Фарбы Хатмыжскай восені

На буйнейшым Міжнародным фестывалі славянскай культуры, які раз на два гады праходзіць у Белгарадскай вобласці Расіі, прыгожа выступалі гурты з Беларусі
Сярод падарункаў, якія прывезлі мы са жнівеньскай камандзіроўкі ў Белгарад, ёсць фармату А3 “Фестывальны каляндар” вобласці: у ім прадстаўлены на год ажно 70 розных фестываляў! Лічба знакавая, бо сёлета — 70 гадоў Перамогі. Стварылі каляндар і шчыруюць над увасабленнем усяго задуманага супрацоўнікі Белгарадскага дзяржцэнтра народнай творчасці, а падарыла нам багата ілюстраваны сувенір зямлячка родам з Бягомля Ганна Калашнікава. “А прыязджайце на “Хатмыжскую восень” — самі ўсё пабачыце! — запрашала Ганна Уладзіміраўна. — Дарэчы, мы і беларускія гурты кожны раз запрашаем”. Падрыхтоўкай свята беларуска непасрэдна і займалася: яна — намесніца дырэктара-загадчыца аддзела метадычнага забеспячэння культурна-адпачынкавай дзейнасці цэнтра. І працуе вельмі старанна: Ганна Калашнікава — заслужаны работнік культуры Расіі (2006), а летась стала лаўрэатам прэміі Губернатара Белгарадскай вобласці “Творчасць. Майстэрства. Поспех”.


У Хатмыжску выступае гурт “Яблынька” з Гарадка

Выбрацца на фестываль нам не ўдалося, ды з матэрыялаў, дасланых спадарыняй Ганнай у рэдакцыю і змешчаных на розных сайтах у нэце, можна скласці ўражанне пра падзеі 18-19 верасня ў сяле Хатмыжск Барысаўскага раёна. Чытаем: “За 20 гадоў фестываль стаў сапраўднай культурнай з’явай, галоўным музычна-песенным упрыгажэннем залатой восені Белгарадчыны”. Ці яшчэ: “Больш за 50 творчых гуртоў народнай музыкі, песні, танца, 150 майстроў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці і мастакоў-аматараў з Віцебскай, Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей Беларусі, горада Луганска, Рэспублікі Крым, Белгарадскай, Варонежскай, Ліпецкай, Курскай, Растоўскай, Тамбоўскай абласцей, гарадоў Салехард Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, Растова-на-Доне, Уладзіміра, Масквы Расійскай Федэрацыі сталі ўдзельнікамі Х Міжнароднага фестывалю славянскай культуры “Хатмыжская восень”.   

Знаёмства гасцей з Белгарадчынай пачалося канцэртам ансамбля песні і танца “Белогорье” Белгарадскай дзяржфілармоніі”. 

Прыгожыя, залачоныя сонцам краявіды… Адна з блогерак з высокай Хатмыжскай гары змагла нават разгледзець на небасхіле, што Зямля круглая. А колькі ўсмешак, колькі яркіх фарбаў у касцюмах гасцей, гаспадароў свята! Іх асабіста віншаваў губернатар Яўген Саўчанка: “Я сардэчна віншую ўсіх вас з цудоўным святам і жадаю, каб сённяшнімі танцамі, песнямі, майстэрствам сваім вы яшчэ больш раскрылі сваю творчую славянскую душу і напаўнялі свет святлом, чысцінёй і дабрынёй”.


Беларускія гурты гожа глядзяцца ў святочным шэсці па фестывальным Хатмыжску

Сярод удзельнікаў свята, якія пачалі творчы парад, адсочваем беларускія гурты. Гэта ансамбль народнай песні і танца “Яблынька” (Гарадок, Віцебская вобласць), вакальныя ансамблі “Славянская душа” (Карма, Гомельская вобласць), “Асалода” (Маладзечна, Мінская вобласць і “Потеха” (Хоцімск, Магілёўская вобласць). Былі ў вялікіх “Рамесных радах”, якія разгарнуліся ля Васкрасенскага храма, і майстры з Маладзечна і Хоцімска — у прыватнасці, у адным з рэпартажаў ёсць згадкі пра беларускую кераміку. А наводдаль ад сцэны працавала “Майстэрня кавальскіх спраў”, сярод кавалёў былі і ўмельцы з Гомеля.

Заўважым: менавіта Гомельшчына найбольш актыўна адладжвае стасункі з Белгарадчынай. Калі летась у кастрычніку там прымалі вялікую дэлегацыю з Беларусі на чале з Паслом Беларусі ў Расіі Ігарам Петрышэнкам (дарэчы, ураджэнцам Гомельшчыны), то на сустрэчы з губернатарам Яўгенам Саўчанкам ён выказаў жаданне развіваць пабрацімскія адносіны паміж гарадамі Белгарадскай вобласці і Беларусі. Адпаведнае пагадненне плануюць заключыць Белгарад і Гомель. “Мы будзем і ў далейшым развіваць чыста чалавечае, пабрацімскае супрацоўніцтва, якое часам называем “народнай дыпламатыяй”, — сказаў Пасол Беларусі ў Расіі. — Думаю, гэта можа паслужыць добрым стымулам і падмуркам нашых двухбаковых узаемаадносін”. 

У рэпартажы з фестывалю “Свята славянскай душы” ў “Белгородских известиях” ёсць падзагаловак “Нашы беларусы”. Журналістка Аксана Прыдворава знаёмілася з артыстамі гурта “Славянская душа” з Гомельшчыны, які ўпершыню пабываў на Хатмыжскім фестывалі чатыры гады таму. У гурце 8 удзельнікаў, спяваюць песні беларускія, рускія і ўкраінскія. “На пытанне, што прыводзіць на фестываль гасцей зноў і зноў, удзельнікі гурта хорам адказваюць: імкненне да адзінага мастацтва і агульныя карані, — напісала Аксана. — А яшчэ сяброўства, якая завязалася ў гамяльчан з Вейдэлеўскім раёнам. Органы ўлады райцэнтраў Беларусі ды Расіі заключылі паміж сабою дамову аб супрацоўніцтве, і Вейдэлеўка пабраталася з Кармою”. Пад час гутаркі кіраўніца ўпраўлення культуры адміністрацыі Вейдэлеўскага раёна Валянціна Шурхавецкая дадае: “Мы ездзім адзін да аднаго ў госці як да сваіх родных і блізкім. Я іх сёння ўбачыла — і ўзрадавалася: “Вось яны, нашы беларусы!”.

Спадзяемся, яшчэ больш беларускіх фарбаў штораз будзе з’яўляцца ў багатай палітры “Хатмыжскай восені”. Мяркуем, там варта зладзіць і вялікі “Беларускі падворак”, каб больш поўна прадстаўляць нашу краіну: працы народных майстроў, мастакоў, кнігі ды буклеты, народныя строі, песні, музыку, а можа і прадукцыю розных вытворцаў. Уявіце сабе: БЕЛАЗ  у Хатмыжску, на кузаве — сцэна, а там… А гэта ж рэальна: аўтавеліканы з Жодзіна паспяхова працуюць на Белгарадчыне, у кар’ерах Лебядзінскага горна-абагачальнага камбіната. Ганне Калашнікавай мы выказалі прапановы па нашым падворку на будучыню, і ў той жа дзень атрымалі па элпошце адказ: “Дзякуй за падказку! Сапраўды можна было б зрабіць “Беларускі падворак”. У наступны раз — улічым”. Здорава, калі паміж землякамі ёсць паразуменне!

Дарэчы. Літаральна ў той дзень, 18 верасня, калі пачынаўся Фестываль “Хатмыжская восень”, у Сочы, на Другім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, было падпісана Пагадненне паміж Урадам Белгарадскай вобласці ды Урадам Беларусі па гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. У ім гаворыцца, што бакі ў межах сваіх паўнамоцтваў абавязваюцца ствараць неабходныя арганізацыйныя, фінансава-эканамічныя і прававыя ўмовы для функцыявання сумесных прадпрыемстваў, распрацоўкі і рэалізацыі сумесных, узаемна цікавых праектаў і праграм. Таксама яны павінны забяспечваць удзел гаспадарчых суб’ектаў у тых кірмашах, выставах, аўкцыёнах ды іншых мерапрыемствах, якія праводзяцца, абмен дэлегацыямі, спецыялістамі ў розных галінах гандлёва-эканамічнай ды іншай дзейнасці. Бакі будуць спрыяць развіццю супрацоўніцтва ў галіне навукова-тэхнічнай дзейнасці, культуры, аховы здароўя, адукацыі, спорту і турызму,  актывізуецца ўзаемадзеянне нацыянальна-культурных таварыстваў, моладзевых ды іншых грамадскіх суполак, рэгулярны абмен творчымі калектывамі. Заключана пагадненне на пяць гадоў, а гэта значыць: Бацькаўшчына для шматлікіх беларусаў Белгарадчыны стала крыху бліжэйшай.

Іван і Валянціна Ждановічы

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter