Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Новая беларуская суполка “Белая Русь”, створаная ў Самары, паўдзельнічала ў другім Фестывалі дружбы славянскіх народаў

Фестываль сяброў

У Самарскім доме афіцэраў з поспехам, пры аншлагу прайшоў другі Фестываль дружбы славянскіх народаў. Гэты праект падтрымала міністэрства культуры вобласці, абласны Дом дружбы народаў. І мы, беларусы, да яго далучыліся. У фае Дома афіцэраў працавала выстава дэкаратыўна-прыкладнай творчасці. Вялікую цікавасць у гасцей выклікалі прадстаўленыя на ёй кнігі, прадметы народнага побыту беларусаў — іх сабралі актывісты нашай Самарскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі па захаванні ды развіцці самабытнасці беларускага народа “Белая Русь”. Святочную атмасферу ствараў духавы аркестр, віталі гасцей юнакі й дзяўчаты ў нацыянальных строях.

Адкрывалі фестываль прадстаў­нікі трох народаў: кіраўнік Украінскага нацыянальна-культурнага цэнтра “Проминь” Іван Капліенка, старшыня суполкі “Русский Национальный Центр” Уладзімір Шарстнёў, а таксама я, кіраўнік беларускай суполкі “Белая Русь”. У фестывалі паўдзельнічалі таксама казакі: як у канцэрце, так і ў выставе — прадставілі цікавыя экспанаты. Са сцэны гасцей і ўдзельнікаў фестывалю віталі прадстаўнікі абласной і гарадской улады, а таксама дырэктар самарскага Дома дружбы народаў Ігар Бураў, клірык храма ў гонар Святога Ушэсця Гасподняга протаіерэй Дзіянісій.

На сцэне фестывалю — ансамбль беларускай песні “Белая Русь”

Са сцэны выступоўцы казалі пра моцныя сувязі паміж славянскімі народамі: нацыянальныя, культурныя. Спрыяюць умацаванню адзінства нашы духоўныя традыцыі, хрысціянская вера. Даўно сумесна жывуць прадстаўнікі розных славянскіх народаў на Самарскай зямлі, знаходзяць агульную мову з суседзямі, сумесна працуюць на агульную карысць. Выдатнай рысай самарскага характару, падаецца мне, ёсць якраз уменне разумець адзін аднаго, што ўласціва і беларусам. Тут паважаюць іншыя культуры, людзі здольныя прыйсці на дапамогу бліжняму, шчыра парадавацца з нагоды поспехаў іншых. 

Прыгожым атрымаўся фестывальны канцэрт. Беларускую культуру прадстаўлялі наш ансамбль беларускай песні “Белая Русь” з Самары і народны ансамбль беларускай песні “Купалінка” з Тальяці. Выступалі народны ўкраінскі хор “Проминь”, тэатр танца “Эклипс”. На канцэрце гучалі беларускія, рускія, украінскія ды казачыя песні. Выступалі госці фестывалю: вядомыя выканаўцы, мастацкія калектывы нацыянальна-культурных цэнтраў вобласці.

Алег Ксяндзоў, кіраўнік беларускай суполкі “Белая Русь”, г. Самара

Голас Радзімы № 16 (3568), чацвер, 26 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter