Ежа волатаў

Славяне вельмі часта выкарыстоўвалі гарох у абрадах сямейнай і каляндарнай накіраванасці. Даволі пашыраным з’яўляецца матыў, калі ў песнях гарох называлі золатам. У казках гарохавая сцябліна расце аж да нябёсаў, а тых, хто здолее па ёй узлезці да самога Бога, чакае незлічонае багацце. Нездарма цара вялікага царства клічуць царом Гарохам. Ежай былінных волатаў таксама быў гарох.

Для забеспячэння дабрабыту і багацця на працягу ўсяго года ў славян гарох быў абавязковай ежай на калядныя святы і асабліва на Раство Хрыстова. У гэтыя святочныя дні ў хлеб запякалі некалькі гарошын. Лічылася: каму трапіць кавалак хлеба з гарохам, той будзе шчаслівым і багатым увесь год. Тая гаспадыня, якая на Раство сама з’есць некалькі гарошын і пачастуе сваіх курэй, забяспечыць сабе спакой: куры не будуць хадзіць і несціся на чужых падворках.  Тыя, хто трымаў у гаспадарцы коней, павінны былі на Каляды з’есці па лыжцы гароху, каб коні былі здаровыя і рухавыя. На Каляды руплівы гаспадар абсыпаў вуллі і сад гарохам, які застаўся ад вячэры, каб забяспечыць пладаноснасць пчол і ўраджай на садавіну.
А вось каб паспрыяць вялікаму ўраджаю гароху, трэба было ў калядную ноч пакачацца па нялушчаным гаросе, а тое зерне, якое вылушчылася, падкладвалі ў насенне, прыгатаванае для сяўбы.
Каб увесь год у хаце не пераводзіліся грошы, рабілі наступныя магічныя дзеянні: за каляднай вячэрай трэба было кінуць лыжку недаваранага гароху ў кут або  закапаць крыху гароху ў зямлю пад капеж з паўднёвага боку.
Самыя складаныя сэнсавыя праявы сімволікі гароху звязаны з перадшлюбным перыядам, вясельнай абраднасцю і забеспячэннем нараджэння дзяцей. Пасля вянчання маладую абсыпалі гарохам. А па колькасці гарошын, якія застануцца на адзенні, прадказвалі колькасць будучых дзяцей.
Аднак здарылася так, што гарох стаў адным з галоўных атрыбутаў пахавальна-памінальнай абраднасці. На Каляды гаспадар раскідваў гарох для душ памерлых, глядзеў у бок могілак і клікаў бацькоў за пачастункам. Для палягчэння агоніі пад галаву паміраючаму клалі гарохавую салому.
Гарох стаў амаль што асноўным атрыбутам і падчас выканання шэрагу магічных дзеянняў. Гарошыны, сабраныя з трох палеткаў, асвечаныя на Ушэсце, захаваюць хату ад дрэннага вока і чараўніцтва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter