Адметнай рысай уступнай кампаніі-2018 сталі больш высокія вынікі абітурыентаў на ЦТ і, як следства, больш высокія прахадныя балы

Фiзiкi без лiрыкi

Абітурыенты-2018 нарэшце могуць выдыхнуць, адкласці кніжкі і адправіцца на кароткi адпачынак — учора ВНУ краіны афіцыйна завяршылі ўступную кампанію гэтага года. Нагадаем, залічэнне на бюджэтныя месцы завяршылася яшчэ дзесяць дзён таму, на платную форму навучання — 4 жніўня. Апошні тыдзень ВНУ актыўна публікавалi на сваіх сайтах вынікі пасяджэнняў прыёмных камісій і поўныя спісы першакурснікаў.

У БДУІР чвэрць усіх першакурснікаў — стабальнікі гэтага года
Misto.news


Адметнай рысай уступнай кампаніі гэтага года, несумненна, сталі больш высокія вынікі абітурыентаў на ЦТ і, як вынік, больш высокія прахадныя балы. У шэрагу ВНУ краіны адзначалі: гэта ад плюс 20 балаў, а то і больш да вынікаў мінулага года.

Пра гэта гаварылі, напрыклад, у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны. Тут прахадныя балы на спецыяльнасці дзённай бюджэтнай формы навучання выраслі па 22 з 31 cпецыяльнасці. Напрыклад, максімальны прахадны бал на правазнаўства склаў 341 супраць 324 у мінулым годзе, на праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій — 321 супраць леташніх 313. У цэлым разбежка ў параўнанні з 2017 годам на некаторыя спецыяльнасці дасягала 40 балаў.

Павышэнне колькасці ўступных балаў у абітурыентаў на 20—40 пазіцый адзначылі і ў Брэсце. Такая сітуацыя склалася, напрыклад, у БДТУ на спецыяльнасці «лагістыка». Абітурыенту трэба было набраць не менш як 338 балаў, у мінулым жа годзе гэтая лічба складала ўсяго 293. У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце сярэдні бал за год павялічыўся на 14 пазіцый і склаў 216 балаў. На шэраг спецыяльнасцей у Віцебскім тэхналагічным універсітэце прахадныя балы выраслі амаль на чатыры дзясяткі балаў. У іх ліку «дызайн (камунікатыўны)» — 223 (у мінулым годзе — 186), «маркетынг» — 291 (257). 

На 40—50 пазiцый рост балаў адзначылі на некаторых спецыяльнасцях у БДПУ імя М. Танка. Яскравымі прыкладамі сталі алігафрэнапедагогіка, дзе прахадны бал склаў 268 (у мiнулым годзе — 218), сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога — 271 (229) i псіхалогія — 316 (282).

Не абмінуў рост прахадных балаў і не самыя папулярныя спецыяльнасці ВНУ. Пра гэта кажуць, напрыклад, у БДУІР, дзе чвэрць усіх першакурснікаў — стабальнікі гэтага года. Тут больш чым на дзясятак выраслі прахадныя лічбы на радыёінфарматыку, куды ў гэтым годзе трэба было набраць 284 балы (супраць 274), на нанатэхналогіі і нанаматэрыялы ў электроніцы — 272 (257).

Разам з тым, пры відавочным росце прахадных балаў на большасць спецыяльнасцей, тэхнічныя кірункі некаторых ВНУ не дасягнулі запаветнага максімуму. Асабліва тычыцца гэта спецыяльнасцей, для паступлення на якія трэба было здаваць экзамен па фізіцы. Як «Р» пісала раней, так адбылося, у прыватнасці, у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны. Тут паступіць на шэраг спецыяльнасцей факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій змаглі хлопцы і дзяўчаты, у скарбонцы якіх ад 121 бала. Адзначылі зніжэнне цікавасці абітурыентаў да фізічных спецыяльнасцей і ў БДУІР. Шэраг ВНУ, у ліку якіх Гродзенскі дзяржаўны універсітэт, і зусім вымушаны былі аб'явіць дадатковы набор.

Спецыялісты выказвалі шэраг меркаванняў наконт гэтай сітуацыі. Напрыклад, адказны сакратар прыёмнай камісіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны Дзмітрый Хадановіч звязаў яе з вынікамі ЦТ па фізіцы. Прарэктар па вучэбнай рабоце Барыс Нікульшын перакананы: праблема нашмат глыбей і яна ў цэлым пра падзенне цікавасці да фізікі, ды і да матэматыкі i iншых дакладных навук таксама. На яго думку, сітуацыю дыктуе рынак, які больш зацікаўлены ў спецыялістах у галіне ІТ. Акрамя таго, шэраг кампаній ПВТ прыходзяць у ВНУ і адкрываюць лабараторыі, рыхтуючы спецыялістаў пад свае патрэбы. А вось прадпрыемствы, якія маюць патрэбу ў фізіках, такую зацікаўленасць праяўляюць нячаста. 

arteaga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter