Едем на Ошмянщину: что посмотреть в краю легенд и преданий

Формула адзiнства

Якiя таямнiцы адкрывае горад на заходняй мяжы Беларусi


Ашмянам сёлета споўнiлася 680 гадоў. У самым цэнтры тут знаходзiцца плошча 17 Верасня, па абодва бакi ад яе — касцёл Архангела Мiхаiла i праваслаўная царква Уваскрасення Хрыстова, крыху далей можна ўбачыць будынак сiнагогi, а яшчэ ў горадзе дзейнiчае мячэць. Жывуць мясцовыя ў згодзе, доказ таму — доўгая i насычаная на падзеi i славутыя iмёны гiсторыя Ашмяншчыны. 

На скрыжаваннi шляхоў 

Фота Святланы Муцянскай

Напачатку, канешне, было слова. Упершыню Ашмяны ўзгадваюцца ў летапiсах у 1341 годзе. У Сярэдневякоўе горад не раз быў спалены падчас набегаў крыжакоў i крымскiх татар, моцна пацярпеў з-за барацьбы за велiкакняжацкi  пасад памiж Жыгiмонтам i Свiдрыгайлам, а таксама быў разбураны войскамi Маскоўскага княства. 

Не дзiўна, улiчваючы такое прывабнае месцазнаходжанне на скрыжаваннi дарог. З iншага боку, менавiта яно заўсёды спрыяла хуткаму аднаўленню i развiццю. У 1566 годзе Ашмяны атрымалi гарадскi статут, што быў заснаваны на магдэбургскiм праве i даваў пэўныя правы i свабоды жыхарам. 

Калi iдзеш па сучасных гарадскiх вулiцах, надзвычай добра адчуваецца подых розных эпох, якiя пакiнулi тут след. Стартуеш, вядома, ад старажытнай ракi Ашмянкi, што ў свой час дала iмя мястэчку, а сама цяпер зусiм кволенькая. На беразе красуецца будынак былой электрастанцыi пачатку ХХ стагоддзя, дзе раней знахо­дзiўся драўляны вадзяны млын. 

Цэнтр горада вiтае ўскiнутымi ў неба каталiцкiмi крыжамi. Касцёл Архангела Мiхаiла лiчыцца адным з лепшых помнiкаў вiленскага неабарока на Беларусi дзякуючы сваёй надзвычай лёгкай, быццам паветранай, архiтэктуры. Усяго ў некалькiх кроках ад яго — праваслаўная Васкрасенская царква ў руска-вiзантыйскiм стылi, пабудаваная напрыканцы XIX стагоддзя.

Звернеш з цэнтра ў якi-небудь завулак — убачыш яркую яўрэйскую спадчыну горада. Гэта незвычайныя драўляныя дамы (нават у некалькi паверхаў) i непаўторная ў сваiм ро­дзе сiнагога, пад столяй якой хаваецца таямнiчае неба з залатымi зоркамi. Няма цяпер тых людзей, хто памятаў бы, якiя выпрабаваннi прыйшлося перажыць ашмянскiм яўрэям падчас Вялiкай Айчыннай, — толькi маўклiвыя сцены будынкаў нагадваюць пра iх жыццё тут. 

Цiкава, што ў сярэднiя вякi Ашмяншчына стала домам i для татар. Як нi дзiўна, але iх нашчадкi i сёння свята захоўваюць мусульманскiя традыцыi на беларускай зямлi. Так, старшыня Савета iмамаў на Беларусi Дзмiтрый Радкевiч паходзiць якраз з сям’i ашмянскiх татар. 

Гэткае шматвяковае суседства прадстаўнiкоў розных канфесiй пакiнула моцны адбiтак на кулiнарных густах жыхароў Ашмяншчыны. Мясцовы мясакамбiнат прапаноўвае не толькi звыклую для беларусаў свiнiну, але i шматлiкiя далiкатэсы з ялавiчыны, якую гатуюць i па-турэцку, i па-яўрэйску. А той факт, што Ашмяны заўсёды прыцягвалi ўвагу княжацкiх i каралеўскiх асоб, даў добрую нагоду для развiцця сыраварных традыцый. На мясцовым прадпрыемстве вырабляюць не толькi класiчныя гатункi расiйскага i тыльзiтэра, але i модныя «Канталi» i «Гройцэр».

Ад рэальнасцi да мiстыкi — адзiн крок

Ашмянскiя ваколiцы — асаблiвы свет, у якiм дзiўна пераплятаецца мiстычнае i рэальнае. Дастаткова ўспомнiць знакамiтыя Гальшаны. Тут вам i руiны замка роду Сапегаў з ад­рэстаўрыраванай Паўночнай вежай, i раскошны касцёл святога Яна Хрысцiцеля, дзе Сапегi былi пахаваныя, i праваслаўная Георгiеўская царква, дзе захоўваюцца мошчы святой Iўлiянii Гальшанскай, аўтэнтычныя гандлёвыя рады. Больш за тое, гальшанская зямля раз за разам дае нагоды для радасцi беларускiм археолагам цiкавымi знаходкамi розных эпох. Але галоўнае, за чым едуць сюды турысты, — мiстычная атмасфера. Мясцовыя жыхары раскажуць з дзясятак легенд i паданняў пра тутэйшых Белую Панну i Манаха. Адны сцвярджаюць, што iх можна ўбачыць ноччу каля касцёла, другiя ўпэўнены, што за прывiдамi трэба iсцi да сцен замка. 

Цi пад’язджаеш, напрыклад, да вёскi Баруны, а там памятны знак «Iлья Мурамец». Пры чым тут герой былiн? Яго iменем быў названы самалёт, якi ў Першую сусветную атакавалi чатыры нямецкiя знiшчальнiкi. Тры з iх «Iлья Мурамец» падбiў сам, ад чацвёртага сысцi не атрымалася. Самалёт упаў каля вёскi Баруны. Дарэчы, экiпаж быў iнтэрнацыянальны: двое рускiх — Дзмiтрый Макшэеў (камандзiр) i Алег Карпаў (афiцэр-назiральнiк), татарын Мiтрафан Рахмiн (памочнiк камандзiра), азербайджанец Фарух Гаiбаў (артылерыйскi афiцэр). I сёння пра iх помняць на Ашмяншчыне — вось што значыць сапраўднае адзiнства i павага да мiнулага.

Маладое пакаленне ашмянцаў з павагай ставіцца да гісторыі роднага краю.
Фота аўтара

Або паедзем на захад ад горада — знойдзем унiкальны помнiк прыроды, якi мясцовыя завуць Нявесцiным камнем. Вялiзны валун ляжыць на дне глыбокага яра, аднак сцежка да яго нiколi не зарастае. Па легендзе ён дапамагае ў сардэчных справах — знайсцi каханне, выйсцi замуж цi нарадзiць дзiця. Варта толькi шчыра папрасiць у яго дапамогi i пакiнуць невялiчкую ахвяру (цацку або яркую прыгожую стужку). Чаму камень Нявесцiн? Зноў жа iснуе паданне, што калiсьцi тут патанула маладая дзяўчына, якая кiнулася ў ваду за сваiм жанiхом. Быццам яна цяпер i дапамагае ўсiм знайсцi асабiстае шчасце. 
Увогуле, Ашмяншчына таму i завецца краем легенд i паданняў: у якi бок па раёне нi паедзь, на якi двор нi зайдзi, абавязкова знойдзецца якая-небудзь мiстычная гiсторыя на забаву мясцовым жыхарам i гасцям раёна. Усе яны ўзнiклi не ў адно iмгненне, а з’яўляюцца шматвяковай спадчынай.
ВАРТА ВЕДАЦЬ

Сiмвалам Ашмян лiчыцца бык. Яго вобраз можна ўбачыць на вулiцах, а таксама на гербе горада. Адкуль узяўся? Справа ў тым, што першы герб Ашмянам падарыў Станiслаў Аўгуст Панятоўскi. Малады бычок перайшоў з радавога герба апошняга караля Рэчы Паспалiтай на ашмянскi. Акрамя таго, на сучаснай сiмволiцы горада знаходзiцца выява рукi з шалямi, якая сiмвалiзуе роўнасць усiх перад законам. А залаты шчыт, накiраваны на захад, паказвае, што ашмянцы гатовы абараняць ад чужаземцаў не толькi свой край, але i ўсю Беларусь. 

У ­ТЭМУ

Напярэдаднi юбiлею горада, акурат у Дзень народнага адзiнства, у Ашмянах урачыста адкрылi плошчу Дзяржаўнага сцяга. Цiкава, што вышыня флагштока тут сiмвалiчная — 17 метраў — у гонар знамянальный даты, якая аб’яднала дзве часткi Беларусi ў 1939-м. 

— Цудоўная iнiцыятыва, — падзялiўся меркаваннем знакамiты гандбалiст, алiмпiйскi чэмпiён, ураджэнец Ашмян Андрэй Барбашынскi. — Прыехаў у родны горад спецыяльна на адкрыццё новай плошчы. Вось побач з Палацам Незалежнасцi ў Мiнску такая ёсць, цяпер будзе i ў нас. Дзяржаўная сiмволiка — гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Яна павiнна быць на вiду. Я ў свой час пачынаў кар’еру i большую яе частку выступаў пад чырвона-зялёным флагам. Непрацяглы перыяд быў iншы сiмвал. Прызнаюся, вельмi рады, што ён застаўся ў мiнулым i мой народ паступiў мудра: вярнуўся да блiзкага i роднага сцяга. Пад iм мы сапраўды адзiныя, не дзелiм адно аднаго па канфесii, мове цi этнiчных каранях. Кажу вам як ашмянец: у нашым горадзе ўсе роўныя. Гэта заўсёды было i бу­дзе станоўчай рысай нашага беларускага менталiтэту. 

kurak@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter