Фермеры і капуста

У ім, дарэчы, прымаў удзел і намеснік старшыні аблвыканкама па сельскай гаспадарцы, што сведчыць аб той увазе, якую тут надаюць развіццю недзяржаўнага сектара сельскай гаспадаркі. Дык вось, вялікіх пытанняў з выдзяленнем зямлі, тэхнікі ў лізінг ва ўдзельнікаў сходу не ўзнікала. У асноўным усё звялося да просьбаў дапамагчы рэалізаваць вырашчаную прадукцыю, бо ў кожнага заставаліся запасы бульбы і гародніны.

Вясной давялося папрысутнічаць на адным з абласных сходаў фермераў

У ім, дарэчы, прымаў удзел і намеснік старшыні аблвыканкама па сельскай гаспадарцы, што сведчыць аб той увазе, якую тут надаюць развіццю недзяржаўнага сектара сельскай гаспадаркі. Дык вось, вялікіх пытанняў з выдзяленнем зямлі, тэхнікі ў лізінг ва ўдзельнікаў сходу не ўзнікала. У асноўным усё звялося да просьбаў дапамагчы рэалізаваць вырашчаную прадукцыю, бо ў кожнага заставаліся запасы бульбы і гародніны.

— Няўжо вы не можаце прымусіць дырэктараў перапрацоўчых прадпрыемстваў прыняць у нас бульбу па 2000 рублёў за кілаграм, а не па 500? — пытаўся адзін.

— Чаму за бясцэнак прымушаюць прадаваць капусту і моркву? — даймаў чыноўніка другі.

Тады намеснік старшыні аблвыканкама параіў фермерам, перш чым нешта сеяць ці садзіць, падумаць аб магчымых рынках збыту прадукцыі:

— Мы да вас не даводзім ніякіх планаў вырошчвання той ці іншай культуры — паважаем свабоду выбару. Едзьце на перапрацоўчыя заводы, заключайце дамовы з вясны. Прапануйце свае паслугі і прамысловым прадпрыемствам па забеспячэнні працоўных калектываў той жа бульбай ці гароднінай. Вязіце прадукцыю за межы рэспублікі...

Прыйшоў час збору новага ўраджаю. Бываючы ў той жа вобласці, а карціна характэрная і для ўсіх астатніх, бачу, нічога не змянілася. Толькі да бульбы, гародніны далучыліся яшчэ і яблыкі. Зноў у немагчымасці іх выгадна прадаць фермеры вінавацяць чыноўнікаў. Пры гэтым ківаюць на тое, што пры лішках прадукцыі ў іх завозяць тыя ж яблыкі і гародніну з-за межаў рэспублікі...

Па-першае, завозяць у сваёй большасці такія ж, як і вы, прадпрымальнікі. Як так здараецца, што вы не можаце прапанаваць ім свой тавар? І як так здараецца, што прывезці яго з-за мяжы і зарабіць на продажы выгадней, чым ад вас? Абмежаваць іх свабоду?

Краіне патрэбна не проста бульба, а толькі тая, з якой можна вырабіць той ці іншы гатунак крухмалу ці чыпсы. Ці могуць вырашчаныя вамі клубні “пахваліцца” высокім працэнтам крухмалістасці? Бульба, у якой маюць патрэбу рэстараны, “Макдоналдсы”? Ці ведаеце вы, што нават тыя таварныя клубні, вырашчаныя ў калектыўных гаспадарках, не знаходзяць збыту па гэтых прычынах і аддаюцца на корм жывёле?

А як доўга могуць захоўвацца вырашчаныя не па тэхналогіях яблыкі? Тым больш, калі няма ў таго ж фермера цывілізаванага сховішча. Не кожны гурок прыгодны для кансервавання, як і морква не кожная падыходзіць для вырабу дзіцячага харчавання.

А ўсё чаму? Таму што ў іх вытворцаў на першым месцы — атрыманне хуткага максімальнага прыбытку. Пазалетась вялікім попытам, у тым ліку і ў Расіі, карысталася капуста. Летась усе кінуліся яе вырошчваць. Але там вырасла свая. Беларуская засталася альбо ў полі, альбо пайшла на корм жывёле. Сёлета масава яе не сталі садзіць, і маем дэфіцыт.

Дык, можа, ужо час спыніцца, перагледзець свае планы і спадзяванні аб вялікім навары і заняцца гаспадараннем на зямлі цывілізаванымі метадамі. А гэта значыць, культываваць той від харчавання, на які ёсць попыт, і не імкнуцца “папасці пальцам у неба”. Я не ведаю ніводнага “прагарэўшага” фермера, што займаецца вытворчасцю збожжа, малака, мяса, ягад, тых жа хрэну, хмелю, ды і бульбы, якая патрэбна і крухмальным заводам, і рэстаранам.

Пятро КАВУНОЎ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter