Чаму дзесяткі перакладаў Новага Запавету на беларускую мову нельга было лічыць афіцыйнымі

Эталон веры на мове

Выданне 2017-га года можна лічыць эталонным.
Выданне Новага Запавету Госпада нашага Іісуса Хрыста на сучаснай беларускай мове — падзея доўгачаканая. Дагэтуль было зроблена шмат перакладаў, але ні адзін з іх нельга было лічыць афіцыйным. Пратаіерэй Сергій Гардун, які ўдзельнічаў у стварэнні кнігі, адказвае, чаму менавіта гэтае выданне трэба лічыць эталонным:

Сінагога і школа — не адно і тое ж

— Калі чвэрць стагоддзя таму мы прыступілі да працы, мы ведалі пра тыя пераклады, што існавалі. Яшчэ больш, за той час, што цягнулася наша работа, з’яўляліся і іншыя. Мы ўсе іх прачыталі, адзначаючы для сябе іх плюсы і мінусы. Кожны з гэтых перакладаў заслугоўвае ўвагі і сур’ёзнага аналізу.  Вось толькі некалькі прыкладаў, якія і даюць адказ, навошта быў патрэбны новы.

Святар расказвае, што пажаданні аб перакладзе Свяшчэннага Пісання пачалі выказвацца яшчэ ў 1913-м. Але палітычныя падзеі таго часу адклалі на некалькі гадоў гэтую справу. І першым, каму ўдалося гэта рэалізаваць, быў баптысцкі прасвітар Лукаш Дзекуць-Малей. Рэдагаваў яго тэкст перакладу вядомы культурны  і палітычны дзеяч Антон Луцкевіч. Вынікам іх сумеснай працы стала выданне ў 1931 годзе першага беларускага Свяшчэннага Пісання. Важна заўважыць, што на вокладцы быў змешчаны васьміканцовы крыж, з чаго можна зрабіць выснову, што гэтая кніга для праваслаўных чытачоў, а ніяк не для католікаў і пратэстантаў. Гэты варыянт перавыдаваўся шмат разоў, апошні — у 1991-м. Аднак трэба адзначыць, што нормам сучаснай літаратурнай мовы ён не адпавядае. Часам недакладны пераклад граматычных канструкцый перашкаджае яснаму разуменню сэнсу. Ёсць у гэтым перакладзе і сур’ёзныя лексічныя недахопы. Напрыклад, замест слова «сінагога» там ужываюць «школа». Ад такой блытаніны ў недасведчанага чытача можа ўзнікнуць думка, быццам Іісус быў школьным настаўнікам. Часам там ужывалі і старажытнабеларускія словы. Наогул няўстойлівасць у тэрміналогіі — слабае месца гэтага перакладу. Рэжуць вуха царкоўным людзям і аўтарскія неалагізмы. Ну і ўжо зусім нікуды не годны варыянт, калі замест «яўрэйскіх кушчэй» ужываюцца «кучкі», гэтае слова духавенства наогул лічыць вульгарызмам.

Паланізмам тут не месца

Варта ўзгадаць пераклады ксяндзоў Вінсэнта Гадлеўскага і Пятра Татарымовіча, якія ўбачылі свет крыху пазней. Галоўны іх недахоп — перанасычанасць паланізмамі. Напрыклад, наш «анёл» у іх «анел». Янка Станкевіч наогул пераклаў Свяшчэннае Пісанне не на агульнаўжывальную беларускую мову, а на тую, што прыдумаў сам. Ён нават імёны напісаў на свой манер.

Васіль Сёмуха і Анатоль Клышка зрабілі свае пераклады ўжо ў наш час. І яны выгадна адрозніваюцца ад папярэдніх. Гэта той выпадак, калі людзі так добра ведаюць сучасную мову, што амаль нідзе не падкапаешся. Хаця некалькі моўных нюансаў усё ж ёсць. Самы непрымальны — айца нябеснага перакладчыкі называюць «бацькам». Але галоўны недахоп гэтых прац не ў гэтым. У іх прапушчаны не толькі асобныя словы, але нават і сказы, што не дазваляе назваць пераклад дакладным.

Кранаць іншыя працы не мае сэнсу. Недахопы там падобныя. Сёння выданне 2017-га, над якім працавалі доўгія дваццаць пяць гадоў, прынята лічыць эталонным. Але гэта не значыць, што праца над ім скончана. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел упэўнены, што яно будзе ўдасканальвацца і далей. «Новы Запавет» на сучаснай беларускай мове выпушчаны тыражом 6 тысяч асобнікаў. З іх 500 — падарункавыя, у скураной вокладцы з залатым абрэзам.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter