Фаня з вогненных Борак

...НА стале стаялі збаны з сапсаваным малаком, ляжаў пачаты бохан счарсцвелага ўжо хлеба. Знямоглая з голаду (не ела тры дні) дванаццацігадовая Фаня адламала кавалачак. Толькі пачала жаваць, як пачула гул машыны, якая заехала ў двор. Дзяўчынка спачатку хацела схавацца ў склеп, але спалохалася мышэй і цемры. Стала за шафай. Немцы зайшлі ў хату, сталі ў парозе. Адзін з іх з моцным польскім акцэнтам нешта сказаў — і ўміг пусціў доўгую аўтаматную чаргу. Шкло на вокнах павылятала. Шафа была здзіраўлена, што сіта. Ад хвалявання, жывая ці раненая, Фаня калыхнулася. Забойцы прыкмецілі маленькі цень, і адзін запытаўся па-беларуску: «Ты адна тут?» — «Адна», — адказала дзяўчынка і выйшла з-за шафы. Гэта быў другі раз, калі Фаіна Сяргееўна АНАСОВІЧ, у дзявоцтве Кучко, сустрэла смерць твар у твар. Яна адзіная засталася ў жывых пасля таго, як яе родную вёску спалілі фашысты.

Жыхарка з вёскі на Вілейшчыне паведаміла пра лёс роднага кута, які так і не паўстаў з руін

...НА стале стаялі збаны з сапсаваным малаком, ляжаў пачаты бохан счарсцвелага ўжо хлеба. Знямоглая з голаду (не ела тры дні) дванаццацігадовая Фаня адламала кавалачак. Толькі пачала жаваць, як пачула гул машыны, якая заехала ў двор. Дзяўчынка спачатку хацела схавацца ў склеп, але спалохалася мышэй і цемры. Стала за шафай. Немцы зайшлі ў хату, сталі ў парозе. Адзін з іх з моцным польскім акцэнтам нешта сказаў — і ўміг пусціў доўгую аўтаматную чаргу. Шкло на вокнах павылятала. Шафа была здзіраўлена, што сіта. Ад хвалявання, жывая ці раненая, Фаня калыхнулася. Забойцы прыкмецілі маленькі цень, і адзін запытаўся па-беларуску: «Ты адна тут?» — «Адна», — адказала дзяўчынка і выйшла з-за шафы. Гэта быў другі раз, калі Фаіна Сяргееўна АНАСОВІЧ, у дзявоцтве Кучко, сустрэла смерць твар у твар. Яна адзіная засталася ў жывых пасля таго, як яе родную вёску спалілі фашысты.

Фаіна Кучко нарадзілася ў шматдзетнай небагатай сям’і ў вёсцы Боркі Вілейскага раёна. Бацька памёр рана, калі дзяўчынцы споўнілалася два гады. Маці Вольга  — яна з суседняй вёскі Кавалі — гадавала Фаню, братоў Косцю і Лёню, сястру Валю адна. Жылі бедна, не заўсёды і ежы хапала, і адзення. Да пачатку ліхалецця Фаіна паспела нават скончыць адзін клас у пачатковай польскай школе (вёска Боркі да 1939 года была пад Польшчай). У час вайны вёска лічылася партызанскай, хаця народныя мсціўцы тут і не жылі. Толькі прыязджалі, каб сяляне дзяліліся з імі хлебам, адзеннем. А ў адной з хат размясцілі нават свайго сувязнога і паставілі жэрдку, да якой прымацавалі антэну.

— Усё пачалося ў панядзелак, праз тыдзень пасля Вялікадня, — успамінае падзеі 43-га года Фаіна Анасовіч. — Мы ўбачылі, як з боку суседняй Любчы пайшоў пыл. Прыехалі партызаны на конях і папярэдзілі, што нашыя вёскі будуць паліць. «Разбягайцеся хто куды. Хто — да родных, хто ў суседнія вёскі», — пракрычалі партызаны і паімчалі далей. Сяляне сталі думаць, што рабіць. Усёй вёскай не сысці. Немцы зробяць пераклічку і ўбачаць — людзей не хапае. А ў нас вёска была вельмі дружная. Вырашылі наступным ранкам выгнаць скаціну ў поле, прызначылі пастухоў. Сярод адзінаццаці з іх аказалася і я. Была там самая малодшая. У мяне ж, акрамя лапцей і кашулькі, з сабой нічога не было: у нястачы жылі.

У адной кабеціны, якая пасвіла кароў з пастухамі, быў гадзіннік. У 9 раніцы пачулася аўтаматная страляніна. Пастухі пападалі ў траву, хаваючыся ад куль. Спачатку над Любчай узвіўся дым, а потым і над Боркамі. Аб тым, што вёску пачалі паліць, пастухі дазналіся ад двух чалавек, якім удалося ўцячы.

Адзін быў, дакладна памятаю, з абгарэлай рукой, другі цэлы, але босы. Яны расказалі, што ў Любчы немцы склікалі людзей, каб зрабіць пераклічку. Насамрэч загналі ўсіх у ток, замкнулі і падпалілі. Гэтыя выламалі дошкі і пад прыкрыццём дыму ўцяклі. Папярэдзіўшы пастухоў, уцекачы падаліся за раку. Нам сказалі: трэба таксама ўцякаць. Выратаваўся тады толькі адзін з нашых — сусед Віктар Валчок. Ён пайшоў за ўцекачамі. А я засталася ў полі, — распавядае Фаіна Сяргееўна.

Праз гадзіну на поле прыйшлі трое: паліцай і двое ў штацкім. Загадалі весці скаціну дадому. Мясцовых жыхароў нідзе не было відаць. У вёсцы дагараў ток… Фашысты, як потым расказаў спалоханай Фані той, што ў штацкім, хацелі адправіць людзей на працу ў Германію. На пераклічку аднавяскоўцы папрыходзілі з дакументамі і ў лепшай адзежы, прыхаванай на добры дзень. Насамрэч людзей — 97 чалавек — загналі ў ток, закрылі і падпалілі. Выйсця не знайшоў ніхто.

Па шляху да роднай хаты паліцай дапытваўся ў Фані, ці не з партызанаў яна. На бязлюднай вуліцы Борак стаялі фурманкі: ворагі збіралі нажытае. На падворку сям’і Кучко была закапана сякая-такая адзежа і дровы. І гэтае прыхаванае дабро вырылі і забралі. У хаце  таксама ўсё было перавернута ўверх дном, ложкі раскіданыя.

— Як прыйшла я ў апусцелую хату з тым, што ў штацкім быў, моцна стала плакаць, — усхліпвае Фаіна Сяргееўна. — Мама, як адпраўляла мяне ў поле, абяцала, што, калі вернемся, яна мне вячэру прыгатуе. Бачу: на стале стаіць здзёртая бульбачка, дровы ля печы ляжаць. Не паспела яна іх падпаліць нават… Два дзядзькі з тых, што забралі мяне, запрагалі нашага каня, клалі нашых авечак і парасё ў абоз. Як дзікія сабакі, лёталі! Але вырашылі схаваць мяне, можа, каб засталася ў жывых.

У хаце залезці пад печ? Не выйсце. Калі дом будзе гарэць, не змагла б вырвацца з-за полымя. Вырашылі — за гумном. За хатай быў сад. Фанін старэйшы брат, абразаючы галлё, складаў яго ў кучу, збіраючыся потым спаліць. Адзін з мужыкоў раскапаў у глыбіні гэтай «гары» норку і загадаў Фані схавацца туды, як сцямнее. Машыны з’ехалі. У сваёй бярлозе дзяўчо пераначавала дзве ночы. Уранні чацвярга вылезла. Са свайго ўкрыцця яна падглядвала, як карнікі пачалі паліць вёску.

— Мае любімыя Боркі гарэлі вельмі хутка: дахі саламяныя, дамы драўляныя. З 22 хат засталося цэлымі толькі тры на ўскрайку вёскі. У адной з іх я і схавалася. Ведала, хто жыў там, таму што працавала ў той сям’і нянькай малога Мішкі. Мяне за гэта кармілі. Забралася на вышкі і назірала, як знішчалася вёска. Згарэла дашчэнту і наша хата. Толькі прыпечак застаўся, — Фаіна Сяргееўна робіць паўзу. Падводзіць сэрца, высокі ціск. Жанчыне ўсё ж такі 82-і год ідзе. — Чад быў, несусветны смурод. Я выйшла са сваёй бярлогі і пайшла вуліцай. Свайго дзядзьку знайшла забітым на парозе ўласнай хаты. У другім хляве — пастухоў, што былі са мной. Зайшла на ток. А там жах! Абгарэлыя трупы. Бацькі прыхіналі да сябе сваіх дзяцей. Людзі былі і ў цэнтры, і каля дзвярэй, але ім не ўдалося вырвацца з вогненнага палону.

Зняможаная Фаня вярнулася ізноў у суседнюю хату. Там яе засталі немцы. Дзяўчынку, аглушаную аўтаматнай чаргой, прыкмецілі.

— Ты адна тут? — спытаўся той, што гаварыў з моцным польскім акцэнтам.

— Адна.

— Дзе была?

— У полі, — Фаня не расказала, што тыя ў штацкім параілі ёй хавацца.

З немцамі быў шафёр. Гледзячы на дзяўчынку, ён пачаў прасіць, маўляў, каб не чапалі, каб аддалі яму, бо ён бяздзетны. Будзе жыць Фаня ў яго.

— Ты раненая? — запытаўся немец-паляк.

— А я і сама не ведала, якая я, — заўважае Фаіна Сяргееўна. — Ці то аглушаная была, ці то ў нейкім памутненні. Яны сказалі мне распрануцца. Агледзелі мяне. А той, што па-польску, і кажа: «45 гадоў мне, а такога цуду ні разу не бачыў. Чаргу пусціў — а ты цэлая». Ён нават Бога ўспомніў, паклаў аўтамат на падлогу. «Пойдзеш з шафёрам. Цяпер страляць я болей не буду». Той, што па-нямецку, нешта прамармытаў. Яны ўзялі больш-менш добрыя талеркі, і мы выйшлі.   У  машыне  я ся-

дзела разам з шафёрам. На яго шкляных вачах выступалі слёзы. Да нашых цел, пакуль ехалі, немцы прыставілі рулі пісталетаў, каб, калі што, страляць. А я не плакала ўжо. Мне не было страшна.

Далей Фаіну Анасовіч немцы адвезлі ў дзіцячы дом у Ілью. Праз дзень адтуль пад распіску яе забрала родная цётка Ганна. А праз месяц — цётка Кацярына Супрановіч з вёскі Рабунь. Яна была вельмі прагная, не пускала вучыцца ў школу. Фаіна пайшла ў калгас, а потым выйшла замуж за мясцовага хлопца Міколу.

Усё жыццё Фаіна Сяргееўна працавала ў сельскай гаспадарцы. Толькі цялятніцай была 20 гадоў. Анасовічы выгадавалі траіх дзяцей — Міхаіла, Наталлю і Таццяну. Дзецьмі Фаіна Сяргееўна вельмі ганарыцца, бо ўсе з адукацыяй, жывуць сем’ямі ў Вілейцы. У бабулі тры ўнукі і ўнучка, тры праўнучкі.

У Боркі, якія паўтарылі лёс Хатыні, мы паехалі разам з Фаінай Сяргееўнай, сынам Міхаілам і дачкой Наталляй. Сёння на месцы трагедыі ўсталяваны невялічкі мемарыял. На гранітнай пліце высечаны імёны і прозвішчы гаспадароў-аднавяскоўцаў з членамі сямей. Тэрыторыя прыбраная. Захаваўся нават каменны падмурак таго тока, дзе зажыва спалілі людзей.

— Дзякуй Богу, дачушка, ты прывезла мяне сюды. Нямоглая зусім, езджу ў Боркі, як толькі магчымасць надараецца. Як у апошні раз, — Фаіна Сяргееўна прыпыняецца ля невялічкага помніка. — Той Віктар Валчок, які з намі тады на полі быў, пайшоў у партызаны і загінуў. Адна я засталася з вогненнай вёскі.

— Фаіна Сяргееўна, а як жа ваш выратавальнік - шафёр?   —   цікаў-

люся.

— Я праз некаторы час дазналася, што ён быў сувязным партызанскага атрада. Ніякі ён не быў бяздзетны. Была сям’я, сыны. Яго расстралялі фашысты.

…Разам са сведкай ліхалецця мы ідзём па Борках. Ад вёскі, якая так і не паўстала з руін, нічога ўжо не засталося: кругом лес. Нават і дарога адзінай у былой вёсцы вуліцы цягам часу зарастае хмызняком. На месцы спаленых хат і гумнаў — невялічкія ўзгоркі. На іх растуць разлапістыя сосны, старыя акацыі, чаромхі, елкі.

Боркі памерлі 5 мая 1943 года.

НА ЗДЫМКАХ: Фаіна АНАСОВІЧ ля сваёй хаты ў Рабуні; ля мемарыяла ў Борках заўсёды жывыя кветкі; аб тым, што ў вёсцы зажыва спалілі 97 жыхароў, сведчыць такая вось шыльда на помніку.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter