына ў белым халаце і масцы фіксавала на фотакамеру ўвесь працэс, а потым сказала нам распісацца ў журнале на стале, — падрабязна вымалёўвае сітуацыю Таццяна. — Сшытак без назвы і ўказання яго прызначэння ляжаў у разгорнутым выглядзе. Мы без лішніх падазрэнняў запоўнілі стандартныя лінейкі — імя, тэлефон, адрас і подпіс, цвёрда былі ўпэўнены, што гэта даныя для радзільні і перадачы ў паліклініку для патранажнай сястры.

Потым у пакоі для сустрэч шчаслівыя бацькі з малым на руках пачалі пазіраваць запрошанаму імі фатографу. Дзяўчына ж з фотаапаратам, у сваю чаргу, таксама працягвала здымаць і прасіла глядзець у яе аб’ектыў. У выніку сёння ў сям’і няма ніводнага якаснага фотаздымка з раддома, бо ўсе госці пазіраюць у розныя бакі.

— А праз два тыдні са мной звязаліся па тэлефоне прадстаўнікі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства і папярэдзілі, што кур’ер арганізацыі прывязе пакет з фотаздымкамі і магнітамі за 150 рублёў і каляндар фарматам А4 з выявай нованароджанага ў падарунак, — працягвае гісторыю маладая матуля. — Мяне адразу ж папярэдзілі, што мы можам адмовіцца як ад асобных фота, так і цалкам ад усяго пакета, калі штосьці нам не спадабаецца.

Дзеля цікавасці прабягаюся па сайтах з паслугамі сямейных фатографаў. Ад прапаноў і цэннікаў разбягаюцца вочы. Гадзіна прафесійнай фотаздымкі ў раддоме каштуе ад 40 да 200 рублёў.  

У выніку нашы бацькі засталіся сур’ёзна абуранымі сітуацыяй. Па-першае, фотаздымку сям’і праводзілі без яе паўнацэннай згоды. Па-другое, па словах Таццяны, іх не апавясцілі пра тарыфы і ўмовы паслуг, што з’яўляецца сур’ёзным парушэннем вядзення гаспадарчай дзейнасці.

У выніку, каб не пераводзіць урэгуляванне пытання ў прававое поле, жанчына прапанавала прадпрыемству кампраміс: яна патрабуе перадаць ёй матэрыялы — раздрукаваныя фота, магніты і каляндар з выявай малога, а таксама электронную версію картак з пісьмовым апавяшчэннем аб тым, што яны перададзены ў поўным аб’ёме і ў далейшым нiколi не будуць выкарыстаны ні ў якім выглядзе. За такую паслугу сям’я нават гатова заплаціць і называе свой кошт — не больш за 50 рублёў. Агенцтва з такiм коштам не пагадзiлася.

Меркаванні разышліся


Для больш грунтоўнага разумення сітуацыі заходжу на форумы, каб пазнаёміцца з дзейнасцю прыватнай кампаніі, і сустракаю  розныя водгукі кліентаў — як прыемныя, так і не надта. Гэта не дзіўна для даволі буйнога прадпрыемства, якое супрацоўнічае з раддамамі розных куткоў краіны, — усім не дагодзіш. Праўда, адмоўных каментарыяў больш.

Сёння Таццяна шукае бацькоў, якія таксама пацярпелі ад аб’ектываў гэтай арганізацыі. За кароткі прамежак часу жанчына знайшла ўжо пяць матуль, якія гатовы даць паказанні. Мяркуе, што ахвотнікаў знойдзецца нашмат болей. Таццяна Русак мае намер звярнуцца ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Камітэт дзяржаўнага кантролю.

За каментарыямі звяртаемся ў радзільны дом і непасрэдна саму кампанію. Вядучы юрысконсульт Клінічнага радзільнага дома Мінскай вобласці Таццяна Кандрацюк паведаміла: медустанова заключыла дамову аб супрацоўніцтве з фотакампанiяй тры гады таму. Фатограф прадпрыемства афіцыйна мае права выконваць свае прафесійныя абавязкі на тэрыторыі выпіснога пакоя. У палаты радзільні яму ўваход забаронены.

— Ужо даўно мы думалі над тым, як пашырыць сацыяльны пакет для нашых маладых матуль. З цягам часу далі магчымасць бацькам карыстацца фотапаслугамі на тэрыторыі нашай установы, каб памяць пра раддом і пра роды ў цэлым захавалася яшчэ на доўгія гады. Першапачаткова мы тэлефанавалі ў некалькі профільных кампаній, а пасля субяседванняў з адной з іх заключылі дамову і супрацоўнічаем да гэтага часу, — так каментуе спрэчную сітуацыю  юрысконсульт. — На самай справе, жанчыны застаюцца задаволенымі і прафесійнасцю фатографаў, і цэнамі. Ніякіх арэндных стасункаў мы з кампаніяй не маем, яны не займаюць нашых памяшканняў, што вельмі зручна. Дамаўляцца з матулямі нованароджаных у кампетэнцыі саміх фатографаў. Паколькi сам раддом паслуг не аказвае, то і прэйскурантаў у нас няма.   

Што маем у выніку


— Мы праводзім фотаздымку толькі з пісьмовай згоды кліента. Дагавор з бацькамі не заключаем, таму што ў нас няма абавязацельства набыцця фатаграфій. Гэта значыць, што кліент наогул можа адмовіцца ад іх. Плюс да ўсяго, незалежна ад рашэння бацькоў, мы дорым ім каляндар з партрэтам дзіцяці, — каментуе сітуацыю дырэктар кампанii. — Дзейнічаем на тэрыторыі раддома афіцыйна, у нас заключана дамова з установай, дзе прапісана, што фотаздымкі могуць быць выкарыстаны толькі для набыцця кліентам. Мы не маем права выкарыстоўваць іх з іншымі мэтамі і ў далейшым іх проста ўтылізуем. З прэйскурантам можна азнаёміцца ў вольным доступе ў выпісным пакоі радзільні, усе цэны аднолькавыя для ўсіх кліентаў, а максімальны пакет каштуе менш за 150 рублёў.

У афіцыйным адказе Таццяне Русак ад фотакампанii гаворыцца: «Вамі была дадзена пісьмовая згода на фотаздымку выпіскі немаўляці і мамы з прадастаўленнем вашых кантактных даных і біяметрычных даных вашага дзіцяці, што зафіксавана вашым подпісам. Згодна з запоўненым вамі табелем, вы далі згоду на фотаздымку, апрацоўку персанальных даных і фотаматэрыялаў вас і вашага дзіцяці з мэтай правядзення фотаздымкі выпіскі, апрацоўкі, друку і далейшага набыцця апрацаваных фотакалажаў, з умовамі правядзення фотаздымкі азнаёмлены». Таксама ў лісце ўказаны кошт поўнага камплекта фотаздымкаў сям’і — 105 рублёў, магчымасць агучвання іншай лічбы кур’ерам арганізацыі аспрэчваецца.   

Як бачым, паказанні бакоў цалкам разыходзяцца. Дзе шукаць праўду — пытанне спрэчнае. Аднак, лічу, варта нагадаць, што згодна з артыкулам 28 Канстытуцыі нашай краіны кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё.

У Мінскае таварыства спажыўцоў званкоў ад мам з нагоды навязваемых у радзільнях фотапаслуг не паступала. Зрэшты, па словах эксперта, у гісторыі ёсць неадназначныя моманты, у якіх варта было б разабрацца канкрэтней, каб расставіць усе кропкі над «i». Што відавочна: спачатку трэба чытаць, што чалавек падпісвае, падкрэслілі на «гарачай лініі»:

— Проста так ставіць свой подпіс дзе б там ні было нельга. У выпадку з аказаннем фотапаслуг гаворка павінна ісці аб заключэнні дамовы паміж двума бакамі. Журнал або сшытак — гэта не форма дагавора на аказанне платных паслуг. Прычым ён павінен заключацца асобна з кожным спажыўцом. У ім павінны быць прапісаны ўмовы. Так што пытанне яшчэ, што чалавек падпісаў. Калі ён першапачаткова не быў апавешчаны аб тым, якая паслуга робiцца, не ведаў пра ўмовы, мае права адмовіцца ад аплаты. За тлумачэннямі з нагоды неўпадабанай сітуацыі, думаем, у першую чаргу можна звярнуцца ў адміністрацыю радзільнага дома.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter