Фэст майстроў у Лошыцкім парку

Амаль паўтысячы ўмельцаў-рамеснікаў з усёй Беларусі з’ехаліся ў сталіцу на свята народнай творчасціГэта быў ужо чацвёрты фэст-кірмаш “Вясновы букет”. Ён ладзіцца Міністэрствам культуры, упраўленнем культуры Мінгарвыканкама і Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці ў Мінску. Так падтрымліваюцца тыя, хто працуе ў рэчышчы традыцыйных рамёстваў ці адраджае іх, хто захоўвае і развівае народнае мастацтва. У Лошыцкім парку майстры мелі добрую магчымасць і сябе паказаць, і плён сваёй творчасці прадставіць. Паглядзець на свята ва ўсёй красе вырашылі і мы з сябрамі з Германіі.
І са старажытнага Клецка народныя майстры прывезлі ў Лошыцу свае вырабыАмаль паўтысячы ўмельцаў-рамеснікаў з усёй Беларусі з’ехаліся ў сталіцу на свята народнай творчасці
Гэта быў ужо чацвёрты фэст-кірмаш “Вясновы букет”. Ён ладзіцца Міністэрствам культуры, упраўленнем культуры Мінгарвыканкама і Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці ў Мінску. Так падтрымліваюцца тыя, хто працуе ў рэчышчы традыцыйных рамёстваў ці адраджае іх, хто захоўвае і развівае народнае мастацтва. У Лошыцкім парку майстры мелі добрую магчымасць і сябе паказаць, і плён сваёй творчасці прадставіць. Паглядзець на свята ва ўсёй красе вырашылі і мы з сябрамі з Германіі.
Пэўна, не адным нам, уваходзячы ў Лошыцкі парк, хацелася ўсклікнуць: наколькі ж багатая на таленты зямля беларуская! Арганізатары прыўнеслі асаблівы каларыт у свята, выбраўшы пад фэст незвычайна прывабны, абноўлены і памаладзелы пасля рэканструкцыі даўні сядзібна-паркавы комплекс. У парку так добра вандраваць па цяністых алеях, дзе дарожкі для пешых прагулак выбрукаваны пліткай. Ёсць там асфальтаваная велатраса, масткі, лесвічкі, лаўкі і — веліч старой сядзібы. Нават сцены старога млына, капліцы прыдаюць загадкавасці кутку жывой прыроды, які раней быў на ўскрайку горада, а цяпер арганічна ўліўся ў яго.
Галоўныя дзеючыя асобы на фэсце-кірмашы “Вясновы букет” — беларускія народныя майстры. Пераважна самародкі з такімі велізарнымі творчымі сіламі, што іх творамі немагчыма не захапляцца. Часам здзіўляешся: як такую прыгажосць можна стварыць? “Гэта найцікавейшы занятак! — расказвалі вучні 5-га класа 153-й мінскай школы. —У гуртку “Саламяны ўзор” наша Вольга Гарасімаўна навучыць саломапляценню кожнага, хто прыходзіць на заняткі. Вы ведаеце, што гэта адно з самых старажытных рамёстваў беларусаў? І фігуркі на выставы — не проста цацкі, а сімвалы бажаства, хатнія абярэгі. А каштуюць зусім нядорага”. Юныя майстры аказаліся і добрымі прадаўцамі. Многія набывалі ў іх сувеніры на памяць.
Былі, вядома ж, і лапці — велізарны стэнд прадставіў Дрыбінскі раённы дом рамёстваў. Для летняй спякоты вельмі да месца такі сялянскі абутковы эксклюзіў. Можа, яшчэ вернецца даўняя мода? “Паверце, у гарачую пару няма абутку лепшага! — хутка далучылася да нашай гутаркі майстрыха Ларыса Заклікоўская. — У лапцях з лыка, чароту, льну нагам вельмі камфортна. Яны і мазалёў не натруць, і экалагічна чыстыя”. Між тым цяпер рэдка на выставах, прысвечаных народным майстрам, такія вырабы пабачыш. А дрыбінскія лапці, якія сапраўды можна насіць, каштуюць зусім нядорага. Па словах майстрыхі, ёсць у продажы і сувенірныя, на іх таксама добры попыт. Іх набываюць у якасці абярэга. То добры падарунак і для нованароджаных дзяцей, абярэг вешаюць на калыску, каб дзіця расло моцным. Карацей, доўга ўгаворваць нас не прыйшлося. Далей мы хадзілі па выставе ўжо абвешаныя лапцямі розных памераў.
Між тым фэст усё больш і больш завабліваў нас хваляй весялосці, радасці і здаровай сілы. Скураныя бранзалеты, амулеты (па-беларуску іх, дарэчы, называюць прыгожым словам “кудмені”) для здароўя і даўгалецця. А яшчэ свістулькі, драўляныя лыжкі, гліняныя гаршкі… Так шмат усяго прыгожага! Апошнім набыццём стала акарына, старажытны беларускі інструмент, падобны на дудачку. Вядома, асабліва граць на ім ніхто з нас не ўмее, ды і акарына, вырашылі ўсе разам, будзе мець права голасу на маючым адбыцца ў Мінску чэмпіянаце свету па хакеі.
…Позна ўвечары мы пакідалі сапраўдны Горад Майстроў. Так прыемна было на некалькі гадзін акунуцца ў жывы свет гісторыі, у атмасферу побыту і традыцый продкаў. І адчуць сябе не толькі часткай гэтай гісторыі, але і далучыцца да прыгажосці вясновага лошыцкага свету.

Іна Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter